Міхея 1 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Слова Гасподняе, якое было Міхею Марастыціну ў дні Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юдэйскіх, і якое адкрыта яму ў Самарыі і Ерусаліме.
 
Слова Госпада, што было да Міхея Морастытца, за часоў Ёатама, Ахаза і Езекіі, каралёў Юдэйскіх, у якім адчынена яму было аб Самарыі і Ерусаліме.

Слухайце ўсе народы, уважай, зямля і ўсё, што напаўняе яе! Хай будзе Гасподзь Бог сьведка супроць вас, Госпадзе зь сьвятога храма Свайго!
 
Слухайце ўсе народы, няхай слухае зямля і ўсё, што на ёй ёсьць, і няхай будзе Гаспод Бог сьветкаю супраць вас, Гаспод са сьвятое Сваёй сьвятыні.

Бо вось, Гасподзь выходзіць зь месца Свайго, сыдзе і наступіць на вышыні зямлі,
 
Бо вось Гаспод выйдзе са Свайго месца і, зыйшоўшы, будзе хадзіць па вышынях зямлі.

і горы растануць пад Ім, даліны распадуцца, як воск ад агню, як воды, што льюцца з урвішча.
 
І расплывуцца пад Ім горы, даліны распадуцца, як восы ад вагня, як воды, што ліюцца з гары.

Усё гэта — за грэшнасьць Якава, за грэх дому Ізраілевага. Ад каго грэшнасьць Якава? ці не ад Самарыі? Хто зладзіў вышыні ў Юдэі? ці не Ерусалім?
 
Усё гэта станецца за бязбожнасьць Якуба і за грахі Ізраільскага дому. Адуль-жа бязбожнасьць Якуба? Ці-ж не з Самарыі? Хто зрабіў вышыні ў Юдэі? Ці-ж не Ерусалім?

За што зраблю Самарыю грудай руінаў у полі, месцам пад разьвядзеньне вінаграду; скіну ў даліну каменьне яе і агалю асновы яе.
 
За гэта зраблю Самарыю кучаю каменьня, якія бываюць у полі, каля вінаградніка; паскідаю ў даліну ейнае каменьне і адчыню ейны грунт.

Усе балваны яе будуць разьбіты і ўсе любадзейныя дары яе спалены будуць агнём, і ўсіх ідалаў яе аддам на разбурэньне, бо зь любадзейных дароў яна рабіла іх; на любадзейныя дары яны і будуць абернуты.
 
І ўсе ейныя статуі будуць разбітыя, а ўсе яе дары — спаленыя вагнём, і зьнішчу ўсіх яе балваноў, бо з распуснай заплаты яна рабіла іх, дык на заплату распусты яны і будуць зужытыя.

За гэта я буду плакаць і галасіць, буду хадзіць як абрабаваны і аголены, выць, як шакалы, і плакаць, як страўсы,
 
Аб гэтым я буду плакаць і галасіць, ходзячы аграблены і голы, выць, як шакал і плакаць, як маладыя страусяняты,

бо балючае паражэньне яе, дайшло да Юды, дасягнула нават да брамы народу майго, да Ерусаліма.
 
бо нявылечаныя яе раны, бо дайшлі аж да Юды і дасягнулі да брамаў майго народу, да Ерусаліму.

Не абвяшчайце пра гэта ў Гэце, ня плачце там уголас; а ў селішчы Офра пакрый сябе попелам.
 
Не абвяшчайце аб гэтым у Гет і ня плачце гэтак голасна, але ў сялібе Офра пакрый сябе попелам.

Перасяляйцеся, жыхаркі Шафіра, сорамна аголеныя; не ўцячэ і тая, што жыве ў Цаане; плач у селішчы Эцаль ня дасьць вам спыніцца ў ім.
 
Перасяляйцеся жыхаркі Шафіра, сорамна заголеныя; не ўцячэ і жывучая ў Цане, плач у сялібе Эпэль ня дасьць вам затрымацца ў ім.

Бядуе па сваім дабры жыхарка Мароты, бо сышло бедства ад Госпада да брамы Ерусаліма.
 
Бядуе аб сваім дабры жыхарка Мароты, бо зыйшла бяда ад Госпада аж да брамы Ерусаліму.

Запрагай у калясьніцу борздых, жыхарка Лахіса; ты — пачатак грэху дачкі Сіёнавай, бо ў цябе паявіліся злачынствы Ізраіля.
 
Запрагай у воз хуткіх, жыхарка Лахысу, ты — пачатак граху дачкі Сыёну, бо ў цябе зьявіліся злачынствы Ізраіля.

Таму ты пасылаць будзеш дары ў Марэшэт-Гэт; але селішчы Ахзіва будуць падманам царам Ізраілевым.
 
Дзеля гэтага ты будзеш пасылаць дары ў Морошэт Гэт, але сялібы Ахзыва будуць ашуканствам для каралёў Ізраіля.

Яшчэ нашчадка прывядуць да цябе, жыхарка Марэша; ён пройдзе да Адалама, славы Ізраіля.
 
Яшчэ спадкаемцу прывяду да цябе, жыхарка Морэма. Прыйдзе аж да Одолам, славы Ізраіля.

Здымі зь сябе валасы, астрыжыся, смуткуючы па пяшчотналюбасных сынах тваіх; пашыры дзеля іх лысіну, як у лінялага арла, бо яны пераселены будуць ад цябе.
 
Здымі з сябе валасы і абстрыгіся, сумуючы аб любімых сынох тваіх. Пашыр лысіну тваю, як ліняючы арол, бо яны будуць пераселеныя ад цябе.