Міхея 7 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Гора мне! бо са мною цяпер — як пасьля збору летніх пладоў, як пасьля збору вінаграду: ніводнай ягадзіны на ежу, ні сьпелага плоду, якога жадае душа мая.
 
Гора мне, бо я як астаткі пасьля збору летніх пладоў, як пасьля збору вінаграда; ніводнай ягады да ежы, ані сьпелага плоду, якога пажадае мая душа.

Ня стала міласэрных на зямлі, няма праўдзівых сярод людзей; усе куюць змусты, каб праліваць кроў; кожны ставіць на брата свайго сетку.
 
Ня стала міласэрных на зямлі, няма шчырага паміж людзьмі; усе думаюць аб праліваньні крыві, кожны ловіць сеткаю свайго брата.

Рукі іхнія павернуты на тое, каб умець рабіць ліха; начальнік патрабуе дарункаў, і судзьдзя судзіць за хабар, а вяльможы выказваюць благія хаценьні душы сваёй і перакручваюць справу.
 
Рукі іх скіраваныя на тое, каб рабіць благое; начальнік патрабуе падаткаў, а судзьдзя судзіць за хабар, а магнаты выказываюць благія пажаданьні сваёй душы і псуюць справу.

Лепшы зь іх — як цёрн і справядлівы — горшы за калючы плот. Дзень узьвяшчальнікаў Тваіх, адведзіны Твае настаюць; сёньня спасьцігне іх бянтэжа.
 
Найлепшы з іх, як асот, а справядлівы горш цёрну; дзень прадвесьнікаў Тваіх, адведаньне Тваё наступнае; цяпер застае іх смута.

Ня верце сябру, не пакладайцеся на прыяцеля; ад той, што ляжыць на ўлоньні тваім, ахоўвай дзьверы вуснаў тваіх.
 
Ня верце прыяцелю, ня давярайце правадыру; ад лежачай на ўзлоньні тваім сьцеражы дзьверы вуснаў тваіх.

Бо сын ганьбуе бацьку, дачка паўстае супроць маці, нявестка — супроць сьвякрові сваёй; ворагі чалавека — хатнія ягоныя.
 
Бо сын не шануе бацькі, дачка паўстае супроць маці, нявестка супроць сьвякрухі, а непрыяцелям кожнага — хатнія яго.

А я буду глядзець на Госпада, спадзявацца на Бога выратаваньня майго: Бог мой пачуе мяне.
 
А я буду глядзець на Госпада, ад Бога буду я чакаць майго збаўленьня; Бог мой пачуе мяне.

Ня радуйся дзеля мяне, непрыяцелька мая! хоць я ўпаў, але ўстану; хоць я ў змроку, але Гасподзь сьвятло мне.
 
Не весяліся з мяне непрыяцелька мая, хаця я ўпаў, але ўстану; хаця я ў цемры, але Гаспод — сьвет для мяне.

Гнеў Гасподні я буду несьці, бо зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць справы маёй і ня ўчыніць суд над мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвятло, і я ўбачу праўду Ягоную.
 
Я буду несьці гнеў Госпада, бо я зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць маёй справы і ня выканае суд нада мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвет і я пабачу праўду яго.

І ўгледзіць гэта непрыяцелька мая, і сорам пакрые яе, якая казала мне: «дзе Гасподзь Бог твой?» Нагледзяцца на яе вочы мае, як яна будзе таптаная быццам бруд на вуліцах.
 
І пабачыць гэта няпрыяцелька мая і сорам пакрые яе гаворачую: — дзе ёсьць Гаспод Бог твой? Будуць мае вочы глядзець, як яна будзе таптанай, падобна гразі на вуліцах.

У дзень збудаваньня сьценаў тваіх — у гэты дзень аддаліцца вызначэньне.
 
У той дзень, калі пабудаваныя будуць сьцены твае, у той дзень далёка разыдзецца вырашэньне.

У той дзень прыйдуць да цябе з Асірыі і гарадоў Егіпецкіх, і ад Егіпта да ракі Еўфрата, і ад мора да мора, і ад гары да гары.
 
У той дзень будуць прыходзіць да цябе з Асырыі і з Эгіпскіх местаў і ад Эгіпту аж да ракі і ад мора да мора і ад гары да гары.

А зямля тая будзе пустыняю за віну жыхароў яе, за плады дзеяў іхніх.
 
А зямля тая будзе пустыняю за жыхароў сваіх, за плады іх учынкаў.

Пасьві народ Твой жазлом Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць самотна ў лесе сярод Карміла; хай пасьвяцца яны на Васане і Галаадзе, як у дні старадаўнія!
 
Пасьві народ Твой ляскаю Тваёю, авечак спадчыны Тваёй, што жывуць асобна ў лесе сярод Карміла; няхай пасьвяцца яны на Басане і Галаадзе, як у старыя дні.

Як у дні зыходу твайго зь зямлі Егіпецкай, яўлю яму дзівосныя дзеі.
 
Пакажу яму дзіўныя справы, як у тыя дні, калі ты выйшаў з Эгіпскай зямлі.

Убачаць гэта народы і пасаромеюцца пры ўсёй магутнасьці сваёй: пакладуць руку на вусны, вушы іх зробяцца глухімі;
 
Пабачаць гэта народы і засаромяцца, пры ўсёй сваёй магутнасьці: наложаць руку на вусны, а вушы іх аглохнуць,

будуць лізаць пыл, як зьмяя, як чэрві зямныя выпаўзуць яны з умацаваньняў сваіх; збаяцца Госпада Бога нашага, і збаяцца Цябе.
 
будуць лізаць пыл, як зьмяя, як земляныя чэрві выпаўзуць яны з ямаў сваіх, спалохаюцца Госпада Бога нашага і будуць баяцца цябе.

Хто Бог, як Ты, Які выбачаеш беззаконьне і не залічваеш злачынствы астатку спадчыны Тваёй? ня вечна гневаецца Ён, бо любіць літаваць.
 
Які-ж Бог ёсьць падобны Табе, які-б даровываў бязпраўе і праходзіў міма злачынстваў астаткаў Сваёй спадчыны. Ён ня гневаецца вечна, бо любіць міласэрдзьдзе.

Ён зноў умілажаліцца з нас, загладзіць беззаконьні нашыя. Ты ўкінеш у багну марскую ўсе грахі нашыя.
 
Ён ізноў зьмілуецца над намі, скасуе нашыя бязпраў’і і ўкіне ў марскую глыбіню ўсе нашыя грахі.

Ты явіш вернасьць Якаву, літасьць Абрагаму, якую з клятваю абяцаў бацькам нашым ад дзён першых.
 
Пакажашся праўдамоўным Якубу, а міласэрным — Абрагаму, як прысягнуў бацьком нашым, з даўных дзён.