Міхея 7 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка
Гора мне, бо сталася ў мяне, як пасля збору ўраджаю, як пасля збору вінаграду! Ані аднае ягады, каб з’есці, ані аднаго спелага плоду, якога прагне душа мая.
Гора мне, бо я як астаткі пасьля збору летніх пладоў, як пасьля збору вінаграда; ніводнай ягады да ежы, ані сьпелага плоду, якога пажадае мая душа.
Знік з зямлі богабаязны, і няма між людзьмі праўдзівага; усе без вынятку цікуюць на кроў, кожны ставіць сетку на брата свайго.
Ня стала міласэрных на зямлі, няма шчырага паміж людзьмі; усе думаюць аб праліваньні крыві, кожны ловіць сеткаю свайго брата.
На ліхоту рукі іх гатовыя; князь вымагае падарункаў, і суддзя судзіць за хабар, і магнат выказвае жаданне душы сваёй, скажае справу.
Рукі іх скіраваныя на тое, каб рабіць благое; начальнік патрабуе падаткаў, а судзьдзя судзіць за хабар, а магнаты выказываюць благія пажаданьні сваёй душы і псуюць справу.
Найлепшы з іх — як цярніна, і праўдзівы — як шып з агароджы; дзень вартаўнікоў Тваіх, час наведвання Твайго прыйшоў: цяпер апануе сорам іх.
Найлепшы з іх, як асот, а справядлівы горш цёрну; дзень прадвесьнікаў Тваіх, адведаньне Тваё наступнае; цяпер застае іх смута.
Не верце прыяцелю, не спадзявайцеся на блізкага, ды ад той, якая спіць у абдымках тваіх, сцеражы дзверы вуснаў сваіх;
Ня верце прыяцелю, ня давярайце правадыру; ад лежачай на ўзлоньні тваім сьцеражы дзьверы вуснаў тваіх.
бо сын зневажае бацьку, дачка працівіцца маці сваёй, нявестка — свекрыві сваёй: ворагі чалавеку — хатнія яго.
Бо сын не шануе бацькі, дачка паўстае супроць маці, нявестка супроць сьвякрухі, а непрыяцелям кожнага — хатнія яго.
А я буду выглядаць Госпада, буду чакаць Бога, Збаўцу майго; Бог мой выслухае мяне.
А я буду глядзець на Госпада, ад Бога буду я чакаць майго збаўленьня; Бог мой пачуе мяне.
Не цешся з мяне, непрыяцелька мая, што я ўпаў, я ўстану; калі сяджу ў цемры, то Госпад — святло маё!
Не весяліся з мяне непрыяцелька мая, хаця я ўпаў, але ўстану; хаця я ў цемры, але Гаспод — сьвет для мяне.
Мушу цярпець гнеў Госпада, бо зграшыў я супраць Яго, аж пакуль Ён не вырашыць справу маю і не правядзе суда нада мной; выведзе Ён мяне на святло, і ўбачу я справядлівасць Яго.
Я буду несьці гнеў Госпада, бо я зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць маёй справы і ня выканае суд нада мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвет і я пабачу праўду яго.
І калі ўбачыць гэта непрыяцелька мая — засаромеецца, яна бо казала мне: «Дзе Госпад, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яе; цяпер будзе яна стаптана, як смецце на вуліцах.
І пабачыць гэта няпрыяцелька мая і сорам пакрые яе гаворачую: — дзе ёсьць Гаспод Бог твой? Будуць мае вочы глядзець, як яна будзе таптанай, падобна гразі на вуліцах.
Прыйдзе дзень, калі будуць адбудаваны муры твае; у той дзень будуць пашыраны межы твае.
У той дзень, калі пабудаваныя будуць сьцены твае, у той дзень далёка разыдзецца вырашэньне.
У той дзень прыйдуць да цябе пражываючыя ад Асірыі аж да Егіпта і ад Егіпта аж да ракі, і ад мора аж да мора, і ад гары аж да гары.
У той дзень будуць прыходзіць да цябе з Асырыі і з Эгіпскіх местаў і ад Эгіпту аж да ракі і ад мора да мора і ад гары да гары.
А зямля будзе спустошана дзеля жыхароў яе і дзеля пладоў учынкаў іх.
А зямля тая будзе пустыняю за жыхароў сваіх, за плады іх учынкаў.
Пасві народ Твой кіем Тваім, статак спадчыны Тваёй, пражываючых самотна ў лесе сярод садоў; хай пасвяцца яны ў Басане і Галаадзе, як у дні даўнія.
Пасьві народ Твой ляскаю Тваёю, авечак спадчыны Тваёй, што жывуць асобна ў лесе сярод Карміла; няхай пасьвяцца яны на Басане і Галаадзе, як у старыя дні.
Як у дзень выхаду твайго з зямлі Егіпецкай, пакажу вам цуды.
Пакажу яму дзіўныя справы, як у тыя дні, калі ты выйшаў з Эгіпскай зямлі.
Убачаць гэта народы і засаромеюцца, нягледзячы на ўсю моц сваю, паложаць руку на вусны, вушы іх стануць глухімі;
Пабачаць гэта народы і засаромяцца, пры ўсёй сваёй магутнасьці: наложаць руку на вусны, а вушы іх аглохнуць,
будуць пыл лізаць, як той вуж, як паўзуны зямныя. Выйдуць, дрыжучы, з умацаванняў сваіх перад аблічча Госпада, Бога нашага, і будуць яны калаціцца і баяцца Цябе.
будуць лізаць пыл, як зьмяя, як земляныя чэрві выпаўзуць яны з ямаў сваіх, спалохаюцца Госпада Бога нашага і будуць баяцца цябе.
Які Бог падобны да Цябе, Які прабачае правіннасць і не абвінавачвае ў злачынстве астатак спадчыны Сваёй? Не трывае Ён навекі ў абурэнні Сваім, бо спагадны ў міласэрнасці Сваёй.
Які-ж Бог ёсьць падобны Табе, які-б даровываў бязпраўе і праходзіў міма злачынстваў астаткаў Сваёй спадчыны. Ён ня гневаецца вечна, бо любіць міласэрдзьдзе.
Ён злітуецца і пашкадуе нас, сатрэ правіннасці нашы і ўкіне ў глыбіню марскую ўсе грахі нашы.
Ён ізноў зьмілуецца над намі, скасуе нашыя бязпраў’і і ўкіне ў марскую глыбіню ўсе нашыя грахі.
Ты выявіш Тваю вернасць Якубу, міласэрнасць — Абрагаму, як прысягаў бацькам нашым у дні старадаўнія.
Пакажашся праўдамоўным Якубу, а міласэрным — Абрагаму, як прысягнуў бацьком нашым, з даўных дзён.