Міхея 5 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Цяпер надрэж сябе, дачка разні! Прыгатавана супраць нас аблога; дубцом будуць біць па сківіцы суддзю Ізраэля.
 
Цяпер зьбярыся ў палкі, дачка палкоў; аблажылі нас аблогаю, трысьцінаю будуць біць па твары ізраільскага судзьдзю.

І ты, Бэтлехэм, Эфрата, ці ж найменшы ты паміж мностваў Юды, бо з цябе для Мяне выйдзе Той, Хто стане Валадаром у Ізраэлі, і паходжанне Яго ад даўніх часоў, ад дзён спрадвечных.
 
Але ты, Бэтлеем Эфрата, хаця найменшы паміж юдзкімі тысячамі, з цябе аднак выйдзе Той, хто будзе Валадаром Ізраіля, а паходжаньне Яго здаўна, ад вечных дзён.

Таму Ён пакіне іх да часу, у якім народзіць Тая, Якая мае нарадзіць; і астатак братоў Яго вернецца да сыноў Ізраэля.
 
Дзеля гэтага Ён пакіне іх да часу, пакуль ня родзіць тая, што мае радзіць; тады вернецца да сыноў Ізраіля і астатак іхных братоў.

І Ён прыйдзе, і будзе пасвіць моцаю Госпада паводле велічы імя Госпада, Бога Свайго; і будуць жыць яны бяспечна, бо тады будзе Ён вялікі аж да краёў зямлі,
 
І стане Ён і будзе ў сіле Госпада і ў славе імя Госпада Бога Свайго і яны будуць жыць бязпечна, бо тады будзе Ён вялікім аж да граніцаў зямлі.

і будзе Ён супакоем. Калі асірыец уварвецца ў зямлю нашу і калі будзе хадзіць па палацах нашых, мы выставім супраць яго сем пастыраў і восем князёў з народа.
 
І будзе такі мір, што калі асырыйцы прыйдуць на нашую зямлю і калі патопчуць нашыя палацы, тады мы выставім супроць іх сем пастыраў і восем князёў.

І будуць яны пасвіць зямлю Асірыі мечам і зямлю Німрода — дзідамі; і Ён вызваліць ад асірыйца, калі ён уварвецца ў край наш і калі ўвойдзе ў межы нашы.
 
І будуць яны пасьвіць зямлю Асырыйскую мячом і зямлю Німрода ў граніцах іх і Ён збавіць асырыйцаў, калі тыя прыйдуць у нашую зямлю і калі ўступяць у нашыя граніцы.

І будзе рэшта Якуба сярод многіх народаў, як раса ад Госпада і як шчодры дождж на траву, якая не спадзяецца на чалавека, ані аглядаецца на сыноў чалавечых.
 
І будзе астатак Якуба сярод многіх народаў, сярод многіх плямёнаў, як раса ад Госпада, як дождж на траве і ён ня будзе залежаць ад чалавека і спадзявацца на сыноў Адамавых.

І рэшта Якуба будзе паміж народамі, паміж многімі плямёнамі, як леў сярод звяроў лясных і як ільвяня сярод статкаў авечых; ён, калі прыходзіць, і топча, і раздзірае, і няма такога, хто б уратаваў ад яго.
 
І будзе астатак Якуба паміж народамі, сярод многіх плямёнаў, як леў сярод лясных зьвяроў і як львінае шчанё паміж стада авец, якое калі выступіць, дык топча і ломіць і ніхто не ўратуе ад яго.

Падымецца рука твая над ворагамі тваімі, і ўсе непрыяцелі твае загінуць.
 
Падымецца рука твая над ворагамі тваімі і ўсе непрыяцелі твае будуць зьнішчаныя.

«І будзе ў той дзень — кажа Госпад, — Я вынішчу коней тваіх у цябе, і раструшчу калясніцы твае,
 
І будзе ў той дзень, гаворыць Гаспод: — зьнішчу коняў тваіх з пасярод цябе і сапсую вазы твае.

і зруйную гарады на зямлі тваёй, і развалю ўсе ўмацаванні твае,
 
Зьнішчу месты ў зямлі тваёй і зруйную гарады твае;

і забяру чараванні з рукі тваёй, і варажбітоў ужо не будзе ў цябе.
 
выгублю чарадзейства з пасярод цябе і ня будзе ў цябе варажбітоў;

І Я знішчу розныя выявы твае і камяні твае ў цябе, і не будзеш болей пакланяцца творам рук сваіх;
 
зьнішчу статуі і балваны з пасярод цябе і ня будзеш больш кланяцца рабоце тваіх рук;

Я павырываю ў цябе твае слупы і знішчу тваіх ідалаў
 
выкараню з пасярод цябе сьвятыя гаі і зьнішчу няпрыяцеляў тваіх.

І ў гневе і абурэнні здзейсню помсту над усімі народамі, якія былі непаслухмянымі Мне».
 
Так у гневе і абурэньні выканаю помсту над народамі, што былі непаслушныя.