Міхея 6 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Слухайце, што кажа Госпад: «Устань, судзіся на віду гор, і хай чуюць твой голас узгоркі!»
 
Слухайце, што гаворыць Гаспод: — устань, спрачайся з гарамі і няхай чуюць узгоркі твой голас.

Слухайце, горы, прысуд Госпадаў, і нахініце вушы, падваліны зямлі, бо Госпад судзіцца з народам Сваім, і Ізраэль будзе Ён вінаваціць.
 
Слухайце горы суд Госпада і вы, наймацнейшыя падставы зямлі, бо Гаспод вядзе спрэчку з народам сваім і з Ізраілям вядзе спор.

«Народ Мой, што Я зрабіў табе або чым угнявіў цябе? Адкажы Мне.
 
Народ мой! Што зрабіў Я табе і чым упрыкрыўся, адказывай мне.

Я вывеў цябе з зямлі Егіпецкай і з дому няволі вызваліў цябе, і паслаў перад табою Майсея, і Аарона, і Мірыям!
 
Я вывеў цябе з Эгіпскай зямлі і выкупіў цябе з дому нявольнікаў і паслаў перад табою Масея, Арона і Марыям.

Народ Мой, узгадай, прашу, што наважыў зрабіць Балак, цар Мааба, і што адказаў яму Балаам, сын Бэора? Што рабілася ад Сэтыма аж да Галгала, каб спазнаў ты справядлівасць Госпада!»
 
Народ мой, успомні цяпер, што задумываў Балак, Маабскі Кароль, і што адказаў яму Балаам, сын Бэора; успомні таксама, што дзеялася ад Сытыма да Галгала, каб пазнаць справядлівасьць Госпада.

«Што дастойнага маю ахвяраваць Госпаду, калі ўкленчу перад Богам Узвышнім? Ці ўскладу Яму ахвяру цэласпалення і маладых цялят?
 
Але гаворыш: — з чым зьяўлюся перад Госпадам і пакланюся Найвышэйшаму Богу. Зьявіцца мне перад Ім з цэлапальнай ахвярай з гадавымі цёлкамі?

Ці будуць падабацца Госпаду тысячы бараноў, многія тысячы ручаёў алею аліўкавага? Ці аддам я першароднага сына свайго за злачынства сваё, плод улоння майго за грэх душы маёй?»
 
Ці-ж можна дагадзіць Госпаду тысячамі авечак ці патокамі алею? Ці-ж аддам яму майго першака за злачынства маё і плод улоньня майго за грэх душы маёй?

Сказана было табе, чалавеча, што добрае і што патрабуе ад цябе Госпад: каб ты чыніў справядлівасць, і любіў міласэрнасць, і з пакораю хадзіў з Богам сваім.
 
Сказана табе, чалавек, што дабро і чаго патрабуе ад цябе Гаспод: дзеяць справядліва, любяць міласэрнасьць і пакорна хадзіць перад тваім Богам.

Голас Госпада прызывае горад — і той мудры, хто баіцца імя Твайго: «Слухайце, пакаленні і грамада горада!
 
Голас Госпада кліча да места, але растаропны сам аглядаецца на Тваё імя; слухайце ляску і Таго, хто паставіў яе.

Ці магу Я цярпець бат несправядлівы і эфу паменшаную, агідную?
 
Ці-ж не знаходзяцца і цяпер у доме бязбожнага нясправядлівыя скарбы і агідная зьменшаная мера.

Ці магу апраўдаць вагі бязбожныя і падманную вагу кашалька?
 
Ці-ж магу я быць чыстым з няправільнай вагою і сфальшаванымі адважнікамі ў торбе.

За тое, што асілкі яго перапоўненыя злачыннасцю, ды жыхары яго кажуць няпраўду, і язык іх у вуснах іх — здрадлівы.
 
Багацьці яго поўныя няпраўды і жыхары яго гавораць ману і язык іх манлівы ў вуснах іх,

Такім чынам, Я пачаў караць цябе, пустошыць цябе за твае грахі.
 
Дык і Я паражу цябе спусташэньнем за грахі твае.

Ты будзеш есці і не наясіся, і бруд будзеш адчуваць у нутры сваім. Ты будзеш хаваць і не зберажэш; і што захаваеш, Я аддам пад меч.
 
Ты будзеш есьці і ня будзеш сыты; пустата будзе ў тваім нутры; будзеш хаваць, але не ўхаваеш, а што ўхаваеш, тое перадам мячу.

Ты будзеш сеяць і не пажнеш, будзеш выціскаць аліву і не намажашся алеем, будзеш выціскаць вінаград і не будзеш піць віна.
 
Будзеш сеяць, але ня будзеш жаць; будзеш выціскаць аліўкі, але ня будзеш мазацца алеям; выцісьнеш вінаградны сок, але ня будзеш піць віна.

Захаваў ты загады Амры і ўсе ўчынкі дому Ахаба і кіраваўся радай іх — дык Я выдам цябе на спусташэнне і жыхароў тваіх — на пасмяянне: і будзеце вы несці ганьбу сярод народаў».
 
Захаваліся ў вас звычаі Амбрыя і ўсе справы дому Ахаба і паступаеце згодна з іх радамі, і я выдам цябе на спусташэньне і жыхароў тваіх на насьмешкі і вы будзеце насіць ганьбу Майго народу.