Міхея 3 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

І сказаў я: «Слухайце, князі Якуба і правадыры дому Ізраэля: ці ж не ваш абавязак ведаць закон?
 
І сказаў я: — слухайце, першыя ў Якуба і правадыры дому Ізраільскага: Ці-ж ня вам трэба ведаць праўду?

Але вы ў нянавісці маеце дабро і любіце зло. Здзіраеце з іх шкуры сілаю і цела ад касцей іх аддзяляеце».
 
А вы ненавідзіце добрае, а любіце благое; зьдзіраеце з іх скуру і мяса іх з касьцёў іх;

Яны ядуць цела народа Майго і здзіраюць шкуру з іх; і ламаюць косці іх, і крышаць, нібы сушанае мяса ў кацёл і нібы мяса ў сярэдзіну гаршка.
 
Ясьцё мяса Майго народу і зьдзіраеце з іх скуру, а косьці іх ламаеце і дробіце, як-бы ў гаршчок, а мяса як-бы ў кацёл.

Тады будуць яны прызываць Госпада, і Ён не выслухае іх, і схавае аблічча Сваё ад іх у той час дзеля ўчынкаў найгоршых, якіх яны дапусціліся.
 
І будуць яны клікаць да Госпада, але Ён ня выслухае іх і закрые сваё аблічча ад іх на той час, як яны робяць благія ўчынкі.

Вось што кажа Госпад пра прарокаў, якія зводзяць народ Мой, якія, калі маюць што пажаваць зубамі сваімі, абвяшчаюць супакой; і калі хто нічога не ўложыць у рот іх, абвяшчаюць вайну супраць таго:
 
Так гаворыць Гаспод аб тых прароках, якія ўводзяць у заблуд мой народ, якія, кусаючы зубамі, гавораць аб міры, а супроць таго, хто не кладзе ім нічога ў рот, абвяшчаюць вайну.

«Дзеля таго будзе вам ноч без бачання, і будзе вам цемра без прароцтва; і зойдзе сонца над тымі прарокамі, і цёмным стане дзень над імі.
 
Дзеля гэтага ноч будзе вам замест бачаньня і цемра замест варажбы, бо зойдзе сонца гэтым прарокам, а дзень сьцямнее ім.

І пасаромяцца прадказальнікі, і пасаромяцца варажбіты, і закрыюць вусны свае ўсе, бо не будзе адказу ад Бога».
 
І будуць сароміцца прадбачлівыя, а варажбіты будуць засаромленыя і зачыняць усе яны свае вусны, бо ня будзе адказу ад Госпада.

А я — поўны моцы Духа Госпадавага, справядлівасці і мужнасці, каб выяўляць Якубу злачынства яго і Ізраэлю — грэх яго.
 
Але я напоўнены сілы Духа Госпада, асуду і цьвёрдасьці, каб выказаць Якубу ягоныя злачынствы і Ізраілю — ягоны грэх.

Слухайце гэта, князі дому Якубава і суддзі дому Ізраэлева, якія паганіце справядлівасць ды крывіце ўсё простае,
 
Слухайце гэта, першыя дому Якуба і правадыры дому Ізраіля, што пагарджаеце справядлівасьцяй і выкрыўляеце ўсё простае,

якія на крыві будуеце Сіён і Ерузалім — на злачыннасці.
 
што ствараеце Сыён крывёю і Ерусалім няпраўдаю.

Князі яго судзяць за падарункі, і святары яго вучаць за плату, і прарокі яго прадказваюць за грошы ды спасылаюцца на Госпада, кажучы: «Ці ж няма Госпада паміж намі? Не спадуць на нас няшчасці».
 
Галовы ягоныя судзяць за падаркі і сьвятары ягоныя вучаць за заплату і ягоныя прарокі праракуюць за грошы, а між тым апіраюцца на Госпада, гаворачы: — Ці-ж не пасярод нас Гаспод? Не здарыцца з намі нічога благога.

Дзеля таго з-за вас Сіён будзе заараны, як поле, і, як куча камянёў, стане Ерузалім, і гара святыні будзе лясным узгоркам.
 
Дзеля гэтага, за вас, будзе загараны, як поле Сыён і Ерусалім зробіцца кучаю руінаў, а гара Божага Дому будзе парослым лесам узгоркам.