Міхея 3 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

І сказаў я: слухайце, галовы Якава і князі дома Ізраілевага: ці ж ня вам трэба ведаць праўду?
 
І сказаў я: — слухайце, першыя ў Якуба і правадыры дому Ізраільскага: Ці-ж ня вам трэба ведаць праўду?

А вы ненавідзіце добрае і любіце ліхое; лупіце зь іх скуру іхнюю і плоць з касьцей іхніх,
 
А вы ненавідзіце добрае, а любіце благое; зьдзіраеце з іх скуру і мяса іх з касьцёў іх;

ясьце плоць народу Майго і лупіце зь іх скуру іхнюю, а косьці іх ламаеце і крышыце як бы ў горшчык, і плоць — як бы ў кацёл.
 
Ясьцё мяса Майго народу і зьдзіраеце з іх скуру, а косьці іх ламаеце і дробіце, як-бы ў гаршчок, а мяса як-бы ў кацёл.

І будуць яны заклікаць да Госпада, але Ён не пачуе іх і схавае аблічча Сваё ад іх на той час, як яны зладзейнічаюць.
 
І будуць яны клікаць да Госпада, але Ён ня выслухае іх і закрые сваё аблічча ад іх на той час, як яны робяць благія ўчынкі.

Так казаў Гасподзь на прарокаў, якія ўводзяць у аблуду народ Мой, якія грызуць зубамі сваімі — і прапаведуюць мір, а хто нічога не кладзе ім у рот, супроць таго абвяшчаюць вайну.
 
Так гаворыць Гаспод аб тых прароках, якія ўводзяць у заблуд мой народ, якія, кусаючы зубамі, гавораць аб міры, а супроць таго, хто не кладзе ім нічога ў рот, абвяшчаюць вайну.

Таму ноч будзе вам замест уявы і цемра — замест прадказаньняў; зойдзе сонца над прарокамі і пацямнее дзень над імі.
 
Дзеля гэтага ноч будзе вам замест бачаньня і цемра замест варажбы, бо зойдзе сонца гэтым прарокам, а дзень сьцямнее ім.

І пасаромеюцца празорліўцы, і пасаромленыя будуць варажбіты, і замкнуць вусны свае ўсе яны, таму што ня будзе адказу ад Бога.
 
І будуць сароміцца прадбачлівыя, а варажбіты будуць засаромленыя і зачыняць усе яны свае вусны, бо ня будзе адказу ад Госпада.

А я напоўнены сілаю Духа Гасподняга, праўды і цьвёрдасьці, каб выказаць Якаву злачынства яго і Ізраілю — грэх ягоны.
 
Але я напоўнены сілы Духа Госпада, асуду і цьвёрдасьці, каб выказаць Якубу ягоныя злачынствы і Ізраілю — ягоны грэх.

Слухайце ж гэта, галовы дому Якаўлевага і князі дому Ізраілевага, якія грэбуюць правасудзьдзем і скрыўляюць усё простае,
 
Слухайце гэта, першыя дому Якуба і правадыры дому Ізраіля, што пагарджаеце справядлівасьцяй і выкрыўляеце ўсё простае,

будуюць Сіён крывёю і Ерусалім — няпраўдаю!
 
што ствараеце Сыён крывёю і Ерусалім няпраўдаю.

Галовы яго судзяць за дарункі і сьвятары яго вучаць за плату і прарокі яго прадказваюць за грошы, а тым часам абапіраюцца на Госпада, кажучы: «ці не сярод вас Гасподзь? Не спасьцігне нас бяда!»
 
Галовы ягоныя судзяць за падаркі і сьвятары ягоныя вучаць за заплату і ягоныя прарокі праракуюць за грошы, а між тым апіраюцца на Госпада, гаворачы: — Ці-ж не пасярод нас Гаспод? Не здарыцца з намі нічога благога.

Таму за вас Сіён узараны будзе як поле, і Ерусалім зробіцца грудай руінаў, і гара дома гэтага будзе лясістым пагоркам.
 
Дзеля гэтага, за вас, будзе загараны, як поле Сыён і Ерусалім зробіцца кучаю руінаў, а гара Божага Дому будзе парослым лесам узгоркам.