Данііла 1 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

На трэцім годзе цараваньня Ёакіма, цара Юдэйскага, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да Ерусаліма і атачыў яго аблогаю.
 
У трэці год панаваньня Яўхіма, караля Юдэйскага, прыйшоў Набухаданосар, кароль Бабілёну, да Ерусаліму і аблажыў яго.

І аддаў Гасподзь у рукі ягоныя Ёакіма, цара Юдэйскага, і частку посудаў Божага дома, і ён адправіў іх у зямлю Сэнаар, у дом свайго бога, і ўнёс гэты посуд у скарбніцу бога свайго.
 
І перадаў Госпад у ягоную руку Яўхіма, караля Юдэйскага, і частку начыньняў Дому Божага і ён завёз іх у зямлю Сэнаар, у дом свайго Бога і ўнёс гэтае начыньне ў скарбніцу бога свайго.

І сказаў цар Асфэназу, начальніку сваіх еўнухаў, каб ён з сыноў Ізраілевых, з роду царскага і княскага, прывёў
 
І загадаў кароль Асфэназу, начальніку скапцоў сваіх, каб той прывёў сыноў Ізраільскіх, з роду каралеўскага і княжага;

хлопчыкаў, у якіх няма ніякай цялеснай хібы, прыгожых сабою і цямных да ўсякай мудрасьці, і здатных да навук і кемлівых і здольных служыць у царскіх харомах, і каб навучыў іх кнігам і мове Халдэйскай.
 
юнакоў у якіх няма ніякай цялеснай заганы, прыгожых на выгляд і здольных да ўсялякай навукі і разумеючых навукі і разумных і здольных да службы ў каралеўскім палацы і да навукі хальдэйскай мовы і пісьма.

І прызначыў ім цар штодзённую ежу з царскага стала і віно, якое сам піў, і загадаў выхоўваць іх тры гады, па сканчэньні якіх яны меліся стаць перад царом.
 
І вызначыў ім кароль штодзённую ежу з свайго стала і віно, якое сам піў і загадаў гадаваць іх тры гады, пасьля зыходу іх, яны павінны былі зьявіцца да караля.

Сярод іх былі і зь Юдавых сыноў Данііл, Ананія, Місаіл і Азарыя.
 
Былі паміж імі з сыноў Юдэйскіх Даніла, Ананія, Місаіл і Азар.

І пераназваў іх начальнік еўнухаў — Данііла Валтасарам, Ананію Сэдрахам, Місаіла Місахам і Азарыю Аўдэнагам.
 
І назваў іх начальнік скапцоў: Данілу — Бальтазарам; Ананію — Садрахам; Місаіла — Місахам і Азара — Абдэнам.

Данііл паклаў сабе на сэрца не апаганьвацца прысмакамі з царскага стала і віном, якое п’е цар, і таму прасіў у начальніка еўнухаў, каб не апаганьвацца яму.
 
Даніла пастанавіў у сэрцы сваім не паганіцца ежаю з каралеўскага стала і віном, якое п’е кароль і дзеля гэтага прасіў начальніка скапцоў, каб яму не паганіцца.

Бог даў Даніілу ласку і добрую прыхільнасьць начальніка еўнухаў;
 
Бог дараваў Даніле ласку і любоў начальніка скапцоў

і начальнік еўнухаў сказаў Даніілу: «баюся я гаспадара майго, цара, які сам вызначыў вам ежу і пітво: калі ён убачыць вашыя твары худзейшымі, чым у хлопчыкаў, вашых равесьнікаў, дык вы зробіце галаву маю вінаватаю перад царом».
 
і начальнік скапцоў сказаў Даніле: — я баюся караля, майго пана, які сам вызначыў вам ежу і пітво; калі ён пабачыць, што вашыя твары худзейшыя, чым іншых юнакоў, якія гадуюцца з вамі, дык я адкажу за гэта, перад каралём, сваёй галавою.

Тады сказаў Данііл Амэлсару, якога начальнік еўнухаў прыставіў да Данііла, Ананіі, Місаіла і Азарыя:
 
Тады сказаў Даніла Амэльсару, якога начальнік скапцоў прыставіў да Даніла, Ананіі, Місаіла і Азара:

«зрабі выпрабаваньне рабам тваім: дзесяць дзён няхай даюць нам на ежу гародніну, а піць — ваду;
 
— зрабі дзесяцідзённае дасьветчаньне над слугамі тваімі: няхай даюць нам, як ежу — гародніну, а як пітво — ваду,

і потым няхай явяцца перад табою нашыя твары і твары тых хлопчыкаў, якія кормяцца царскаю ежаю, і потым рабі з тваімі рабамі, як убачыш».
 
потым прыгледзішся тварам нашым і тварам тых юнакоў, якія ядуць каралеўскую ежу, а тады рабі са слугамі тваімі, як будзеш бачыць.

Той паслухаўся іх у гэтым і выпрабоўваў іх дзесяць дзён.
 
Ён паслухаўся іх у гэтым і дасьветчываў іх дзесяць дзён.

А як прайшло дзесяць дзён, твары іх былі прыгажэйшыя, і зь цела яны былі здаравейшыя за ўсіх тых хлопчыкаў, якія карміліся царскімі прысмакамі.
 
Пасьля зыходу дзесяцёх дзён выявілася, што твары іх былі прыгажэйшыя, а целам яны былі тлусьцейшыя ад усіх тых юнакоў, якія карміліся з каралеўскага стала.

Тады Амэлсар забіраў іхнюю ежу і віно на пітво, а даваў ім гародніну.
 
Тады Амэлясар браў іх ежу і віно да піцьця і даваў ім гародніну.

І даў Бог чатыром гэтым падлеткам веданьне і разуменьне ўсякай кнігі і мудрасьці, а Даніілу яшчэ даў разумець і ўсякія ўявы і сны.
 
І дараваў Бог гэтым чатыром юнаком ваду і разуменьне кожнай кнігі і мудрасьці, а Даніле апрача гэтага дараваў разуменьне сноў і відзежаў.

Як мінуліся тыя дні, калі цар загадаў прывесьці іх, начальнік еўнухаў прывёў іх да Навухаданосара.
 
Пасьля зыходу тых дзён, калі кароль загадаў прывесьці іх, прывёў іх начальнік над скапцамі да Набухаданосара.

І цар гаварыў зь імі, і з усіх хлопчыкаў не знайшлося падобных на Данііла, Ананію, Місаіла і Азарыю, і пачалі яны служыць перад царом.
 
І кароль гаварыў з імі і з пасярод усіх не знайшлося падобных Даніле, Ананіі, Місаілу і Азару і пачалі яны служыць каралю.

І ў кожнай справе мудрага ўразуменьня, пра што ні пытаўся ў іх цар, ён знаходзіў іх у дзесяць разоў вышэй за ўсіх чарадзеяў і заклінальнікаў, якія былі ва ўсім яго царстве.
 
А ў кожнай справе мудрага разуменьня, аб чым-бы ня пытаў іх кароль, ён знаходзіў іх дзесяць разоў разумнейшымі ад усіх мудрацоў і вешчбітаў, якія былі ў ягоным каралеўстве.

І быў там Данііл да першага года цара Кіра.
 
І быў там Даніла да першага году караля Кіра.