Данііла 8 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
На трэці год цараваньня цара Валтасара явілася мне, Даніілу, уява пасьля той, якая явілася мне раней.
У трэці год панаваньня караля Бальтазара паказалася мне, Даніле, відзеж, пасьля тае, якая паказалася мне раней.
І бачыў я ва ўяве, — і калі бачыў, я быў у Сузах, прастольным горадзе ў акрузе Эламскай, — і бачыў я ва ўяве, як бы я быў каля ракі Улай.
І бачыў я ў відзежы, а калі бачыў, быў я ў Сузан, галоўным горадзе ў Эламскай акрузе, — і бачыў я ў відзежы, як-бы быў я каля ракі Улай.
Узьвёў я вочы мае і ўбачыў: вось, адзін баран стаіць каля ракі; у яго два рогі, і рогі высокія, але адзін вышэйшы за другі, і вышэйшы вырас пасьля.
Узьняў я вочы мае і пабачыў: вось адзін баран стаіць каля ракі; у яго два рагі, а гэныя два рагі былі высокія, а адзін як-бы вышэйшы ад другога, а вышэйшы вырас пазьней.
Бачыў я, як гэты баран бароў на захад і на поўнач і на поўдзень, і ніякі зьвер ня мог устояць супроць яго, і ніхто ня мог уратавацца ад яго; і ён рабіў, што хацеў і стаў велічны.
Бачыў я, як гэны баран бадаў на захад і на поўнач і на поўдзень і ніякі зьвер ня мог яму супроцьстаяць і ніхто ня мог уратаваць ад яго; ён рабіў, што хацеў і стаўся вялікім.
Я ўважліва глядзеў на гэта, і вось, з захаду ішоў казёл па ўлоньні зямлі, не дакранаючыся да зямлі; у гэтага казла быў відаць рог паміж яго вачамі.
Я ўважна глядзеў на гэта і вось з захаду йшоў казёл па абліччы ўсёй зямлі, не датыкаючы зямлі: у гэтага казла быў рог паміж ягонымі вачыма.
Ён пайшоў да таго барана, які меў рогі, якога бачыў я, як ён стаяў каля ракі, і кінуўся на яго ў моцнай лютасьці сваёй.
Ён пайшоў на таго барана, які меў рогі і якога я бачыў стоячага каля ракі і кінуўся на яго ў вялікай злосьці сваёй.
І бачыў я, як ён, дабегшы да барана, раз’ятрыўся на яго і ўдарыў барана і зламаў яму рогі; і ня стала сілы ў барана ўстояць супроць яго, і той паваліў яго на зямлю і патаптаў яго, і ня было нікога, хто мог бы адратаваць барана ад яго.
Бачыў я, як ён, наблізіўшыся да барана, раз’ярыўся на яго і ўдарыў барана і зламаў у яго абодвы рагі, і ня было ў барана сілы супроцьстаяць і кінуў яго на зямлю і патаптаў яго і ня было нікога, хто-б мог выратаваць барана з ягонай моцы.
Тады казёл над меру ўзьвялічыўся; але калі ён узмацніўся, дык зламаўся вялікі рог, і замест яго вырасьлі чатыры, павернутыя на чатыры вятры нябесныя.
Тады казёл вельмі ўзьвялічыўся, але калі ён узмацаваўся, дык зламаўся вялікі рог і на ягонае месца выйшлі чатыры, скіраваныя ў староны чатырох нябесных вятроў.
А з аднаго выйшаў малы рог, які нязвычайна вырас на поўдзень і на ўсход і да цудоўнай краіны,
З аднаго з іх выйшаў невялікі рог, які вельмі вырас на поўдзень і на ўсход і да прыгожай краіны,
і падняўся да войска нябеснага, і скінуў на зямлю частку гэтага войска і зорак і патаптаў іх,
і вырас аж да нябеснага войска і скінуў з гэнага войска і зораў частку на зямлю і патаптаў іх.
і нават падняўся на Правадыра таго войска, і адабрана была ў Яго штодзённая ахвяра, і паганьбавана было месца сьвятыні Ягонай,
Ён узьняўся, нават, да гэтмана гэтага войска і аднятая была ў Яго штодзённая ахвяра і закінута было месца Ягонай сьвятыні.
і войска аддадзена разам з штодзённаю ахвяраю за грэх, і ён, скідаючы ісьціну на зямлю, дзеяў і меў посьпех.
Таксама і гэнае войска пераданае было разам з штодзённай ахвярай за несправядлівасьць і ён, кідаючы праўду на зямлю, дзеяў і шчасьцілася яму.
І пачуў Я аднаго сьвятога, які гаварыў, і сказаў гэты сьвяты камусьці на пытаньне: «да якога часу сягае гэтая ўява пра штодзённую ахвяру і пра зьнішчальны грэх, калі сьвятыня і войска аддадзены на патаптаньне?»
І пачуў я аднаго сьвятога гаворачага і сказаў гэты сьвяты некаму, які пытаўся: — колькі часоў абымае гэтая відзеж аб штодзённай ахвяры і аб апусташаючай несправядлівасьці, калі сьвятыя і войска будуць патаптаныя?
І сказаў мне: «да двух тысяч трохсот вечароў і раніц; і тады сьвятыня ачысьціцца».
І сказаў мне: — дзьве тысячы трыста вечароў і раніцаў і тады сьвятыня ачысьціцца.
І было: калі я, Данііл, убачыў гэтую ўяву і шукаў сутнасьці яе, вось, стаў перад мною як бы воблік Мужа.
А калі я, Даніла, глядзеў на гэтую відзеж і шукаў ейнай разгадкі, тады стаў каля мяне, на выгляд, як муж.
І пачуў я ад сярэдзіны Улая голас чалавечы, які заклікаў і сказаў: «Гаўрыіле! растлумач яму гэтую ўяву!»
І пачуў я голас чалавечы з Улаю, які, клікнуўшы, сказаў: — Гаўрыла, вытлумач яму гэтую відзеж.
І ён падышоў туды, дзе я стаяў, і калі ён прыйшоў, я жахнуўся і ўпаў на аблічча маё; і сказаў ён мне: «ведай, сыне чалавечы, што пра часіну канца гэтая ўява!»
І ён падыйшоў да месца, дзе я стаяў і калі ён падыйшоў спужаўся я і ўпаў на аблічча маё і сказаў ён мне: — ведай, сын чалавечы, што відзеж у азначаным часе выпаўніцца.
І калі ён гаварыў са мною, я самлеў і ляжаў сваім тварам на зямлі; але ён дакрануўся да мяне і паставіў мяне на маё месца
І калі ён гаварыў са мною, я ляжаў бяз чуцьця на зямлі, але ён дакрануўся да мяне і паставіў мяне на месца маё
і сказаў: «вось, я адкрываю табе, што будзе ў апошнія дні гневу; бо пра часіну канца вызначанага часу гэтая ўява.
і сказаў: — вось я адчыняю табе, што будзе ў апошнія дні гневу, бо будзе канец азначанага часу.
Баран, якога ты бачыў з двума рагамі, гэта цары Мідыйскі і Персідскі.
Баран, якога ты бачыў, з двума рагамі — гэта каралі: Мідыйскі і Пэрскі.
А казёл кашлаты — цар Грэцыі, а вялікі рог, які паміж вачэй у яго, гэта — яе першы цар;
А гэны касматы казёл — гэта кароль Грэцкі, а вялікі рог паміж ягонымі вачыма, гэта першы кароль;
ён зламаўся, і замест яго вырасьлі іншыя чатыры: гэта — чатыры царствы паўстануць з гэтага народу, але не зь яго сілаю.
ён зламаўся і замест яго выйшлі чатыры рагі, гэта чатыры каралеўствы паўстануць з гэтага народу, але не з ягонай сілай.
А пад канец царства іх, калі адступнікі напоўняць меру беззаконьняў сваіх, паўстане цар нахабны і спрытны ў падступнасьці;
А пры канцы іхнага каралеўства, калі злачынцы выпаўняць злачынствы свае, устане кароль безсаромны і хітры;
і ўмацуецца сіла ягоная, хоць і не яго сілаю, і ён будзе чыніць дзівосныя спусташэньні і мець посьпех і дзеяць і губіць моцных і народ сьвятых,
і ўзмоцніцца ягоная сіла, хаця і не ягонай сілай, і ён будзе рабіць вялікія спусташэньні і будзе яму паводзіцца і дзеяць і губіць моцных і народ сьвятых.
і, пры яго розуме, падступнасьць будзе мець посьпех у руцэ ў яго, і сэрцам сваім ён узьнясецца і ў час міру загубіць многіх і супраць Уладара ўладароў паўстане, але будзе зламаны — ня рукою.
А пры ягоным розуме і хітрасьці будзе мець посьпех у руцэ яго і сэрцам сваім ён узвысіцца і ў мірны час шмат іх зьнішчыць і паўстане супроць Валадара валадароў, але будзе скрышаны — ня рукою.
А ўява пра вечар і раніцу, пра якую сказана, сапраўдная; але ты схавай гэтую ўяву, бо яна пра далёкія часіны».
Відзеж жа аб вечары і раніцы, аб якім сказана — сама праўда, але ты схавай гэную відзеж, бо спраўдзіцца за шмат часоў.
А я, Данііл, зьнямогся, і нядужыў некалькі дзён; потым устаў і пачаў займацца царскімі справамі; я вельмі зьдзіўлены быў уяваю гэтаю і не разумеў яе.
Тады я, Даніла, самлеў і хварэў некалькі дзён, потым устаў і займаўся каралеўскімі справамі і зьдзіўлены быў гэнай відзежай, аднак гэтага ніхто ня бачыў.