Данііла 7 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

У першы год Валтасара, цара Вавілонскага, бачыў Данііл сон і прарочыя ўявы галавы сваёй на сваім ложку. Тады ж ён запісаў гэты сон, сказаўшы самае сутнае.
 
У першы год Бальтазара, караля Бабілёнскага, Даніла бачыў сон і прарочыя відзежы на ложы сваім. Тады запісаў ён сон, вылажыўшы сутнасьць справы.

Данііл загаварыў і сказаў: бачыў я ў начной уяве маёй, і вось, чатыры вятры нябесныя ўдарылі на вялікае мора,
 
Гаворачы, Даніла сказаў: — бачыў я ў начной відзежы маёй — вось чатыры вятры нябесныя змагаліся на вялікім моры

і чатыры вялікія зьвяры выйшлі з мора, не падобныя адзін на аднаго.
 
і чатыры вялікія зьвяры выйшлі з мора, непадобныя адзін на аднаго.

Першы — як леў, а ў яго крылы арліныя; і вось вырвалі ў яго крылы, і ён быў падняты ад зямлі і пастаўлены на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае было дадзена яму.
 
Першы, як леў, але ў яго арлінныя крылы; я глядзеў пакуль ня былі ў яго вырваныя крылы і быў ён узьняты ад зямлі і стаў на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае дано было яму.

І вось, яшчэ зьвер, другі, падобны да мядзьведзя, стаяў на адным баку, і тры іклы ў яго ў пашчы, паміж зубамі ягонымі; яму сказана так: «устань, еж многа мяса!»
 
Потым яшчэ зьвер другі, падобны да мядзьведзя, стаяў з аднэй стараны і тры іколы ў роце яго, паміж зубамі яго. І гаварылі да яго: — устань, нажарыся досыць мяса.

Потым бачыў я: вось — яшчэ зьвер, як барс; на сьпіне ў яго чатыры птушыныя крылы, і чатыры галавы былі ў таго зьвера, і была яму дадзена ўлада.
 
Затым бачыў я — вось яшчэ зьвер, як леапард; на сьпіне ў яго чатыры птушыных крылы і чатыры галавы было ў гэтага зьвера і дана была яму ўлада.

Пасьля бачыў я ў начных уявах, і вось — зьвер чацьвёрты, страшэнны і жудасны і бязь меры моцны; у яго — вялікія жалезныя зубы; ён пажырае і трушчыць, а рэшту топча нагамі; ён адрозьніваўся ад усіх ранейшых зьвяроў, і дзесяць рагоў было ў яго.
 
Пасьля бачыў я ў начных відзежах, — вось зьвер чацьверты, страшны і вельмі моцны; у яго вялікія зялезныя зубы; ён жор і крышыў, а астачу таптаў нагамі. Ён рожны быў ад усіх іншых зьвяроў і было ў яго дзесяць рагоў.

Я глядзеў на гэтыя рогі, і вось, выйшаў паміж імі яшчэ адзін невялікі рог, а тры ранейшыя рогі былі з коранем вырваны перад ім, і вось, у гэтым розе былі вочы, як вочы чалавечыя, і вусны, якія гаварылі пагардліва.
 
Я глядзеў на гэтыя рогі і вось выйшаў паміж імі меншы рог і тры з ранейшых рагоў былі зломленыя перад ім і вось у гэтым розе былі вочы, падобныя вачом чалавечым і вусны, якія гаварылі гордыя словы.

Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі троны, і сеў Спрадвечны днямі; адзеньне на Ім было белае, як сьнег, і валасы на галаве Яго — як чыстая воўна, трон Яго — як вогненнае полымя, колы ў ім — палымяны агонь.
 
Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі пасады і сеў Старавечны; вопратка на ім была белая, як сьнег і валасы галавы яго, як чыстая воўна; пасад яго, як полымя вагністае, а колы яго, як палымеючы вагонь.

Агнявая рака плыла і праходзіла перад Ім; тысяча тысяч служылі Яму і цьма цьмоў стаялі перад Ім; судзьдзі селі, і разгарнуліся кнігі.
 
Вагністая рака выплывала і праходзіла перад Ім; тысяча тысячаў служыла Яму, а дзесяць тысячаў тысяч стаяла перад Ім; суд сеў і адчыніліся кнігі.

Бачыў я тады, што за маўленьне пагардлівых слоў, якія гаварыў рог, зьвер быў забіты на маіх вачах, і цела ягонае струшчана і аддадзена на спаленьне агню.
 
Бачыў я тады, што за гордыя словы, якія гаварыў рог, зьвер быў на вачох маіх забіты і цела ягонае было зьнішчанае і адданае на спаленьне вагнём.

І ў астатніх зьвяроў адабрана ўлада іхняя, і абсяг жыцьця дадзены ім толькі на час і на гадзіны.
 
І ў іншых зьвяроў была адабраная іх улада і час іхняга жыцьця быў ім даны да часу, да азначанага часу.

Бачыў я ў начных уявах, вось, з аблокамі нябеснымі ішоў як бы Сын Чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго.
 
Бачыў я ў начных відзежах, вось з хмарамі нябеснымі йшоў падобны да Сына чалавечага, дайшоў да Старавечнага і быў падведзены да Яго.

І Яму дадзена ўлада, слава і царства, каб усе народы, плямёны і роды служылі Яму; валадарства Ягонае — валадарства вечнае, яно ня мінецца, і царства Ягонае не разбурыцца.
 
І была Яму даная ўлада, слава і каралеўства, каб усе народы, плямёны і языкі служылі Яму; валадарства Яго — валадарства вечнае, якое не міне і каралеўства Ягонае не зруйнуецца.

Затрапятаў дух мой, Даніілаў, ува мне, у целе маім, і ўявы галавы маёй зьбянтэжылі мяне.
 
Устрывожыўся дух мой, у мяне — Даніле і відзеж галавы маёй спужала мяне.

Я падышоў да аднаго, што стаяў наперадзе, і спытаўся ў яго пра сапраўдную сутнасьць усяго гэтага, і ён пачаў гаварыць са мною і растлумачыў мне сэнс сказанага:
 
Тады я падыйшоў да аднаго з стоячых там і спытаўся яго аб значаньні ўсяго і вытлумачыў мне значаньне сказанага:

«гэтыя вялікія зьвяры, якіх чатыры, азначаюць, што чатыры царствы паўстануць зь зямлі.
 
гэтыя вялікія зьвяры, якіх чатыры, гэта чатыры каралі, якія паўстануць з зямлі.

Потым прымуць царства сьвятыя Ўсявышняга і будуць валодаць царствам вавек і вавекі вякоў».
 
Яны прымуць каралеўства сьвятых найвышэйшых месцаў і будуць валодаць каралеўствам на векі вякоў.

Тады пажадаў я дакладнага тлумачэньня пра чацьвёртага зьвера, які адрозьніваўся ад усіх і быў вельмі страшны, з зубамі жалезнымі і пазурамі меднымі, жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі,
 
Тады захацеў я мець вытлумачэньне аб чацьвертым зьверы, які быў іншы ад усіх і вельмі страшны, з зялезнымі зубамі і меднымі кіпцюрамі; які жор і крышыў, а астачы таптаў нагамі.

і пра дзесяць рагоў, якія былі на галаве ў яго, і пра другі, што зноў выйшаў, перад якім выпалі тры, — пра той самы рог, у якога былі вочы і вусны, што гаварылі пагардліва, і які з выгляду стаў большы за астатнія.
 
Таксама аб дзесяцёх рагох, якія былі ў яго на галаве і аб апошнім, перад якім выпалі тры, — аб тым самым розе, у якога былі вочы і вусны, якія гаварылі гордыя словы і які па выгляду зрабіўся большы ад іншых.

Я бачыў, як гэты рог вёў лаянку са сьвятымі і адольваў іх,
 
Я бачыў, як гэны рог змагаўся са сьвятымі і перамагаў іх,

пакуль ня прыйшоў Спрадвечны днямі, і суд дадзены быў сьвятым Усявышняга, і настаў час, каб царствам авалодалі сьвятыя.
 
пакуль не прыйшоў Старавечны і даны быў суд сьвятым найвышэйшых месцаў і наступіў час, каб гэтае каралеўства атрымалі сьвятыя.

Пра гэта ён сказаў: «зьвер чацьвёрты — на зямлі будзе чацьвёртае царства, якое адрозьніваецца ад усіх царстваў, яно будзе пажыраць усю зямлю, таптаць і трушчыць яе.
 
Аб гэтым ён сказаў: — чацьверты зьвер — чацьвертае каралеўства будзе на зямлі, іншае ад усіх іншых каралеўстваў, якое будзе жорці ўсю зямлю, таптаць і крышыць яе.

А дзесяць рагоў азначаюць, што з гэтага царства паўстануць дзесяць цароў, і пасьля іх паўстане іншы, не такі як ранейшыя, і зьнішчыць трох цароў,
 
А дзесяць рагоў значаць, што з гэнага каралеўства паўстане дзесяць каралёў і пасьля іх паўстане іншы, рожны ад папярэдніх і зьнішчыць трох каралёў.

і супроць Усявышняга будзе гаварыць словы і прыгнятаць сьвятых Усявышняга; нават задумае адмяніць у іх сьвяты і закон, і яны аддадзены будуць у руку яго да часу і часоў і паўчасу.
 
І будзе гаварыць словы супроць Найвышэйшага і прыгнятаць сьвятых Найвышэйшага; нават уздумае адмяніць у іх часы і законы і яны будуць пераданыя ў руку яго аж да часу і часоў і поў часу.

Потым засядуць судзьдзі і адбяруць у яго ўладу губіць і зьнішчаць да канца,
 
Потым засядзе суд і адбярэ ў яго ўладу губіць і нішчыць да канца,

а царства і ўлада і веліч царская ва ўсёй паднябеснай дадзена будзе народу сьвятых Усявышняга, царства Якога — царства вечнае, і ўсе ўладары будуць служыць і слухацца Яго».
 
каралеўства-ж і ўлада і каралеўская веліч у ўсім паднеб’і данае будзе народу сьвятых Найвышэйшага, каралеўства Якога — каралеўства вечнае і ўсе валадары будуць служыць і слухаць Яго.

Тут канец слова. Мяне, Данііла, моцна турбавалі развагі мае, і аблічча маё зьмянілася на мне; але слова я захаваў у сэрцы маім.
 
Цяпер канец слова. Мяне, Данілу, вельмі ўстрывожылі думкі мае і твар мой зьмяніўся на мне, але слова я захаваў у сэрцы маім.