Данііла 7 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка
У першы год цара Бабілонскага Балтасара меў Даніэль сон і бачанне ў галаве сваёй на сваім ложку; тады апісаў ён сон. Пачатак слоў, якія ён сказаў:
У першы год Бальтазара, караля Бабілёнскага, Даніла бачыў сон і прарочыя відзежы на ложы сваім. Тады запісаў ён сон, вылажыўшы сутнасьць справы.
Адказаў Даніэль, і так сказаў: «Бачыў я ў з’яве мне ноччу, і вось, чатыры вятры неба трывожылі Вялікае мора,
Гаворачы, Даніла сказаў: — бачыў я ў начной відзежы маёй — вось чатыры вятры нябесныя змагаліся на вялікім моры
і чатыры велізарныя звяры выходзілі з мора, розныя між сабой.
і чатыры вялікія зьвяры выйшлі з мора, непадобныя адзін на аднаго.
Першы падобны быў да львіцы і меў арліныя крылы; глядзеў я, пакуль не вырвалі яго крылы; і яго самога паднялі ўгару і паставілі, як чалавека, на ногі, і далі яму чалавечае сэрца.
Першы, як леў, але ў яго арлінныя крылы; я глядзеў пакуль ня былі ў яго вырваныя крылы і быў ён узьняты ад зямлі і стаў на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае дано было яму.
І вось, другі звер, зусім іншы, часткова падобны да мядзведзя, з аднаго боку падпёрты, і тры іклы былі ў пашчы яго і ў зубах яго; і так гаварылі да яго: “Падыміся! Жары многа мяса!”
Потым яшчэ зьвер другі, падобны да мядзьведзя, стаяў з аднэй стараны і тры іколы ў роце яго, паміж зубамі яго. І гаварылі да яго: — устань, нажарыся досыць мяса.
Потым я глядзеў, і вось, іншы звер, падобны да леапарда, і меў ззаду сябе чатыры птушыныя крылы; і звер гэты меў чатыры галавы; і яму была даручана ўлада.
Затым бачыў я — вось яшчэ зьвер, як леапард; на сьпіне ў яго чатыры птушыных крылы і чатыры галавы было ў гэтага зьвера і дана была яму ўлада.
Па гэтым глядзеў я ў начным бачанні, і вось, чацвёрты звер, страшны і дзівосны і вельмі дужы; меў ён вялікія жалезныя зубы; ён зжыраў, і знішчаў, і таптаў усё, што заставалася, нагамі сваімі; а адрозніваўся ён ад папярэдніх звяроў, якіх я бачыў, ды меў дзесяць рагоў.
Пасьля бачыў я ў начных відзежах, — вось зьвер чацьверты, страшны і вельмі моцны; у яго вялікія зялезныя зубы; ён жор і крышыў, а астачу таптаў нагамі. Ён рожны быў ад усіх іншых зьвяроў і было ў яго дзесяць рагоў.
Я прыглядаўся да рагоў, і вось, іншы малы рог вырас між імі, і тры першыя рогі былі перад ім вырваны; і вось, вочы ён меў на рагу сваім, падобныя да чалавечых вачэй, і вусны, якія гаварылі пыхліва.
Я глядзеў на гэтыя рогі і вось выйшаў паміж імі меншы рог і тры з ранейшых рагоў былі зломленыя перад ім і вось у гэтым розе былі вочы, падобныя вачом чалавечым і вусны, якія гаварылі гордыя словы.
Глядзеў я, аж пакуль не пастаўлены былі пасады і пакуль Спрадвечны не сеў. Шаты Яго былі белыя, як снег, і валасы на галаве Яго — як з чыстай воўны; пасад Яго — з агністага полымя, колы яго — палымнеючы агонь.
Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі пасады і сеў Старавечны; вопратка на ім была белая, як сьнег і валасы галавы яго, як чыстая воўна; пасад яго, як полымя вагністае, а колы яго, як палымеючы вагонь.
Ручай агню разліваўся ды выцякаў з твару Яго; тысячы тысяч служылі Яму, і дзесяць тысяч разоў па сто тысяч стаялі перад Ім: суд распачаўся, і кнігі былі раскрыты.
Вагністая рака выплывала і праходзіла перад Ім; тысяча тысячаў служыла Яму, а дзесяць тысячаў тысяч стаяла перад Ім; суд сеў і адчыніліся кнігі.
Глядзеў я тады дзеля гоману гучных моў, якія выдаваў гэты рог; і я ўбачыў, як забілі звера і цела яго было знішчана і аддадзена было на спаленне агнём;
Бачыў я тады, што за гордыя словы, якія гаварыў рог, зьвер быў на вачох маіх забіты і цела ягонае было зьнішчанае і адданае на спаленьне вагнём.
ад іншых звяроў была таксама аднята ўлада, і час жыцця быў вызначаны ім аж да гадзіны і хвіліны.
І ў іншых зьвяроў была адабраная іх улада і час іхняга жыцьця быў ім даны да часу, да азначанага часу.
Такім чынам, убачыў я ў начным бачанні: і вось, як быццам Сын Чалавечы прыйшоў на аблоках нябесных, і падышоў аж да Спрадвечнага, і паставілі Яго перад абліччам Яго;
Бачыў я ў начных відзежах, вось з хмарамі нябеснымі йшоў падобны да Сына чалавечага, дайшоў да Старавечнага і быў падведзены да Яго.
і даручана была Яму ўлада, і слава, і царства; і служылі Яму ўсе народы, пакаленні і мовы: улада Яго ёсць улада вечная, якая ніколі не спыніцца, і Валадарства Яго не будзе знішчана.
І была Яму даная ўлада, слава і каралеўства, каб усе народы, плямёны і языкі служылі Яму; валадарства Яго — валадарства вечнае, якое не міне і каралеўства Ягонае не зруйнуецца.
Дух мой устрывожыўся: я, Даніэль, напалоханы быў усім гэтым, і бачанні ў галаве маёй спужалі мяне.
Устрывожыўся дух мой, у мяне — Даніле і відзеж галавы маёй спужала мяне.
Падышоў я да аднаго з прысутных і хацеў дазнацца ад яго праўды аб усіх гэтых рэчах; ён прамовіў да мяне і выясніў мне сэнс гэтых рэчаў:
Тады я падыйшоў да аднаго з стоячых там і спытаўся яго аб значаньні ўсяго і вытлумачыў мне значаньне сказанага:
“Гэтыя чатыры вялікія звяры — гэта чатыры царствы, якія паўстануць з зямлі;
гэтыя вялікія зьвяры, якіх чатыры, гэта чатыры каралі, якія паўстануць з зямлі.
царства, аднак, атрымаюць святыя Бога Узвышняга і будуць утрымліваць царства ў векі вечныя”.
Яны прымуць каралеўства сьвятых найвышэйшых месцаў і будуць валодаць каралеўствам на векі вякоў.
Потым захацеў я дакладна даведацца пра чацвёртага звера, які моцна адрозніваўся ад усіх тых і страшным вельмі быў, у якога зубы з жалеза і кіпцюры медныя, які пажыраў, і знішчаў, і таптаў нагамі сваімі рэшткі,
Тады захацеў я мець вытлумачэньне аб чацьвертым зьверы, які быў іншы ад усіх і вельмі страшны, з зялезнымі зубамі і меднымі кіпцюрамі; які жор і крышыў, а астачы таптаў нагамі.
і пра дзесяць рагоў, якія меў на галаве, і пра іншы, які з’явіўся раней, чым упалі тры рогі, пра той рог, што меў вочы і вусны, якія гаварылі вялікія справы, ды які быў большы за астатнія.
Таксама аб дзесяцёх рагох, якія былі ў яго на галаве і аб апошнім, перад якім выпалі тры, — аб тым самым розе, у якога былі вочы і вусны, якія гаварылі гордыя словы і які па выгляду зрабіўся большы ад іншых.
Глядзеў я — і вось: рог гэты пачаў вайну са святымі і перамагаў іх,
Я бачыў, як гэны рог змагаўся са сьвятымі і перамагаў іх,
аж пакуль не прыйшоў Спрадвечны і не аказаў справядлівасць святым Узвышняга, і прыйшоў час, калі святыя атрымалі царства.
пакуль не прыйшоў Старавечны і даны быў суд сьвятым найвышэйшых месцаў і наступіў час, каб гэтае каралеўства атрымалі сьвятыя.
І ён сказаў так: “Чацвёрты звер — гэта чацвёртае царства будзе на зямлі, якое будзе большым за ўсе царствы, і яно праглыне ўсю зямлю, і стопча яе, і знішчыць.
Аб гэтым ён сказаў: — чацьверты зьвер — чацьвертае каралеўства будзе на зямлі, іншае ад усіх іншых каралеўстваў, якое будзе жорці ўсю зямлю, таптаць і крышыць яе.
Далей, дзесяць рагоў абазначаюць, што з царства будзе дзесяць цароў; і па іх будзе іншы, і ён будзе магутнейшы за ранейшых, і ўпакорыць трох цароў,
А дзесяць рагоў значаць, што з гэнага каралеўства паўстане дзесяць каралёў і пасьля іх паўстане іншы, рожны ад папярэдніх і зьнішчыць трох каралёў.
і будзе плявузгаць супраць Узвышняга, і святых Найвышэйшага будзе губіць, і задумае змяніць [святочныя] часы і закон, і святыя будуць выдадзены ў яго рукі аж да часу, часоў і палавіны часу;
І будзе гаварыць словы супроць Найвышэйшага і прыгнятаць сьвятых Найвышэйшага; нават уздумае адмяніць у іх часы і законы і яны будуць пераданыя ў руку яго аж да часу і часоў і поў часу.
і адбудзецца суд, і аднімуць яны яго ўладу, каб знішчыць яго і загубіць цалкам;
Потым засядзе суд і адбярэ ў яго ўладу губіць і нішчыць да канца,
царства ж, і ўлада, і магутнасць царстваў, што знаходзяцца пад усім небам, будуць аддадзены святому народу святых Найвышэйшага, царства Якога будзе вечным царствам, ды ўсе цары служыць Яму будуць і падпарадкоўвацца”».
каралеўства-ж і ўлада і каралеўская веліч у ўсім паднеб’і данае будзе народу сьвятых Найвышэйшага, каралеўства Якога — каралеўства вечнае і ўсе валадары будуць служыць і слухаць Яго.
Дасюль канец слова. Я, Даніэль, вельмі быў устрывожаны сваімі думкамі, і твар мой змяніўся на мне, слова ж захаваў я ў сваім сэрцы.
Цяпер канец слова. Мяне, Данілу, вельмі ўстрывожылі думкі мае і твар мой зьмяніўся на мне, але слова я захаваў у сэрцы маім.