Данііла 4 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Я, Набукаданосар, цешыўся супакоем у сваім доме і радасцю ў сваім палацы;
 
Я, Набухаданосар, жывучы ў супакоі ў доме маім і шчасна ў палацы маім,

Убачыў я сон, які мяне перапалохаў, і стрывожылі мяне думкі на маім ложку і з’явы ў маёй галаве.
 
меў сон, які спужаў мяне і думкі, якія я меў на ложы маім і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.

Ды выдаў я загад, каб прывялі да мяне ўсіх мудрацоў бабілонскіх, каб яны далі мне выясненне сну.
 
Дзеля [гэтага] быў мною выданы загад прывесьці да мяне Бабілёнскіх мудрацоў, каб яны вытлумачылі мне значаньне сну.

Тады з’явіліся прадказальнікі, варажбіты, халдэйцы, і астролагі; і расказаў я ім сон, і выяснення яго не далі мне;
 
Тады прыйшлі мудрацы і варажбіты, халдэі і вешчбіты; я расказаў ім сон, але яны не маглі вытлумачыць мне ягонае значэньне.

пакуль, на астатку, не з’явіўся да мяне Даніэль, які называецца паводле імя майго бога — Балтасар і які мае дух святых багоў у самім сабе. І расказаў я яму сон:
 
Нарэшце прыйшоў да мяне Даніла, імя якога Бальтазар — паводле імені майго бога і ў якіх дух сьвятога Бога. Яму расказаў я сон.

“Балтасару, кіраўніку прадказальнікаў, ведаю, што ты маеш у сабе дух святых багоў і што ніякая таямніца не робіць табе цяжкасці, вось з’явы майго сну, якія я ўбачыў, і дай мне яго выясненне!
 
Бальтазар, першы з пасярод мудрацоў! Я ведаю, што ў табе дух сьвятога Бога і ніякая тайніца не за цяжкая для цябе; вытлумач мне відзеж майго сну, які я бачыў і ягонае значэньне.

З’явы ў маёй галаве на маім ложку былі такія. Глядзеў я, і, вось, дрэва на сярэдзіне зямлі, і яго вышыня — велізарная.
 
Відзежы галавы маёй на ложы маім былі такія: вось я бачыў сярод зямлі вельмі высокае дрэва.

Дрэва вялікае і моцнае, і вышыня яго неба даставала; відаць яго было аж з усіх канцоў зямлі.
 
Вялікае было гэтае дрэва і моцнае; высата яго дасягала да неба і бачнае было да краёў усяе зямлі.

Лісты яго — найпрыгажэйшыя, і плады яго — шчодрыя, і давала яно ежу ўсім. Пад ім жылі палявыя звяры, і на яго галінах жылі птушкі паднебныя, і з яго кармілася ўсё жывое.
 
Галіны яго былі прыгожыя, а пладоў шмат і пожыў для ўсіх быў на ім; пад ім была цень палявому зьверу, а на ягоных галінах жылі птушкі нябесныя і ад яго кармілася ўсялякае стварэньне.

Глядзеў я ў з’явах у маёй галаве на маім ложку, і, вось, Вартуючы і Святы сышоў з неба.
 
І бачыў я ў відзежах галавы маёй, на ложы маім: вось зыйшоў з неба Вартаўнік і Сьвяты.

Закрычаў Ён голасна ды так казаў: “Ссячыце дрэва і абрэжце галіны яго, абтрасіце лісты і адкіньце плады яго. Хай звяры бягуць з-пад яго, і птушкі — з галінаў яго.
 
Голасна ўсклікнуўшы Ён сказаў: — зрубеце гэтае дрэва, абрубеце ягоныя галіны, абтрасеце лісьцьцё яго і раскідайце ягоныя плады; няхай разьбягуцца зьвяры з пад яго і птушкі з ягоных галінаў,

Але пень яго каранёў пакіньце ў зямлі і ў кайданах з жалеза і медзі сярод палявых траў, хай палівае яго раса з неба, і траву палявую хай дзеліць са звярамі дзікімі.
 
але галоўны карэнь яго пакіньце ў зямлі і няхай будзе ён зьвязаны зялезным і медным ланцугом і на палявой траве кропіцца нябеснай расою, а пасецца няхай на траве з палявымі зьвярамі.

Яго чалавечае сэрца хай зменіцца, і хай атрымае сэрца звярынае; і хай сем прамежкаў часу над ім праміне!
 
Няхай адымецца ад яго чалавечае сэрца, а будзе яму данае сэрца зьвярынае і пройдзе над ім сем часоў.

Па рашэнні Вартуючых такі ёсць дэкрэт, і справа вырашана Святымі, каб жывучыя ведалі, што Узвышні ёсць Валадар над людскім царствам, і можа яго даць, каму захоча, і можа паставіць над ім самага ўпакоранага з людзей”.
 
Загадам Вартаўніка азначана гэта і станецца паводле прыгавору Сьвятых, каб ведалі людзі, што Найвышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго таму, каму хоча і стаўляе над ім самога лядачага з людзей.

Гэта сон, які ўбачыў я, цар Набукаданосар. Такім чынам, ты, Балтасару, падай мне яго сэнс, бо ўсе мудрацы маёй зямлі не маглі мне выясніць; ты ж можаш, ёсць бо дух святых багоў у табе”».
 
Такі сон бачыў я, кароль Набухаданосар, а ты, Бальтазар, скажы мне значаньне, бо ніхто з мудрацоў у маім каралеўстве ня мог вытлумачыць ягонага значаньня, але ты можаш, бо Дух сьвятога Бога ў табе.

Тады Даніэль, які называўся Балтасар, трапіў на нейкі час у ашаламленне, і думкі яго трывожылі яго. Цар жа сказаў яму ў адказ: «Хай сон і выясненне яго не турбуюць цябе, Балтасару». Балтасар адказаў: «Гаспадару мой, а каб жа сон тычыўся тваіх ворагаў, а яго выясненне тваіх супраціўнікаў.
 
Тады Даніла, якому імя Бальтазар, задумаўся адну гадзіну і думкі ягоныя трывожілі яго. Кароль пачаў гаварыць і сказаў: — няхай ня трывожыць цябе сон і ягонае значаньне. — Бальтазар адказаў і сказаў: — Валадару мой, няхай споўніцца гэты на тых, якія цябе ненавідзяць, а на ворагаў тваіх ягонае значаньне.

Дрэва, якое ты ўбачыў, высокае і магутнае, вышыня якога даставала да неба, і што было бачным на ўсёй зямлі,
 
Вялікае і моцнае дрэва, якое ты бачыў, вышыня якога сягала неба і бачнае было па ўсёй зямлі.

і галіны яго найпрыгажэйшыя, і плады яго шчодрыя, і ежа для ўсіх на ім, пад якім жылі звяры палявыя і на галінах якога жылі паднебныя птушкі, —
 
На якім былі прыгожыя галіны і шмат пладоў і пожыў для ўсіх, пад якім жылі палявыя зьвяры і на галінах якога жылі птушкі нябесныя,

гэта ты, о цару, які вырас і стаў магутным, і веліч твая ўзрасла і дастала аж да неба, і валадарства тваё бачна аж на канцах свету.
 
Гэта ты — кароль, які ўзьвялічыўся і ўзмацаваўся, а велічыня твая ўзрасла і дасягла да неба і ўлада твая да канцоў зямлі.

Адносна ж таго, што цар убачыў Вартуючага і Святога, якія сыходзілі з неба і казалі: “Ссячыце дрэва і знішчыце яго; толькі пень яго каранёў пакіньце ў зямлі ў жалезных і медных кайданах сярод палявых траў; і хай яго палівае раса з неба, і хай мае ўдзел са звярамі дзікімі, аж пакуль не праміне над ім сем прамежкаў часу”, —
 
А што кароль бачыў Вартаўніка і Сьвятога, зыходзячага з неба, які сказаў: — зрубеце гэтае дрэва і зьнішчыце яго, толькі галоўны карэнь яго пакіньце ў зямлі і няхай будзе ён у зялезных і медных ланцугох крапіцца сярод палявой травы нябеснай расою, а з палявымі зьвярамі няхай пасецца, пакуль ня пройдзе сем часоў,

гэта ёсць выясненне, цару, і рашэнне Узвышняга, якое здзейсніцца на гаспадару маім, цару:
 
дык вось значаньне гэтага і вось пастанова Найвышэйшага, якая асягне валадара майго, караля:

і выганяць цябе з паміж людзей, і будзеш пражываць пасярод дзікіх звяроў, і, як валы, будзеш есці траву, і расой з неба будзеш праганяць смагу; таксама сем прамежкаў часу праміне над табой, пакуль не прызнаеш, што Узвышні ёсць Валадар над царствам людскім і даручае яго каму захоча.
 
адлучаць цябе ад людзей і будзеш ты жыць з палявымі зьвярамі і травою будзеш пасьціся, як вол, а раса нябесная будзе крапіць цябе, пакуль зыйдзе сем часоў над табою, пакуль пазнаеш, што Найвышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго, каму хоча.

Тое ж, што дадзена было распараджэнне, каб пакінуць пень каранёў яго, гэта значыць, дрэва пакінуць табе, царства тваё застанецца, калі прызнаеш уладу Неба.
 
А што загадана пакінуць галоўны карэнь дрэва, гэта значыць, што каралеўства тваё застанецца пры табе, калі пазнаеш, што нябёсы пануюць.

Дзеля таго, цару, прымі маю табе раду і выкупі грахі свае ўчынкамі справядлівымі і свае злачынствы — міласэрнасцю да ўбогіх: так можа тваё шчасце прадоўжыцца».
 
Дзеля гэтага, кароль, няхай спадабаецца табе мая рада: скасуй грахі твае праўдаю, а бязпраў’і твае міласэрдзьдзем да бедных. Вось чым можаш прадоўжыць свой супакой.

Усё гэта споўнілася на цару Набукаданосару.
 
Усё гэта збылося з каралём Набухаданосарам.

Па дванаццаці месяцах ён прагульваўся ў палацы царства Бабілонскага;
 
Пасьля зыходу дванацьцацёх месяцаў, прахаджываючыся на каралеўскім палацы ў Бабілёне,

і, гаворачы, сказаў цар: «Ці ж не гэта вялікі Бабілон, які я пабудаваў, як палац царскі, сілай магутнасці сваёй ды на славу гонару свайго?»
 
сказаў кароль: — Ці-ж гэта не вялікі Бабілён, які я збудаваў сілаю маёй моцы, каб быў сталіцаю каралеўства і на славу маёй велічы?

Калі яшчэ слова было на вуснах цара, пачуўся голас з неба: «Табе кажуць, цару Набукаданосару, цараванне тваё спынілася;
 
А калі гэтая мова была яшчэ ў вуснах караля, вось быў голас з неба: — гавораць табе, кароль Набухаданосар, каралеўства тваё адыйшло ад цябе.

і выдаляць цябе ад людзей, і пражываць будзеш сярод дзікіх звяроў, траву, як валы, будзеш есці; і праміне сем прамежкаў часу над табою, пакуль не прызнаеш, што Узвышні валадарыць над людскім царствам і дае яго каму захоча».
 
І адлучаць цябе ад людзей і будзеш ты жыць з палявымі зьвярамі, травою будзеш пасьціся, як вол і сем часоў пройдзе над табою, пакуль пазнаеш, што Навышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго, каму хоча.

Зараз жа споўнілася прадказанне пра Набукаданосара, і быў ён выгнаны ад людзей, і еў траву, як валы, і расою з неба наталялася цела яго, аж пакуль валасы не выраслі ў яго, як у арлоў, і ногці яго — як у птушак.
 
Зараз-жа споўнілася гэтае слова над Набухаданосарам, бо адлучаны ён быў ад людзей, еў траву, як вол, а нябесная раса крапіла ягонае цела, так што вырасьлі на ім валасы, як у льва, а кіпцюры, як у птушкі.

«Такім чынам, па вызначаных днях я, Набукаданосар, падняў вочы свае ў неба, і вярнуўся да мяне розум мой, і дабраславіў я Узвышняга ды Жывучага навечна праславіў я і ўхваліў, бо ўлада Яго ёсць улада вечная, і валадарства Яго — з пакалення ў пакаленне;
 
А пасьля зыходу гэных дзён, узьняў я, Набухаданосар, вочы ў неба і вярнуўся розум мой да мяне і багаславіў я Найвышэйшага, а Існуючага ўсхваліў і праславіў, якога валадарства — валадарства вечнае, а каралеўства яго ад народу да народу.

і ўсе жыхары зямлі нічога не значаць перад Ім: па Сваёй бо волі Ён распараджаецца як магуццямі неба, так і жыхарамі зямлі, і ніхто не пасупрацівіцца руцэ Яго ды не скажа Яму: “Што робіш?”
 
А ўсе жывучыя на зямлі нічога ня значаць. Паводле Сваёй волі паступае з нябесным войскам і жывучымі на зямлі і няма нікога, хто-б мог супроцьдзеяць яму і сказаць: — што робіш?

У той самы час вярнуўся да мяне розум мой, і на гонар царства майго і бляск мой вярнуўся ён да мяне; і магнаты мае, і намеснікі мае адшукалі мяне ды вярнулі мне царскую ўладу, ды далі мне яшчэ большую ўладу.
 
У той час вярнуўся да мяне розум мой і да славы каралеўства майго вярнулася аздоба і годнасьць мая; тады шукалі мяне князі і райцы мае, а [я] ўзмацаваўся на каралеўстве і веліч мая яшчэ больш узьвялічылася.

Такім чынам, зараз я, Набукаданосар, хвалю, і слаўлю, і ўзвялічваю Валадара Неба, бо ўсе Яго дзеянні ёсць праўда і дарогі Яго — справядлівасць, і тых, хто ўпадае ў пыхлівасць, можа Ён упакорыць».
 
Цяпер я, Набухаданосар, хвалю, вывышаю і слаўлю нябеснага караля, усе справы Якога праўдзівыя, а шляхі правільныя, а які можа зьнішчыць гордых.