Данііла 6 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
Заўгодна было Дарыю паставіць над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб яны былі ва ўсім царстве,
Спадабалася каралю Дарыю ўстанавіць над каралеўствам сто дваццаць намесьнікаў, каб яны былі ў усім каралеўстве,
а над імі трох князёў, — адзін зь якіх быў Данііл, — каб сатрапы давалі ім адказ, і каб цару ня было ніякага клопату.
а над імі трох князёў, з якіх адзін быў Даніла, каб намесьнікі давалі ім справаздачу, каб каралю ня было ніякай шкоды.
Данііл пераўзыходзіў астатніх князёў і сатрапаў, бо ў ім быў высокі дух, і цар задумваў ужо паставіць яго над усім царствам.
Даніла пераважаў гэных князёў і намесьнікаў, бо ў ім быў высокі дух і кароль думаў ужо ўстанавіць яго над цэлым каралеўствам.
Тады князі і сатрапы пачалі шукаць зачэпкі, каб абскаржыць Данііла ў кіраваньні царствам; але ніякай зачэпкі і пахібы знайсьці не маглі, бо ён быў верны, і ніякай пахібы альбо віны не аказвалася на ім.
Тады князі і намесьнікі пачалі шукаць прычыны абвінавачаньня супроць Данілы ў справах кіраваньня каралеўствам, аднак не маглі знайсьці прычыны, ані заганы, бо ён быў верным і ніякай заганы, ані віны ня было ў ім.
І гэтыя людзі сказалі: «не знайсьці нам зачэпкі супроць Данііла, калі мы ня знойдзем яе супроць яго ў законе ягонага Бога».
І сказалі гэтыя людзі: — не знайсьці нам прычыны супроць Данілы, хіба-што знойдзем супроць яго ў законе ягонага Бога.
Тады гэтыя князі і сатрапы падступіліся да цара і так сказалі яму: «цар Дарый, вавекі жыві!
Тады гэныя князі і намесьнікі прыйшлі да караля і сказалі яму: — кароль Дары, жыві вечна!
Усе князі царства, намесьнікі, сатрапы, дарадцы і ваеначальнікі згадзіліся паміж сабою, каб была зроблена царская пастанова і выдадзены загад, каб, хто трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека, акрамя цябе, цару, таго кінуць у львіную яму.
Усе князі каралеўства, намесьнікі, райцы і гэтманы нарадзілі, каб была зробленая каралеўская пастанова і выданы загад, каб кожны, хто на працягу дваццацёх дзён будзе прасіць якога-небудзь Бога ці чалавека, апрача цябе, — быў укінуты ў роў са львамі.
Дык вось, сьцьвердзі, цару, гэтую забарону і падпішы ўказ, каб ён быў нескасавальны, як закон Мідыйскі і Персідскі, і каб ён ня быў парушаны».
Дык зацьвердзь, кароль, гэтую пастанову і пісьмова апавесьці яе, каб яна ня была зьмененая, як закон Мідыйскі і Пэрскі, якія не зьмяняюцца.
Цар Дарый падпісаў указ і гэтую забарону.
Кароль Дары апавесьціў пісьмова гэтую пастанову.
А Данііл, калі даведаўся, што падпісаны такі ўказ, пайшоў у свой дом; а вокны ў сьвяцёлцы ягонай былі адчынены супроць Ерусаліма, і ён тры разы на дзень схіляў калені і маліўся свайму Богу і славіў Яго, як ён рабіў гэта і да таго.
Даніла, даведаўшыся, што падпісаны такі загад пайшоў у дом свой; вокны-ж у ягоным пакоі былі адчынены супроць Ерусаліму і ён тры разы ў дзень ставаў на калены і маліўся свайму Богу і славіў яго, як меў звычай рабіць раней.
Тады гэтыя людзі падсачылі і знайшлі Данііла, як ён маліўся і прасіў свайго Бога,
Тады гэныя людзі падглядзелі і, знайшоўшы Данілу на малітве і просячага свайго Бога,
потым прыйшлі і сказалі цару пра царскую забарону: «ці ня ты падпісаў указ, каб кожнага чалавека, які трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека акрамя цябе, цару, у львоўнік?» Цар адказаў і сказаў: «гэта слова цьвёрдае, як закон Мідзянаў і Персаў, што ня можа быць зьменены».
потым прыйшлі і сказалі каралю аб каралеўскім загадзе: — Ці-ж ня ты выдаў загад, каб кожны чалавек, які на працягу трыццацёх дзён будзе прасіць якога-небудзь бога ці чалавека, апрача цябе, быў укінуты ў роў са львамі? Кароль адказаў і сказаў: — запраўды так паводле Мідыйскага і Пэрскага права, якое не адмяняецца.
Тады адказвалі яны і сказалі цару, што «Данііл, які — з палонных сыноў Юдэі, не зважае ні на цябе, цару, ні на ўказ, табою падпісаны, а тры разы на дзень моліцца сваімі малітвамі».
Тады, адказываючы, сказалі каралю, што: — Даніла, што з палонных сыноў Юдэйскіх, не зварочывае ўвагі на цябе, кароль, ні на загад падпісаны табою, але тры разы ў дзень моліцца сваймі малітвамі.
Цар, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся і паклаў сабе на сэрца ўратаваць Данііла, і аж да захаду сонца вельмі намагаўся вызваліць яго.
Кароль пачуўшы гэта вельмі засумаваў і пастанавіў у сэрцы сваім уратаваць Данілу і аж да заходу сонца стараўся вызваліць яго.
А тыя людзі падступіліся да цара і сказалі яму: «ведай, цару, што паводле закона Мідзянаў і Персаў ніякая забарона або пастанова, зацьверджаная царом, ня можа быць зьменена».
Тыя-ж прыступілі аднак да караля і сказалі яму: — ведай кароль, што паводле Мідыйскага і Пэрскага права ніякае вырашэньне ці пастанова, зацьверджаная каралём, ня можа быць зьмененым.
Тады цар загадаў, і прывялі Данііла і ўкінулі ў львіную яму: пры гэтым цар сказаў Даніілу: «твой Бог, Якому ты заўсёды служыш, Ён выратуе цябе!»
Тады кароль загадаў, каб прывялі Данілу і ўкінулі ў роў са львамі, пры гэтым кароль сказаў Даніле: — Бог твой, якому ты ўсьцяж служыш выратуе цябе.
І прынесьлі камень і паклалі на атворыну ямы, і цар запячатаў яе сваім пярсьцёнкам і пярсьцёнкамі вяльможаў сваіх, каб нішто не перамянілася ў распарадзе пра Данііла.
Тады прынесены быў камень і паложаны на атворыну гэтага рову і кароль запячатаў яго сваім пярсьцёнкам, каб ня было зьмененае распараджэньне аб Даніле.
Пасьля цар пайшоў у свой палац, лёг спаць не вячэраўшы і нават не дазволіў уносіць яму ежу, і сон ня йшоў да яго.
Затым кароль пайшоў у свой палац, лёг спаць бяз вячэры, забараніў уносіць да яго ежу і сон адбег ад яго.
Раніцай цар устаў на сьвітаньні і пасьпешліва пайшоў да львоўніка
Раніцою-ж устаў кароль а сьвеце і пасьпешна пайшоў да рову з львамі
і, падышоўшы да рова, жаласным голасам клікнуў Данііла, і сказаў цар Даніілу: «Данііле, рабе Бога жывога! Бог твой, Якому ты заўсёды служыш, ці мог цябе ўратаваць ад ільвоў?»
і, падыйшоўшы да рову, жалезным голасам клікнуў Данілу і сказаў: — Даніла, слуга Бога жывога! Бог твой, якому ты ўсьцяж служыш, ці мог збавіць цябе ад львоў?
Тады Данііл сказаў цару: «цару, вавекі жыві!
Тады Даніла сказаў каралю: — кароль, жыві вечна!
Бог мой паслаў Свайго анёла і замкнуў пашчы львам, і яны не пашкодзілі мне, бо я быў перад Ім чысты, ды і перад табою, цару, я не зрабіў злачынства».
Бог мой паслаў свайго агнела і зачыніў пашчы ільвм і яны не пашкодзілі мне, бо я аказаўся перад ім чыстым, ды і перад табою я не зрабіў нічога благога.
Тады цар дужа ўзрадаваўся за яго і загадаў падняць Данііла зь ямы; і ніякай пашкоды ня знойдзена на ім, бо ён верыў у Бога свайго.
Тады кароль вельмі ўсьцешыўся з гэтага і загадаў выцягнуць Данілу з рову і быў Даніла выцягнуты з рову і не аказалася на ім ніякага пашкоджаньня, бо ён верыў у Бога свайго.
І загадаў цар, і прывялі тых людзей, якія абскардзілі Данііла, і ўкінулі ў львоўнік, як іх самых, так і дзяцей іхніх і жонак іхніх; і не дасталі яны яшчэ да дна ямы, як ільвы пахапалі іх і патрушчылі ўсе іх косьці.
І загадаў кароль, каб прывялі тых людзей, якія абвінавачылі Данілу і кінулі ў роў са львамі іх і дзяцей іхных і жонак іхных, і не дасягнулі яны яшчэ дна рову, як львы кінуліся на іх і пакрышылі іх косьці.
Пасьля таго цар Дарый напісаў усім народам, плямёнам і родам, што жылі на ўсёй зямлі: «няхай мір вам памножыцца!
Пасьля гэтага кароль Дары напісаў усім народам, плямёнам і языком, жывучым на ўсёй зямлі: — няхай павялічыцца ваш мір.
Мною даецца загад, каб у кожнай мясьціне майго царства трымцелі і баяліся перад Богам Даніілавым, бо Ён ёсьць Бог Жывы і Вечнаісны, і царства Яго нязьнішчальнае, і валадарства Яго бясконцае.
Выдаецца мною загад, каб у кожнай акрузе майго каралеўства дрыжэлі і баяліся Бога Данілы, бо Ён ёсьць Бог жывы і вечна трываючы і каралеўства Ягонае і ўлада бязконцая.
Ён выбаўляе і ратуе і ўчыняе цуды і азнакі на небе і на зямлі; Ён уратаваў Данііла ад ільвінае сілы».
Ён выбаўляе і ратуе і робіць цуды і знакі на небе і на зямлі, Ён выбавіў Данілу з моцы львоў.
І Данііл меў посьпех і ў цараваньне Дарыя і ў цараваньне Кіра Персідскага.
А Даніле шчасьліва паводзілся і за часу панаваньня Дарыя і за панаваньня Кіра Пэрскага.