Эклезіяста 1 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Слова Эклезіяста, сына Давідавага, цара ў Ерусаліме.
 
Словы Экклезіяста, сына Давыдавага, караля ў Ерусаліме.

Пустая марнасьць сказаў Эклезіяст, пустая марнасьць, — усё марнасьць!
 
Дарэмнасьць дарэмнасьцяў, сказаў Экклезіяст, дарэмнасьць дарэмнасьцяў — усё дарэмнасьць.

Якая карысьць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?
 
Якая карысьць чалавеку ад усяе ягонай працы, якую ён робіць пад сонцам?

Пакаленьне прыходзіць, і пакаленьне праходзіць, а зямля векавечна стаіць.
 
Людзкі род мінае, а другі прыходзіць, а зямля трывае вечна.

Сонца ўзыходзіць, і сонца заходзіць і сьпяшаецца ў месца сваё, дзе ўстае.
 
Сонца ўзыходзіць і сонца заходзіць і сьпяшаецца да месца свайго, скуль узыходзіць.

Вее вецер на поўдзень і на поўнач вяртаецца, віруе, віхурыцца веючы, і на шлях віраваньня вяртаецца вецер.
 
Ідзе вецер на поўдзень, пераходзіць на поўнач, круціцца на ходзе сваім і вяртаецца на кругі свае.

Рэкі ўсе ў мора плывуць, а мора не перапаўняецца; да месца таго, адкуль рэкі плывуць, вяртаюцца зноў, каб далей пацячы.
 
Усе рэкі цякуць у мора, але мора не перапаўняецца: яны варочаюцца да таго месца скуль выцякаюць рэкі, каб ізноў цячы.

Усё існае — поўніцца працай; ня можа ўсяго чалавек пакласьці на словы: не насыціцца бачаньнем вока; не напоўніцца слуханьнем вуха.
 
Усе рэчы ў працы: ня можа чалавек пераказаць усяго; не насыціцца вока бачаньнем, а вуха не напоўніцца слуханьнем.

Што было, тое і будзе; што рабілася, тое й рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма.
 
Што было, тое і будзе; а што цяпер робіцца, тое і будзе рабіцца, — няма нічога новага пад сонцам.

Бывае такое, пра што людзі кажуць: «Дзівіся, вось гэта новае»; але яно ўжо было спрадвеку, да нас.
 
Здараецца нешта аб чым гавораць: — глядзі вось гэта новае; але гэта ўжо было ў вякох, якія былі перад намі.

Няма памяці пра былое; ды і пра тое, што будзе, не застанецца згадкі між тымі, што прыйдуць пасьля.
 
Няма памяці аб мінулым, ды і аб тым, што будзе не застанецца памяці ў нашчадкаў, якія будуць пасьля.

Я, Эклезіяст, быў царом над Ізраілем у Ерусаліме.
 
Я, Экклезіяст, быў каралём над Ізраілям у Ерусаліме.

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб шукаць і дасьледаваць мудрасьцю ўсё, што пад небам робіцца: гэты прыкры занятак даў Бог сынам чалавечым, каб кіраваліся ім.
 
І пасьвяціў я сэрца маё таму, каб шукаць і дайсьці мудрасьцяй усё, што робіцца пад небам; гэты цяжкі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб яны мучыліся ім.

Я ўсе дзеі пабачыў, якія пад сонцам чыняцца, і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам!
 
Я бачыў усе справы, што робяцца пад сонцам і вось усё — дарэмнасьць і мучэньне духа.

Крывое ня выпрастаецца, і чаго няма, таго нельга зьлічыць.
 
Тое, што крывое, ня можа зрабіцца простым, а нястача нечага ня можа лічыцца.

Гаварыў я з сэрцам маім і сказаў: вось, узьвялічыўся я і здабыў мудрасьці болей за ўсіх, што былі да мяне над Ерусалімам, і сэрца маё шмат нагледзела мудрасьці ўсякай і ведаў.
 
Так думаў я ў сэрцы маім: — вось я ўзьвялічыўся і набыў мудрасьці больш за ўсіх, якія былі перада мною ў Ерусаліме, а сэрца маё дайшло да вялікай мудрасьці і веды.

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць уведаць, спасьцігнуць шаленства і неразумнасьць; спазнаў, што і гэта — пагоня за ветрам.
 
І пасьвяціў я сэрца маё таму, каб пазнаць мудрасьць і веду, шаленства і дурноту, але я пазнаў, што і гэта мучэньне духа;

Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль.
 
дзеля таго, што ў вялікай мудрасьці шмат суму, а хто павялічывае веду — павялічывае тугу.