Эклезіяста 12 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
І памятай Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйшлі цяжкія дні і гады не насталі, пра якія ты будзеш казаць: «няма мне ад іх асалоды!»,
Памятай Стварыцеля твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль не прыйшлі цяжкія дні і не наступілі гады, аб якіх ты будзеш казаць: няма мне прыемнасьці ў іх,
пакуль не патухлі сонца, і сьвятло, і месяц, і зоркі і не насунуліся новыя хмары пасьля дажджу.
пакуль не сьцямнее сонца і сьвет і месяц і зоркі, і не надыйшлі новыя хмары ўсьлед за дажджом.
У той дзень, калі задрыжаць тыя, што дом ацаляюць, і сагнуцца мужы сілы; і перастануць малоць тыя, што мелюць, бо няшмат ужо іх засталося; і зацьмяцца тыя, якія глядзяць у акно;
У той дзень, калі задрыжаць пільнуючыя дом і схіляцца мужы сілы; і перастануць малоць мелячыя, дзеля таго, што іх няшмат засталося і зяцямняцца выглядаючыя вокнамі;
і замыкацца будуць дзьверы на двор; калі аціхне гул жорнаў, і будзе ўставаць чалавек на пеўнеў крык, і замоўкнуць дочкі пяяньня;
і зачыняцца будуць дзьверы на вуліцу; калі сьціхне гук жорнаў і чалавек будзе ўставаць паводле крыку пеўня і сьціхнуць сьпяваючыя дачкі;
і вышыні іх будуць палохаць, і на дарозе жахі; і міндаль зацьвіце, і ў траве зьнярухомее конік, і рассыплецца каперс, — бо адыходзіць чалавек у вечны свой дом, і гатовыя абступіць яго плакальшчыцы на дарозе;
нават высокія месцы будуць ім страшныя і будуць баяцца на дарозе; калі ж зацьвіце мікдальнае дрэва і ацяжэе саранча і міне яго пожадзь; бо адыходзіць чалавек у вечны дом свой і гатовы акружыць яго на вуліцы галасільніцы, –
пакуль не парваўся срэбраны ланцужок, і не разьбілася залатая чаша, і не разьбіўся збанок ля крыніцы, і не абвалілася кола над студняй.
пакуль не парваўся сярэбраны ланцужок і не парвалася залатая пярэвязь і не разьбіўся збан ля крыніцы і не абвалілася кола над студняю.
І вернецца тло ў зямлю, чым і было яно; і вернецца дух да Бога, Які даў яго.
І вернецца пыл у зямлю, як быў перад гэтым, а дух вернецца да Бога, Які даў яго.
Наймарнейшая марнасьць, сказаў Эклезіяст, усё — марнасьць!
Дарэмнасьць дарэмнасьцяў, сказаў Экклезіяст, усё дарэмнасьць.
Акрамя таго, што Эклезіяст быў мудры, ён вучыў яшчэ народ ведам. Ён усё выпрабоўваў, дасьледаваў і склаў многа выслоўяў.
Апрача таго, што Экклезіяст быў мудры, ён вучыў яшчэ народ веды. Ён усё разважаў, разсьледаваў і злажыў шмат прыказак.
Стараўся Эклезіяст вышукваць зграбныя выслоўі і словы праўды напісаў слушна.
Стараўся Экклезіяст дабіраць прыгожыя словы і словы праўды напісаныя ім праўдзівыя.
Словы мудрых — што іголкі, як убітыя цьвікі, і складальнікі іх — ад адзінага пастыра.
Словы мудрых — як голкі і як убітыя цьвякі, і складальнікі іх ад аднаго пастыра.
А што звыш усяго гэтага, сыне мой, таго асьцерагайся: складаць многа кніг — канца ім ня будзе, і многа чытаць — стамляецца цела.
Што-ж больш гэтага, сын мой, таго сьцеражыся: складаць шмат кнігаў ня будзе канца, і шмат чытаць — цяжка для цела.
Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым — усё.
Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і пільнуйся Ягоных запаветаў, бо ў гэтым усё для чалавека;
Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое.
бо кожны ўчынак і ўсё тайнае ці добрую ці благую рэч, Бог прывядзе на суд.