Эклезіяста 5 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
Ня будзь на язык надта борзды, і сэрца тваё хай ня будзе сьпяшацца сказаць перад Богам слова, таму што Бог на небе, а ты на зямлі! Таму слова тваё хай ашчаднае будзе.
Не сьпяшайся языком тваім і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымаўляць слова перад Богам, бо Бог знаходзіцца на небе, а ты на зямлі, дзеля гэтага няхай будзе мала тваіх словаў.
Бо як сны бачацца ад вялікае працы, так голас дурнога пазнаецца па пустаслоўі.
Бо як сны прыходзяць ад мноства клопатаў, так голас дурнога пазнаецца па многіх словах.
Калі даеш абяцаньне Богу, не замаруджвай выконваць яго, бо ня мае Ён упадабаньня да неразумных: што абяцаўся — зрабі.
Калі даеш абяцаньне Богу, дык не адвалакай выкананьня яго, бо Яму не падабаюцца дурныя. Што абяцаў выканай.
Лепей табе не абяцацца, чым абяцаць і не зрабіць.
Лепш не абяцаць, чым абяцаць і не выканаць.
Не дазваляй тваім вуснам уводзіць у грэх тваё цела і не кажы перад анёлам Божым: «гэта — памылка!» Навошта табе, каб загневаўся Бог на слова тваё і зруйнаваў дзеі рук тваіх?
Не дазваляй вуснам тваім уводзіць у грэх тваё цела і не гавары перад ангелам — гэта памылка. Пашто табе гневаць Бога сваім словам, каб Ён зьнішчыў-бы справу тваіх рук.
Бо ў мроіве сноў, як і ў мроіве слоў — марнасьці шмат; а ты бойся Бога.
Бо ў мностве сноў, як і ў мностве словаў шмат дарэмнасьці, але ты бойся Бога.
Калі ты ўбачыш у якім-небудзь краі ўціскі беднаму і парушэньне суду і праўды, дык ня зьдзіўляйся з гэтага, бо за высокім назірае вышэйшы, а над імі яшчэ вышэйшы;
Калі ты пабачыш у нейкай краіне прыгнёт бедных і парушэньне суду і справядлівасьці, дык ня дзівіся гэтаму, бо над высокім наглядае вышэйшы, а над гэтым самы высокі;
а найвышэйшасьць краіны ёсьць цар, які дбае за ўсю краіну.
перавагу-ж мае краіна, кароль якой дбае аб краіну.
Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, ня мае карысьці зь яго. І гэта — марнасьць!
Хто любіць серабро, той не насыціцца серабром, а хто любіць багацьце, ня будзе мець з гэтага карысьці. І гэта дарэмнасьць.
Калі множыцца маёмасьць, множацца і тыя, што яго спажываюць; і якая карысьць яго ўласьнікам: хіба толькі сваімі вачмі сузіраць?
Дзе шмат маемасьці, там шмат тых, хто з яе карыстае. Які-ж з гэтага пажытак для валадальніка: хіба толькі глядзець на гэта сваімі вачыма.
Салодкі сон у таго, хто працуе, ці мала ён есьць, а ці многа; а сытасьць багатаму спаць не дае.
Салодкі сон працоўнага ці зьесьць ён шмат ці мала, але сытасьць багатага не дае яму заснуць.
Ёсьць нядоля балючая, якую я пад сонцам бачыў: багацьце, якое ўласьнік пільнуе на шкоду сабе.
Ёсьць цяжкая бяда, якую я бачыў пад сонцам: багацьце заховыванае валадальнікам яго на шкоду яму.
І гіне багацьце яго ад няшчасных выпадкаў: нарадзіў ён сына, а нічога няма ў руках у яго.
Бо гіне такое багацьце ад няшчасных выпадкаў, а сын, якога спладзіў, ня будзе мець нічога ў рукох сваіх.
Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такі і адыдзе, якім прыйшоў, і нічога ня возьме ад працы сваёй, што мог бы панесьці ў руцэ сваёй.
Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такім адыходзіць і нічога ня возьме са сваёй працы, што мог-бы панесьці ў руцэ сваёй.
І гэта нядоля балючая: які ён прыйшоў, такі адыходзіць. Якая ж карысьць яму, што працаваў ён на вецер?
А і гэта таксама цяжкая бяда, што якім прыйшоў такім і адыходзіць. А якая-ж карысьць, што ён працаваў на вецер?
А да таго ўсе дні свае еў ён у цемры, у вялікай дакуцы, скрусе й маркоце.
А ён усе дні свае еў у поцемках, з вялікім клопатам, раздражненьнем і болем.
Вось яно, што я добрага і прыемнага бачыў: есьці і піць і добрае бачыць ва ўсёй сваёй працы, якую ён робіць пад сонцам ва ўсе дні свайго веку, якія даў яму Бог; бо гэта — ягоная доля.
Вось яшчэ, што я знайшоў добрага і прыемнага: есьці і піць і цешыцца дабром з усіх працаў сваіх, якія чалавек робіць пад соцнам у ўсе дні свайго жыцьця, якія даў яму Бог, бо гэта ягоны ўдзел.
І калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў яму ўладу іх спажываць і браць сваю частку ад працы сваёй, дык гэта — дар Божы.
А калі якому-небудзь чалавеку Бог даў багацьце і маемасьць і даў яму магчымасьць карыстацца з іх і браць свой удзел і цешыцца з працы сваёй, дык гэта дар Божы.
Ня многа бо дзён жыцьця свайго мецьме на памяці; таму яго Бог адарае радасьцю сэрца ягонага.
Ня доўга будуць у яго ў памяці дні ягонага жыцьця, дзеля гэтага Бог і ўзнагараджае ягонае сэрца радасьцяй.