Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Экклезіяста 5 Кніга Экклезіяста 5 разьдзел

1 Не сьпяшайся языком тваім і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымаўляць слова перад Богам, бо Бог знаходзіцца на небе, а ты на зямлі, дзеля гэтага няхай будзе мала тваіх словаў.
2 Бо як сны прыходзяць ад мноства клопатаў, так голас дурнога пазнаецца па многіх словах.
3 Калі даеш абяцаньне Богу, дык не адвалакай выкананьня яго, бо Яму не падабаюцца дурныя. Што абяцаў выканай.
4 Лепш не абяцаць, чым абяцаць і не выканаць.
5 Не дазваляй вуснам тваім уводзіць у грэх тваё цела і не гавары перад ангелам — гэта памылка. Пашто табе гневаць Бога сваім словам, каб Ён зьнішчыў-бы справу тваіх рук.
6 Бо ў мностве сноў, як і ў мностве словаў шмат дарэмнасьці, але ты бойся Бога.
7 Калі ты пабачыш у нейкай краіне прыгнёт бедных і парушэньне суду і справядлівасьці, дык ня дзівіся гэтаму, бо над высокім наглядае вышэйшы, а над гэтым самы высокі;
8 перавагу-ж мае краіна, кароль якой дбае аб краіну.
9 Хто любіць серабро, той не насыціцца серабром, а хто любіць багацьце, ня будзе мець з гэтага карысьці. І гэта дарэмнасьць.
10 Дзе шмат маемасьці, там шмат тых, хто з яе карыстае. Які-ж з гэтага пажытак для валадальніка: хіба толькі глядзець на гэта сваімі вачыма.
11 Салодкі сон працоўнага ці зьесьць ён шмат ці мала, але сытасьць багатага не дае яму заснуць.
12 Ёсьць цяжкая бяда, якую я бачыў пад сонцам: багацьце заховыванае валадальнікам яго на шкоду яму.
13 Бо гіне такое багацьце ад няшчасных выпадкаў, а сын, якога спладзіў, ня будзе мець нічога ў рукох сваіх.
14 Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такім адыходзіць і нічога ня возьме са сваёй працы, што мог-бы панесьці ў руцэ сваёй.
15 А і гэта таксама цяжкая бяда, што якім прыйшоў такім і адыходзіць. А якая-ж карысьць, што ён працаваў на вецер?
16 А ён усе дні свае еў у поцемках, з вялікім клопатам, раздражненьнем і болем.
17 Вось яшчэ, што я знайшоў добрага і прыемнага: есьці і піць і цешыцца дабром з усіх працаў сваіх, якія чалавек робіць пад соцнам у ўсе дні свайго жыцьця, якія даў яму Бог, бо гэта ягоны ўдзел.
18 А калі якому-небудзь чалавеку Бог даў багацьце і маемасьць і даў яму магчымасьць карыстацца з іх і браць свой удзел і цешыцца з працы сваёй, дык гэта дар Божы.
19 Ня доўга будуць у яго ў памяці дні ягонага жыцьця, дзеля гэтага Бог і ўзнагараджае ягонае сэрца радасьцяй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Экклезіяста, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.