1 Добрае імя лепшае ад каштоўнай масьці і дзень сьмерці ад дня нараджэньня.
2 Лепш хадзіць у дом плачу, чым у дом бяседы, бо там бачыш канец кожнага чалавека, а жывы прыложыць гэта да свайго сэрца.
3 Сум лепшы ад сьмеху, бо пры суме аблічча палепшываецца сэрца.
4 Сэрца мудрых у доме плачу, а сэрца дурных у доме вясельля.
5 Лепш слухаць абвінавачваньне мудрага, чым песьні дурнога;
6 бо сьмех дурнога — тое самае, што трэск гальля цёрну пад катлом. І гэта дарэмнасьць.
7 Прыгнятаючы іншых мудры робіцца дурным, а дары асьляпляюць сэрца.
8 Канец справы лепшы, чым пачатак; чалавек цярплівы лепшы, чым горды.
9 Ня будзь у духу тваім хуткі да гневу, бо гнеў спачывае ў сэрцах дурных.
10 Не кажы: — чаму гэта ранейшыя дні былі лепшыя за цяперашнія, бо ня з мудрасьці ты пытаеш гэта.
11 Мудрасьць добрая пры маемасьці і карысная тым, хто бачыць сонца,
12 бо ў цяні мудрасьці, як у цяні серабра адпачывае чалавек, але перавага мудрасьці ў тым, што мудрасьць дае жыцьцё тым, хто ёю валодае.
13 Прыгледзься Божым учынкам, бо хто можа выпраставаць тое, што зрабіў крывым?
14 У добры час карыстайся дабром, а ў благі час раздумывай: і адно і другое зрабіў Бог па тое, каб чалавек нічога ня мог даведацца таго, што будзе пасьля яго.
15 Усяго нагледзеўся я ў надарэмныя дні мае: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожнік доўга жыве ў сваёй злосьці.
16 Ня будзь занадта суровы, ані занадта мудрым: пашто табе губіць сябе?
17 Не аддавайся граху і ня будзь шалёным: пашто табе паміраць не ў свой час?
18 Добра, калі ты будзеш трымацца аднаго і не адымаць рукі ад другога, дзеля таго, што той, хто баіцца Бога, унікне ўсяго гэтага.
19 Мудрасьць робіць мудрага сільнейшым за дзесяць валадароў, якія ёсьць у месьце.
20 Запраўды няма справядлівага чалавека на зямлі, які-б рабіў дабро і не грашыў.
21 Дзеля гэтага не зварочывай увагі на кожнае сказанае слова, каб не пачуць, як слугі блага гавораць аб табе,
22 бо тваё сэрца ведае шмат выпадкаў, калі і ты сам блага гаварыў аб іншых.
23 Усё гэта я выпрабаваў мудрасьцяй і сказаў: — буду мудрым; але мудрасьць далёка ад мяне.
24 Далёка тое, што было і глыбока, — хто гэта знойдзе.
25 Зьвярнуўся я сэрцам маім да таго, каб знайсьці і пазнаць і дасьлежаваць мудрасьць і розум і пазнаць бязбожнасьць, дурноту, няведы і шаленства;
26 і знайшоў я, што жанчына горш сьмерці, бо яна — сетка, а сэрца яе — сіло, а рукі яе — путы. Добры перад Богам збавіцца ад яе, а грэшнік будзе ёю злоўлены.
27 Вось гэта знайшоў я, сказаў Экклезіяст, дасьледуючы адно за другім.
28 Чаго яшчэ шукала мая душа і чаго я не знайшоў? Мужчыну ад тысячы я знайшоў, але жанчыны паміж усімі я не знайшоў.
29 Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека добрым, а людзі скіраваліся за рожнымі думкамі.
30 Хто можа зраўняцца з мудрым? а хто можа вытлумачыць кожную рэч.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Экклезіяста, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.