1 Сказаў я ў сэрцы сваім: — дай выпрабую цябе ў вясельлі, ужываючы добрыя рэчы, але і гэта дарэмнасьць.
2 Аб сьмеху сказаў я: — дурнота; а аб вясёласьці: — што яна робіць.
3 Падумаў я ў сэрцы маім цешыць віном цела маё, між тым як сэрца маё кіравалася мудрасьцяй, трымацца дурноты, пакуль не пабачу, што добра для сыноў чалавечых, што павінны былі-б яны рабіць пад небам у нямногія дні свайго жыцьця.
4 Я прадпрыняў вялікія справы: пабудаваў сабе дамы, насадзіў сабе вінаграднікі.
5 Парабіў сабе сады і гаі і пасадзіў у іх усялякія пладовыя дрэвы.
6 Парабіў сабе ставы для навадняньня з іх гаёў у якіх растуць дрэвы.
7 Набыў сабе слугаў і служанак і меў хатніх у хаце маёй, да гэтага стады буйнага і дробнага быдла былі ў мяне вялікшыя, чым у ўсіх, якія былі перадамною ў Ерусаліме;
8 Сабраў сабе серабро і золата і каштоўнасьці ад каралёў і краінаў; завёў таксама сабе сьпявакоў і сьпявачак і ўпрыемненьні сыноў чалавечых — музычныя прылады.
9 І стаўся я вялікім і багатым больш чым усі, якія раней мяне [жылі ў] Ерусаліме, а мудрасьць знаходзілася са мною.
10 Чаго-б не пажадалі мае вочы, я не адмаўляў ім, не забараняў сэрцу майму ніякага вясельля, дзеля таго, што сэрца маё радавалася з усялякай працы маёй і гэта было маім удзелам у працы маёй.
11 Калі-ж я аглянуўся на ўсе справы мае, якія выканалі рукі мае, і на працу, якую ўлажыў робячы іх: вось усё дарэмнасьць і мучэньне духа і няма ад іх карысьці пад сонцам.
12 І аглянуўся я, каб прыгледзецца мудрасьці і шаленству і дурноце, бо што можа зрабіць чалавек, які будзе пасьля караля, апрача таго, што ўжо зроблена.
13 І пабачыў я, што мудрасьць карысьнейшая ад дурноты, так як сьвет карысьнейшы ад цемры.
14 Мудры мае вочы ў галаве сваёй, а дурны ходзіць у цемры, аднак я пазнаў, што аднолькавы лёс чакае іх усіх.
15 Дзеля гэтага я сказаў у сэрцы маім: — і мяне спаткае такі-ж лёс, як і дурнога, пашто-ж я зрабіўся вельмі мудрым. Дзеля гэтага сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта дарэмнасьць;
16 бо мудрага таксама ня будуць памятаваць вечна, як і дурнога. У будучых днёх усё будзе забыта і мудры памрэ нароўні з дурным.
17 Дзеля гэтага абрыдла мне жыцьцё, бо пачалі мне падабацца ўсе справы, якія робяцца пад сонцам, бо ўсё дарэмнасьць і мучэньне духа.
18 Нават абрыдла мне праца мая, якую я рабіў пад сонцам, бо павінен буду яе пакінуць чалавеку, які будзе пасьля мяне.
19 І хто ведае мудры ён будзе, ці дурны? Ён аднак будзе распараджацца усёй працай маёй, якую я рабіў і якой выказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта ўсё дарэмнасьць.
20 І зьвярнуўся я да таго, каб адрачыся ад усяе працы, якую я рабіў пад сонцам.
21 Запраўды, не адзін чалавек працуе мудра і з посьпехам і павінен аддаць усё чалавеку не працаваўшаму, як бы ягоную частку. І гэта дарэмнасьць і вялікае зло.
22 Бо што будзе мець чалавек ад усяе працы сваёй і высілку свайго сэрца, якія ён рабіў пад соцнам?
23 Дзеля таго, што ўсе дні яго — гора, а ягоная праца — клопат; нават уначы сэрца ягонае ня знае супакою. І гэта дарэмнасьць.
24 Не ў чалавечай уладзе і тое дабро, каб есьці, піць і цешыць душу сваю ад працы сваёй. Я пабачыў, што і гэта з Божай рукі,
25 бо хто можа есьці і цешыцца бяз яго?
26 Бо чалавеку, які добры перад абліччам Яго, Ён дае мудрасьць і веду і радасьць, а грэшніку дае клопат зьбіраць і грамадзіць, каб пасьля аддаць добраму перад абліччам Божым. І гэта дарэмнасьць і мучэньне духа.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Экклезіяста, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.