Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Экклезіяста 8 Кніга Экклезіяста 8 разьдзел

1 Мудрасьць чалавека асьвятляе ягонае аблічча і зьмяняе яго суровасьць.
2 Я раджу: — каралеўскі загад выконывай, дзеля прысягі перад Богам.
3 Не сьпяшайся адыходзіць ад ягонага аблічча і не трывай у ўпоры. Бо ён можа зрабіць усё, што захоча.
4 Дзе каралеўскае слова, там улада, а хто скажа яму: — што робіш?
5 Хто пільнуе запаветы, той не дазнае зла: сэрца мудрага знае час і закон;
6 бо для кожнай рэчы ёсьць свой час і закон, а чалавеку вялікая бяда ад гэтага,
7 што ён ня знае, што будзе, бо хто-ж хоча абвесьціць яму, калі мае нешта стацца.
8 Чалавек ня мае ўлады над духам, каб утрымаць дух і няма ў яго ўлады над днём сьмерці і няма збаўленьня ў гэтым змаганьні і бязбожнага ня выратуе бязбожнасьць.
9 Усё гэта я бачыў і скіраваў сваё сэрца на ўсялякую справу пад сонца. Бывае час, калі чалавек пануе над чалавекам, на шкоду яму.
10 Бачыў я тады, што хавалі бязбожных і прыходзілі і адыходзілі ад сьвятога месца і аб іх забываліся ў тым месцы, дзе яны так рабілі. І гэта дарэмнасьць.
11 Ня хутка адбываецца суд над благімі справамі; дзеля гэтага не баіцца сэрца сыноў чалавечых рабіць зло.
12 Хаця грэшнік сто разоў робіць зло і трывае ў ім, але ведаю, што добра будзе тым, хто баіцца Бога, хто баіцца Божага аблічча,
13 а бязбожнаму ня будзе добра і падобна да цені нядоўга ператрывае той, хто не баіцца Божага аблічча.
14 Ёсьць і такая дарэмнасьць на зямлі: справядлівых спатыкае тое, чаго заслуговывалі-б учынкі бязбожных, а бязбожных спатыкае тое, чаго заслуговывалі-б учынкі справядлівых. І сказаў я: — гэта дарэмнасьць.
15 І пахваліў я вясельле, бо няма нічога лепшага для чалавека пад сонцам, як есьці, піць і весяліцца, бо адно гэта застаецца яму з ягонай працы ў усе дні ягонага жыцьця, якое даў яму Бог пад сонцам.
16 Калі я скіраваў сэрца маё на тое, каб асягнуць мудрасьць і зразумець клопаты, якія бываюць на зямлі і сярод якіх чалавек ні ў дзень, ні ў ночы ня ведае сну, —
17 тады я пабачыў усе Божыя справы і знайшоў, што чалавек ня можа зразумець справаў, якія дзеюцца пад сонцам. Колькі-б чалавек не стараўся гэта зразумець, усёроўна гэтага не зразумее; калі-б нават мудрэц сказаў, што ён знае, ён ня можа асягнуць гэтага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Экклезіяста, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.