Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Экклезіяста 6 Кніга Экклезіяста 6 разьдзел

1 Ёсьць зло, якое я бачыў пад сонцам і яно часта здараецца паміж людзьмі.
2 Бог дае чалавеку багацьце, маемасьць і славу, і няма для ягонай душы нястачы ні ў чым, чаго-б ён не пажадаў, але не дае яму Бог карыстацца з гэтага, а карыстае чужы чалавек. Гэта дарэмнасьць і цяжкая бяда.
3 Калі-б нехта спладзіў сто дзяцей і пражыў шмат гадоў і прадоўжыліся-б дні ягонага жыцьця, але душа ягоная ня цешылася-б дабром, і ня было-б яму хаўтураў, дык я сказаў бы: — мёртва народжаны шчасьлівейшы за яго;
4 бо такі папусту прыйшоў і адыйшоў у цемру і імя ягонае пакрылася цемраю.
5 Ён нават ня бачыў і ня ведаў сонца: яму лепшы адпачынак, чым гэнаму.
6 А гэны хаця-б пражыў дзьве тысячы гадоў, а ня цешыўся дабром, ці-ж не ў адно месца ідуць усі?
7 Уся праца чалавека для ягонага роту, а душа ягоная ня можа насыціцца.
8 Якую-ж перавагу мае мудры перад дурнем, якое — бядака, які ўмее хадзіць перад жывучымі?
9 Лепш бачыць вачыма, чым пажадаць толькі душою, але і гэта — дарэмнасьць і мука духа.
10 Што існуе, таму ўжо данае імя і ведама, што гэта чалавек, і што ня можа ён спрачацца з сільнейшым ад яго.
11 Многа ёсьць такіх рэчаў, якія памнажаюць марнасьць, які-ж пажытак мае з іх чалавек.
12 Бо-ж хто ведае, што добра для чалавека ў гэтым жыцьці, у ўсе дні марнага ягонага жыцьця, якія мінаюць, як цені? І хто скажа чалавеку, што будзе пасьля яго пад сонцам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Экклезіяста, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.