Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Экклезіяста 3 Кніга Экклезіяста 3 разьдзел

1 Усё мае свой час і час бывае на ўсякую рэч пад небам.
2 Бывае час радзіцца і час паміраць; час садзіць і час вырываць пасаджанае.
3 Час забіваць і час лячыць; час руйнаваць і час будаваць.
4 Час плакаць і час сьмяяцца; час сумаваць і час скакаць.
5 Час раскідаць каменьні і час зьбіраць каменьні; час абдыманьня і час ухіленьня ад абдымкаў.
6 Час шукаць і час губіць; час хаваць і час кідаць.
7 Час разьдзіраць і час зшываць; час маўчаць і час гаварыць.
8 Час любіць і час ненавідзець; час вайне і час міру.
9 Якую карысьць мае працуючы ад таго, што ён працуе?
10 Бачыў я працу, якую Бог даў сынам чалавечым, каб займаліся ёю.
11 Усё зрабіў Ён дасканалым у свой час і ўлажыў мір у сэрцы іх, хаця чалавек ня можа зразумець ад пачатку да канца справаў, якія робіць Бог.
12 Я даведаўся, што няма для іх нічога лепшага, як весяліцца і рабіць добрае ў жыцьці сваім.
13 І калі які чалавек есьць і п’е і бачыць добрае ў кожнай працы сваёй, дык гэта дар Божы.
14 Даведаўся я, што ўсё, што робіць Бог трывае вечна: да гэтага няма чаго дадаваць і няма чаго адымаць, а Бог робіць гэта так, [каб] карыліся перад Ягоным абліччам.
15 Тое, што было, тое ёсьць і цяпер, а што будзе, тое ўжо было, бо Бог аднаўляе мінулае.
16 Яшчэ бачыў я пад сонцам месца суду, а там бязбожнасьць, месца справядлівасьці, а там несправядлівасьць.
17 І сказаў я ў сэрцы сваім: — справядлівага і бязбожнага будзе судзіць Бог, дзеля таго, што час для кожнай рэчы і суд над кожнай справай.
18 Сказаў я ў сэрцы сваім аб сынох чалавечых, каб выпрабаваў іх Бог і каб яны бачылі, што яны самыя па сабе падобныя жывёле;
19 дзеля таго, што ўдзел сыноў чалавечых і ўдзел жывёлы адзін: паміраюць як тыя, так і гэтыя, і ўсе маюць аднолькавы дух і няма ў чалавека перавагі перад быдлам, бо ўсё гэта дарэмнасьць.
20 Усё ідзе ў адно месца: усё паўстала з пылу і ўсё варочаецца ў пыл.
21 Хто ведае ці ўзыходзіць дух сыноў чалавечых угору і ці дух жывёлы зыходзіць уніз?
22 Гэтак пабачыў я, што няма для чалавека нічога лепшага, як цешыцца са сваёй працы, дзеля таго што гэта ягоны ўдзел, бо-ж хто прывядзе яго пагледзець, што будзе пасьля яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Экклезіяста, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.