Эклезіяста 3 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
Усё мае сваю пару, і гадзіна кожнае дзеі — пад небам.
Усё мае свой час і час бывае на ўсякую рэч пад небам.
Ёсьць пара нарадзіцца, і пара памерці, пара насаджаць, і пара вырываць пасаджанае.
Бывае час радзіцца і час паміраць; час садзіць і час вырываць пасаджанае.
Пара забойства, і пара гаеньня; пара разбураць, і пара будаваць;
Час забіваць і час лячыць; час руйнаваць і час будаваць.
пара плачу, і пара весялосьці; пара бедаваць, і пара танцаваць;
Час плакаць і час сьмяяцца; час сумаваць і час скакаць.
пара раскідаць камяні, і пара зьбіраць камяні; пара абдымаць, і пара ўхіляцца абдоўмаў;
Час раскідаць каменьні і час зьбіраць каменьні; час абдыманьня і час ухіленьня ад абдымкаў.
пара шукаць, і пара губляць; пара ашчаджаць, і пара выкідаць;
Час шукаць і час губіць; час хаваць і час кідаць.
пара разьдзіраць, і пара зашываць; пара маўчаць, і пара прамаўляць;
Час разьдзіраць і час зшываць; час маўчаць і час гаварыць.
пара кахаць, і пара ненавідзець; пара вайне, і пара міру.
Час любіць і час ненавідзець; час вайне і час міру.
Якая карысьць таму, хто працуе, з таго, над чым ён працуе?
Якую карысьць мае працуючы ад таго, што ён працуе?
Бачыў я гэты клопат, які Бог даў сынам чалавечым, каб мелі сабе турботу.
Бачыў я працу, якую Бог даў сынам чалавечым, каб займаліся ёю.
Усё Ён цудоўным зрабіў сваёю парою і вечнасьць паклаў ім у сэрца, хоць ня кемяць яны ў тых справах, што Бог учыніў, ад пачатку і да канца.
Усё зрабіў Ён дасканалым у свой час і ўлажыў мір у сэрцы іх, хаця чалавек ня можа зразумець ад пачатку да канца справаў, якія робіць Бог.
Уведаў я, што няма ім нічога лепшага, як весяліцца і ў жыцьці сваім добрае толькі ўчыняць.
Я даведаўся, што няма для іх нічога лепшага, як весяліцца і рабіць добрае ў жыцьці сваім.
І калі які чалавек есьць і п’е і бачыць дабро ва ўчынках сваіх, дык гэта — дар Божы.
І калі які чалавек есьць і п’е і бачыць добрае ў кожнай працы сваёй, дык гэта дар Божы.
Уведаў я, што ўсё, што робіць Бог, застаецца навекі; Ён робіць так, каб багавейна ступалі перад абліччам Яго.
Даведаўся я, што ўсё, што робіць Бог трывае вечна: да гэтага няма чаго дадаваць і няма чаго адымаць, а Бог робіць гэта так, [каб] карыліся перад Ягоным абліччам.
Што было, тое ёсьць і цяпер, і што будзе, тое было ўжо; і пакліча Бог мінулае.
Тое, што было, тое ёсьць і цяпер, а што будзе, тое ўжо было, бо Бог аднаўляе мінулае.
Яшчэ я пад сонцам пабачыў: месца суду — а там беззаконьне; месца праўды — а там няпраўда
Яшчэ бачыў я пад сонцам месца суду, а там бязбожнасьць, месца справядлівасьці, а там несправядлівасьць.
І сказаў я ў сэрцы маім: «Судзіць будзе Бог праведнага і грэшнага; бо на кожную справу прызначана пара і суд на кожную дзею тваю».
І сказаў я ў сэрцы сваім: — справядлівага і бязбожнага будзе судзіць Бог, дзеля таго, што час для кожнай рэчы і суд над кожнай справай.
Сказаў я ў сэрцы маім сынам чалавечым, каб Бог іх выпрабаваў і каб убачылі яны, што самі ў сабе яны — жывёлы:
Сказаў я ў сэрцы сваім аб сынох чалавечых, каб выпрабаваў іх Бог і каб яны бачылі, што яны самыя па сабе падобныя жывёле;
бо доля ў сыноў чалавечых і доля ў жывёлін — доля адна; як паміраюць тыя, так паміраюць і гэтыя, і адно дыханьне ва ўсіх, і няма ў чалавека над жывёлінаю перавагі, бо ўсё — марнасьць!
дзеля таго, што ўдзел сыноў чалавечых і ўдзел жывёлы адзін: паміраюць як тыя, так і гэтыя, і ўсе маюць аднолькавы дух і няма ў чалавека перавагі перад быдлам, бо ўсё гэта дарэмнасьць.
Усё ідзе ў адно месца; усё выйшла з тла, і ўсё вяртаецца ў тло.
Усё ідзе ў адно месца: усё паўстала з пылу і ўсё варочаецца ў пыл.
Хто ведае: ці дух сыноў чалавечых падымаецца ўгору, а ці дух жывёл апускаецца долу, у зямлю?
Хто ведае ці ўзыходзіць дух сыноў чалавечых угору і ці дух жывёлы зыходзіць уніз?
І вось убачыў я, што няма нічога лепшага чалавеку, як радавацца з учынкаў сваіх: бо гэта — доля яго; хто ж бо яго прывядзе паглядзець на тое, што пасьля яго будзе?
Гэтак пабачыў я, што няма для чалавека нічога лепшага, як цешыцца са сваёй працы, дзеля таго што гэта ягоны ўдзел, бо-ж хто прывядзе яго пагледзець, што будзе пасьля яго.