Выслоўяў Саламонавых 1 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.
 
Прыказкі Салямона, сына Давідавага, караля Ізраільскага,

Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;
 
для пазнаньня мудрасьці і павучэньня, для зразуменьня выслову мудрасьці,

засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;
 
для зразуменьня правілаў розуму, справядлівасьці, суду і слушнасьці,

прастадушным даць кемнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць;
 
для даньня простым цямлівасьці, юнаку веды і разважлівасьці.

паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;
 
Паслухае іх мудры, прыбудзе яму веды і разумны знойдзе мудрыя рады,

каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.
 
каб зразумеў прыказкі і мудрую мову, словы мудрых і іхныя загадкі.

Пачатак мудрасьці — страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
 
Пачатак мудрасьці гэта страх Госпада; дурныя пагарджаюць мудрасьцяй і павучэньнем.

Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:
 
Слухай, сын мой, павучэньня твайго бацькі і не адкідай навукі тваёй маці,

бо гэта — прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.
 
бо гэта прыгожы вянок для тваёй галавы і ўпрыгажэньне для тваёй шыі.

Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.
 
Сын мой, калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся;

Калі будуць казаць: «ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,
 
калі будуць гаварыць: — хадзі з намі, зробім засадку для забойства, падпільнуем нявіннага без прычыны,

жывых праглынем іх, як апраметная, і — цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;
 
жывых праглынем, як магіла, цалком, як зыходзячых у гроб;

набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;
 
набярэм усялякай каштоўнай маемасьці, напоўнім нашыя дамы дабычаю;

далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас»:
 
лёс твой ты будзеш кідаць разам з намі, адзін склад будзе ў усіх нас.

Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
 
Сын мой, не хадзі-ж з імі ў дарогу, устрымай тваю нагу ад іхных сьцежак,

бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.
 
бо ногі іх бягуць да благога і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві.

На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;
 
Бо як надарэмна стаўляюцца сеткі перад вачыма птушак,

а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.
 
так і тыя робяць засадку на сваю кроў і падсьцерагаюць свае душы.

Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.
 
Такія шляхі кожнага, хто пажадае чужую маемасьць: яна адбірае жыцьцё ў завалодаўшага ёю.

Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,
 
Мудрасьць кліча на вуліцы, на пляцох уздымае свой голас,

на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:
 
у галоўных месцах сходаў, каля ўваходаў у брамы, гаворыць свае казаньні:

«Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?
 
— дакуль няведнікі будзеце любіць няведу; насьмявальнікі насьмяваньне; дакуль дурныя будуць ненавідзець умецтва?

паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.
 
Навярнецеся ад майго абвінавачаньня, вось выдам вам мой дух і апавешчу вам мае словы.

Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;
 
Я клікала, а вы ня слухалі; працягвала руку маю, а ніхто не зважаў,

і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:
 
але вы адкінулі ўсе мае рады, а абвінавачаньняў маіх не прынялі.

за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;
 
Затое і я пасьмяюся з вашай загубы; уцешуся, калі нойдзе на вас жах,

калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.
 
калі нойдзе на вас, як бура, жах і бяда, як віхор, калі прыйдзе на вас туга і ўціск.

Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.
 
Тады будзеце мяне клікаць, а не пачую вас; зраньня будзеце шукаць мяне і ня знойдзеце.

За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,
 
За тое, што яны ненавідзелі веду і не выбралі сабе страху Божага;

не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;
 
не прынялі рады маёй, пагардзілі маймі абвінавачаньнямі;

за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.
 
за тое будуць яны спажываць плады сваіх шляхоў і насучацца сваімі радамі.

Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.
 
Бо ўпорства няведнікаў заб’е іх, а нядбайнасьць дурных згубіць іх,

А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха».
 
але хто слухаецца мяне, той будзе жыць бязпечна і супакойна і ня будзе баяцца благога.