Выслоўяў Саламонавых 16 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
Чалавеку належаць намеры сэрца, а адказ языка ад Госпада.
Думкі сэрца чалавека, але адказ языка ад Госпада.
Усе шляхі чалавека чыстыя ў ягоных вачах, а Гасподзь выпрабоўвае душы.
Усе шляхі чалавека здаюцца яму чыстымі, але Гаспод узважывае сэрцы.
Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца.
Пакладзіся на Госпада ў справах тваіх і твае намеры збудуцца.
Усё зрабіў Гасподзь дзеля Сябе; і нават бязбожнага на дзень гневу.
Усё зрабіў Гаспод для Сябе, нават бязбожнага на благі дзень.
Агіднае Госпаду сэрца пыхліўца; можна паручыцца, што ён не застанецца без пакараньня.
Агідны Госпаду кожны горды сэрцам, хаця-б узяў на помач іншых будзе пакараны.
Міласэрнасьцю і праўдаю ачышчаецца грэх, і страх Гасподні адводзіць ад ліха.
Міласэрдзьдзем і праўдаю ачышчаецца грэх і страх Госпада адводзіць ад благога.
Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён і ворагаў яго прымірае зь ім.
Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён прыводзіць да згоды з ім і ворагаў.
Лепш нямногае з праўдаю, чым вялікія прыбыткі з крыўдаю.
Лепш трохі са справядлівасьцяй, чым шмат несправядлівых даходаў.
Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Гасподзь кіруе шэсьцем ягоным.
Сэрца чалавека абдумывае свае шляхі, але Гаспод кіруе ягонымі крокамі.
У вуснах у цара — слова натхнёнае; вусны яго не павінны грашыць на судзе.
У вуснах караля справядлівы прыгавар; ягоныя вусны не павінны мыляцца на судзе.
Правільныя вагі і вагавыя шалі — ад Госпада; ад Яго ж усе гіры ў торбе.
Вага і адважнікі ад Госпада, ад Яго-ж усе адважнікі ў торбе.
Агідная царам — дзея беззаконная, бо праўдай мацуецца трон.
Агідная каралём бязпраўная справа, бо праўдаю ўзмацняецца пасад.
Прыемныя цару вусны праўдзівыя, а таго, хто гаворыць праўду, ён любіць.
Праўдзівыя вусны прыемныя каралю і любіць тых, што гавораць праўду.
Царскі гнеў — весьнік сьмерці; а мудры чалавек умілажальвае яго.
Каралеўскі гнеў паслом сьмерці, але мудры чалавек упросіць яго.
У ясным позірку цара — жыцьцё, і ўпадабаньне ягонае — як воблака з позьнім дажджом.
У сьветлым-жа твары караля — жыцьцё, а ягоная ласка, як хмара з позным дажджом.
Здабыць мудрасьць намнога лепш за золата, і здабыць розум лепш за чыстае срэбра.
Лепш набываць мудрасьць, чым найчысьцейшае золата, а набыцьцё розуму лепшае ад серабра.
Шлях у праведных — унікаць зла; той ратуе душу сваю, хто зважае на шлях свой.
Шлях справядлівых ухіленьне ад благога; сьцеражэ сваю душу той, хто заховывае свой шлях.
Пагібелі папярэднічае гонар, і падзеньню — пыха.
Перад загубаю прыходзіць гордасьць, а перад упадкам бутнасьць.
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі.
Лепш быць пакорным духам з пакорнымі, чым дзяліць дабычу з гордымі.
Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасны.
Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасьлівы.
Мудры сэрцам разумным назавецца, і салодкая мова дадасьць да навукі.
Хто мудры сэрцам, той слыве разумным, а салодкасьць вуснаў дадае да навукі.
Розум таму, хто мае яго, — крыніца жыцьця, а вучонасьць дурных — дурнота.
Крыніцаю жыцьця ёсьць розум для тых, хто яго мае, але вада дурных — дурнота.
Сэрца мудрага язык ягоны ўмудрае і памнажае веды ў вуснах ягоных.
Сэрца мудрага робіць мудрым яго язык і памнажае ваду ў ягоных вуснах.
Прыемная мова — сотавы мёд, салодкая душы і гойная касьцям.
Прыемная мова, як сотавы мёд: салодкі для душы і лекам для касьцей.
Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх — да сьмерці.
Бываюць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канцом іх шлях на сьмерць.
Працаўнік працуе на сябе, бо панукае яго рот ягоны.
Працавіты чалавек працуе для сябе, бо яго прынукаюць ягоныя вусны.
Чалавек падступны намышляе благое, і на вуснах у яго нібы агонь палючы.
Бязбожны чалавек выдумляе благое, а на ягоных вуснах, як палаючы вагонь.
Чалавек хітры сее разлад, а нагаворшчык разлучае сяброў.
Хітры чалавек сее спрэчкі, а пляткар дзеліць прыяцеляў.
Чалавек зь нядобрымі намерамі разбэшчвае блізкага свайго і вядзе яго на дарогу благую;
Благі чалавек псуе бліжняга свайго і вядзе яго на нядобры шлях.
прыплюшчвае вочы, каб прыдумаць падступства; закусваючы губы сабе, чыніць зладзейства.
Хто міргае сваімі вачыма — выдумляе хітрасьці, а хто закусывае губы — робіць благое.
Вянок славы — сівізна на дарозе праўды.
Каронаю славы ёсьць старасьць, якая знаходзіцца на шляху праўды.
Доўгацярплівы лепшы за адважнага, і той, хто валодае сабою, лепшы за заваёўніка горада.
Цярплівы лепшы ад адважнага, а хто пануе над сваім сэрцам, той лепшы ад таго, хто здабыў горад.
На падлогу кідаюць жэрабя, але ўвесь вырак ягоны — ад Госпада.
У крысо кідаецца лёс, але ўсё вырашэньне ад Госпада.