Выслоўяў Саламонавых 27 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што той дзень народзіць.
 
Не хваліся заўтрашным дзён, бо ня ведаеш, што прынясе сёньняшні дзень.

Хай цябе хваліць іншы, а ня вусны твае, — чужы, а не язык твой.
 
Няхай хваліць цябе іншы, а не вусны твае; чужы, а не твой язык.

Цяжкі камень, важкі і пясок; але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
 
Цяжкі камень, важыць і пясок, але гнеў дурнога цяжэйшы за іх.

Жорсткі гнеў, неўтаймавальная лютасьць; але хто ўстоіць супроць зайздрасьці?
 
Жорсткі гнеў, раптоўная ярасьць, але хто вытрымае супроць зайздрасьці.

Лепей адкрыты дакор, чым прыхаваная любоў.
 
Лепш адкрытае абвінавачаньне, чым укрытая любоў.

Шчырыя дакоры ад таго, хто любіць, і ілжывыя пацалункі ў таго, хто ненавідзіць.
 
Лепш раны ад прыяцеля, чым манлівыя пацалункі ненавідзячай асобы.

Сытая душа топча і соты, а галоднай душы ўсё горкае — салодкае.
 
Сытая душа патопча і сот мёду, а галоднай душы і горкасьць салодкая.

Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так і чалавек, які пакінуў месца сваё.
 
Як птушка, што пакінула сваё гняздо, так чалавек, што пакідае месца сваё.

Масьць і дымленьне радуюць сэрца; так салодкі кожнаму сябар з сардэчнай ранай сваёй.
 
Масьць і каджаньне вяселяць сэрца: так салодкі прыяцель сваёй сардэчнай радай.

Не пакідай сябра твайго і сябра бацькі твайго, і ў дом брата твайго ня ідзі ў дзень няшчасьця твайго: лепей сусед блізка, чым брат далёка.
 
Не пакідай прыяцеля твайго і прыяцеля бацькі твайго і не ўваходзь у дом брата твайго ў дзень няшчасьця твайго, бо лепшы блізкі сусед, чым далёкі брат.

Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё; і я мецьму што адказаць ліхаслоўцу майму.
 
Будзь мудры, сын мой, і радуй сэрца маё, а я буду мець, што адказываць таму, хто-б ганіў цябе.

Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад і прымаюць кару.
 
Асьцярожны, пабачыўшы бяду хаваецца, а недасьветчаны ідзе наперад і трапляе ў шкоду.

Вазьмі ў яго адзежу ягоную, бо ён паручыўся за чужога; і за чужога вазьмі ў яго заклад.
 
Забяры ад яго ягоную вопратку, бо ён заручыўся за чужога, а ад таго, хто заручыўся за чужаземку, вазьмі застаў яго.

Хто ўголас хваліць сябра свайго з самай раніцы, таго палічаць за ліхаслоўца.
 
Хто голасна хваліць свайго прыяцеля ад самага раньня, таго будуць лічыць праклінаючым.

Бясконцы капеж у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — роўныя;
 
Бязупыннае капаньне ў дажджлівы дзень і сварлівая жонка падобныя сабе,

хто хоча схаваць яе, той хоча ўтрымаць вецер і схапіць алей у руку сваю.
 
хто хоча схаваць яе, той хоча схаваць вецер і пахнючы алей у правай руцэ, які дае знаць аб сабе.

Жалеза жалеза вострыць, і чалавек навастрае позірк сябра свайго.
 
Зялеза вострыцца зялезам і чалавек завастрае пагляд свайго прыяцеля.

Хто даглядае смакоўніцу, той будзе есьці плады зь яе; і хто верна служыць гаспадару свайму, той будзе ў пашане.
 
Хто вартуе фігавае дрэва, той будзе есьці ягоныя плады і хто аховывае свайго пана, той будзе ў пашане.

Як у вадзе твар — да твару, так сэрца чалавека — да чалавека.
 
Як у вадзе твар да твару, так сэрца чалавека да чалавека.

Апраметная і Авадон — ненасытныя; ненасытныя і вочы чалавечыя.
 
Пекла і Абадон ня могуць быць насычаныя, таксама ня могуць насыціцца людзкія вочы.

Што плавільня — срэбру, горан — золату, тое чалавеку вусны, якія хваляць яго.
 
У тыглі дасьведчываецца серабро, а ў печы — золата, а чалавека — вестка аб ягонай славе.

Таўчы неразумнага ў ступе таўкачом разам зь зернем, не адлушчыцца ад яго глупства ягонае.
 
Таўчы дурнога ў ступе таўкачом, разам са збожжам, а не аддзеліцца ад яго глупства яго.

Добра сачы за быдлам тваім, май клопат за статкі;
 
Наглядай за быдлам тваім і апякуйся стадамі тваімі,

бо багацьце не навекі, ды і ўлада іхняя хіба з роду ў род?
 
бо ня вечна трывае тваё багацьце і ўлада, ці-ж ня з роду ў род.

Рунее трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць горныя травы.
 
Калі расьце трава і паказываецца зелень, зьбіраюць сена з гораў.

Авечкі — на вопратку табе, і казлы — на закуп поля.
 
Авечкі на вопратку табе, а казлы на куплю поля.

І годзе казінага малака на ежу табе, на ежу хатнім тваім і на спажытак служанкам тваім.
 
І досыць козяга малака на ежу табе і ежу хатніх тваіх, на харчы служанак тваіх.