Выслоўяў Саламонавых 27 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што той дзень народзіць.
 
Не хваліся заўтрашнім днём, бо ня ведаеш, што дзень народзе.

Хай цябе хваліць іншы, а ня вусны твае, — чужы, а не язык твой.
 
Хай хвале цябе чужы, а ня вусны твае, — чужаземец, а не язык твой.

Цяжкі камень, важкі і пясок; але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
 
Цяжкі камень, і пясок вагкі; але гнеў дурнога цяжшы за абодвых.

Жорсткі гнеў, неўтаймавальная лютасьць; але хто ўстоіць супроць зайздрасьці?
 
Гнеў — неміласьціўнасьць, і абурэньне — паводка; але хто вытрывае супроці завісьці?

Лепей адкрыты дакор, чым прыхаваная любоў.
 
Валей адкрытае ганеньне, чымся патайная любоў.

Шчырыя дакоры ад таго, хто любіць, і ілжывыя пацалункі ў таго, хто ненавідзіць.
 
Верныя раны любячага, але ашукныя цалаваньні непрыяцеля.

Сытая душа топча і соты, а галоднай душы ўсё горкае — салодкае.
 
Насычаная душа брыдзіцца наўзаю, але галоднай душы ўсе гаркое соладка.

Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так і чалавек, які пакінуў месца сваё.
 
Як птушка-валацуга, што адляцела ад свайго гнязда, так людзіна, што пайшла ад свайго месца валачыцца.

Масьць і дымленьне радуюць сэрца; так салодкі кожнаму сябар з сардэчнай ранай сваёй.
 
Масьць а кадзеньне цешаць сэрца, і валей саладзіня прыяцелева, чымся собская рада.

Не пакідай сябра твайго і сябра бацькі твайго, і ў дом брата твайго ня ідзі ў дзень няшчасьця твайго: лепей сусед блізка, чым брат далёка.
 
Прыяцеля свайго й прыяцеля айца свайго не пакідай, і да дому брата свайго не хадзі ў дзень няшчасьця свайго; валей сусед блізкі, чымся брат далёкі.

Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё; і я мецьму што адказаць ліхаслоўцу майму.
 
Сыну мой! будзь мудры й павесялі сэрца мае; і я адкажу словам таму, каторы ўпікае імне.

Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад і прымаюць кару.
 
Разважлівы, перадбачачы ліха, хаваецца; простыя йдуць, і іх караюць.

Вазьмі ў яго адзежу ягоную, бо ён паручыўся за чужога; і за чужога вазьмі ў яго заклад.
 
Вазьмі адзецьце ягонае, бо ён ручаў за чужніка, і вазьмі заклад у яго за чужую.

Хто ўголас хваліць сябра свайго з самай раніцы, таго палічаць за ліхаслоўца.
 
Хто голасна дабраславе прыяцеля свайго рана нараніцы, то за праклён гэта будуць мець яму.

Бясконцы капеж у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — роўныя;
 
Кажначаснае капаньне вельмі дажджлівага дня й звадлівая жонка аднолькавыя;

хто хоча схаваць яе, той хоча ўтрымаць вецер і схапіць алей у руку сваю.
 
Хто хавае яе, хавае вецер, і пахнючы алей у правіцы.

Жалеза жалеза вострыць, і чалавек навастрае позірк сябра свайго.
 
Зялеза войстра зялеза, так людзіна войстра від прыяцеля свайго.

Хто даглядае смакоўніцу, той будзе есьці плады зь яе; і хто верна служыць гаспадару свайму, той будзе ў пашане.
 
Хто даглядае фіґу, паспытаецца садавіны яе; і хто рупіцца праз спадара свайго, будзе паважаны.

Як у вадзе твар — да твару, так сэрца чалавека — да чалавека.
 
Як у вадзе від — да віду, так сэрца людзіны — да людзіны.

Апраметная і Авадон — ненасытныя; ненасытныя і вочы чалавечыя.
 
Шэоль а авадон ніколі не насыцяцца, і вочы чалавека не насыцяцца.

Што плавільня — срэбру, горан — золату, тое чалавеку вусны, якія хваляць яго.
 
Літавальны гаршчок да срэбра і горан да золата, так людзіна, подле хвалы свае.

Таўчы неразумнага ў ступе таўкачом разам зь зернем, не адлушчыцца ад яго глупства ягонае.
 
Калі будзеш таўчы дурнога ў ступе таўкачом памеш круп, дурнота ягоная не аддзеліцца ад яго.

Добра сачы за быдлам тваім, май клопат за статкі;
 
Рупся ведаць стан авец сваіх, даглядай дабро стады свае;

бо багацьце не навекі, ды і ўлада іхняя хіба з роду ў род?
 
Бо багацьце ня вечнае, і ці карона ад роду да роду?

Рунее трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць горныя травы.
 
Сена зьяўляецца, і кунежная трава паказуецца, і гаравое зельле зьбіраюць.

Авечкі — на вопратку табе, і казлы — на закуп поля.
 
Ягняты дзеля адзецьця твайго, і козы — цана поля.

І годзе казінага малака на ежу табе, на ежу хатнім тваім і на спажытак служанкам тваім.
 
І даволі казінага малака на ежу табе, на ежу хатнім і на жывеньне служэбак тваіх.