Выслоўяў Саламонавых 22 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата.
 
Валей імя, чымся вялікае багацьце; валей ласка, як срэбра а золата.

Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь.
 
Багаты й бедны сустракаюцца разам, СПАДАР стварыў іх усіх.

Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару.
 
Разважлівы перадбача ліха і хаваецца, але простыя йдуць і бываюць караны.

За пакораю ідзе сьледам страх Гасподні, багацьце і слава і жыцьцё.
 
Надгародаю за пакору — боязьнь СПАДАРА, багацьце а чэсьць а жыцьцё.

Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх.
 
Цернь, пасадкі на дарозе ізрадлівага; хто сьцеражэць душу сваю, здаляецца ад іх.

Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца.
 
Узгадуй малца на дарозе ягонай, і, як ён застараецца, ён не адхінецца ад яе.

Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка.
 
Багаты радзе бедных, і даўжбіт слуга пазычэньніка.

Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе.
 
Хто сее бяспраўе, пажнець марнасьць, і дубцом гневу свайго ён будзе зьнішчаны.

Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго.
 
Добрае вока будзе дабраславёнае, бо яно даець галечы з хлеба свайго.

Прагані блюзьнера, і зьнікне разлад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба.
 
Пражані насьміханьніка, і шчэзьне нязгода; тады перастануць вада і ўпікі.

Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар — сябар.
 
Хто любе чыстае сэрца й ласкавасьць вуснаў сваіх, таго прыяцель кароль.

Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае.
 
Вочы СПАДАРОВЫ крыюць веду, але Ён ськідае словы выступніка.

Гультай кажа: «леў на вуліцы! сярод плошчы заб’юць мяне!»
 
Кажа ляны: «Леў вонках, пасярод вуліцаў буду забіты».

Глыбокая прорва — вусны распусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды.
 
Глыбокая яма вусны чужое; тый, кім брыдзіцца СПАДАР, уваліцца ў яе.

Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго.
 
Дурата прывязаная да сэрца дзяцюка; казьнерачая розка аддале яе зь яго.

Хто крыўдзіць беднага, каб памножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.
 
Хто ўціскае галечу, каб памножыць сабе, і даець багатаму, напэўна прыйдзе да нястачы.

Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ведаў;
 
Нахіні вуха свае, і паслухай слоў мудрыцоў, і абярні сэрца свае да веды мае;

бо добра будзе, калі ты будзеш хаваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць таксама на вуснах тваіх.
 
Бо яны прыемныя, калі ты захаваеш іх у нутру сваім, усі будуць гатовыя на вуснах тваіх.

Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай.
 
Каб надзея твая была на СПАДАРА, я наўчу сядні нават цябе.

Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў парадах і ў настаўленьні,
 
Ціж я ня пісаў табе трэйчы парады а ведамкі,

каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе?
 
Каб мог паведаміць табе вернасьць слоў праўды, каб ты мог перадаць словы праўды тым, што пасылаюць цябе?

Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме;
 
Ня глабай галечы, бо ён галеча; ня ўціскай няшчаснага ў браме,

бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх.
 
Бо СПАДАР будзе бараніць справу іхную й паглабае душу глабаньнікаў іхных.

Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым,
 
Ня прыязьніся зь людзіною гняўліваю і зь людзіною апрыскліваю не хадзі,

каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю.
 
Каб не наўчыцца дарогаў ейных і ня прывесьці пасадкі на душу сваю.

Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі.
 
Ня будзь із тых, што даюць руку, з тых, што ручаюць за даўгі.

Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе.
 
Калі ты ня маеш чым заплаціць, то чаму мелі б узяць пасьцелю тваю спад цябе?

Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае.
 
Не адсувай вечнае мяжы, каторую правялі бацькі твае.

Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад царамі; ён ня будзе стаяць перад простымі.
 
Ці назіраў ты чалавека борздага ў занятку сваім? яго пастановяць перад каралямі, ён ня стане перад простымі.