Выслоўяў Саламонавых 20 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Віно — глумлівае, сікера — шалёная; і кожны, хто захапляецца імі, неразумны.
Віно — скалазуб, а моцны напітак — крыклівы, і каго зводзяць яны, тый нямудры.
Пагроза царовая — нібы рык ільва: хто дражніць яго, той грэшыць супроць самога сябе.
Як равеньне левяняці, боязьнь караля; хто квеле яго, тый грэша супроці душы свае.
Гонар чалавеку — ухіліцца ад свары; а хто любіць сварыцца — неразумны.
Чэсьць людзіне ўзьдзержыцца ад суду, але кажны дурны задзіраецца.
Гультай зімою не арэ; жабруе летам — і няма нічога.
Узімку лянуцька ня хоча рабіць зямлі; улетку будзе прасіць, і няма.
Помыслы ў сэрцы ў чалавека — глыбокія воды, але чалавек разумны вычэрпвае іх.
Рада ў сэрцу людзіны — глыбокія воды, але людзіна разумная высіле іх.
Многія хваляць чалавека за мілажальнасьць, а хто знойдзе чалавека надзейнага?
Множасьць людзёў весьцяць кажны свае міласэрдзе, але верную людзіну хто можа знайсьці?
Праведнік ходзіць у сваёй беспахібнасьці: шчасныя дзеці ягоныя пасьля яго!
Справядлівы ходзе ў сваёй нявіннасьці; дзеці ягоныя дабраславёныя просьле яго.
Цар, які сядзіць на троне правасудзьдзя, разганяе вачыма сваімі ўсё ліхое.
Кароль, седзячы напасадзе суду, разьвявае ачыма сваімі ўсе благое.
Хто можа сказаць: «я ачысьціў сэрца сваё, я чысты ад грэху майго?»
Хто можа сказаць: «Я ачысьціў сэрца свае, я чысты ад грэху свайго?»
Дваякія шалі, дваякая мера, і тое і другое — агідныя Госпаду.
Неаднолькавая вага, неаднолькавая мера, адно й другое — агіда СПАДАРУ.
Можна пазнаць нават падлетка па занятках ягоных: ці чыстыя і ці правільныя ўчынкі ягоныя?
Нават із учынкаў ягоных пазнаюць дзяцюка, ці чыстая і ці пасьцівая дзейнасьць ягоная.
Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць — і тое і другое стварыў Гасподзь.
Вуха чуе й вока бача; СПАДАР стварыў таксама абодва іх.
Ня любі спаць, каб табе не зьбяднець; расплюшчы вочы твае, і будзеш удосыць есьці хлеб.
Ня любі сну, каб не зьбяднець; адчыні вочы свае, і досыць будзеш мець хлеба.
«Дрэнна, дрэнна», кажа пакупнік; а як адыдзе — хваліцца.
«Благое, благое», кажа купляньнік, але, адышоўшы, хваліцца.
Ёсьць золата і шмат жэмчугу, але найкаштоўнейшы посуд — вусны разумныя.
Ё золата і множасьць рубінаў, але дарагая судзіна вусны веды.
Вазьмі вопратку ягоную, бо ён паручыўся за чужога; за незнаёмага вазьмі зь яго заклад.
Вазьмі адзецьце ягонае, бо ён ручаў за чужніка, і за чужых зарука ягоная.
Салодкі чалавеку хлеб, набыты няпраўдаю; але пасьля — рот ягоны пяском напоўніцца.
Салодкі людзіне хлеб маны, адлі напоўняцца вусны ягоныя жвірам.
Намеры набываюць пэўнасьць праз нараду, і пасьля нарады вядзі вайну.
Замеры мацуюцца парадаю, і з плянамі вядзі вайну.
Хто абгаворвае, той раскрывае таямніцы, і хто шырока разьзяўляе рот, з тым не вадзіся.
Хто адкрывае тайну, тый ходзе як язычнік; дык не задавайся з тым, хто шырака рашчыняе вусны свае.
Хто ліхасловіць бацьку свайго і сваю маці, таго сьветач патухне сярод глыбокае цемры.
Хто клінець айца свайго альбо маці сваю, сьветач таго згасьне сярод глыбокае цемры.
Спадчына, сьпешна захопленая напачатку, ня будзе дабраславёная пазьней.
Спадак, спачатку борзда адзяржаны, наапошку ня будзе дабраславёны.
Не кажы: «я адплачу табе за зло»; даверся Госпаду, і Ён ахавае цябе.
Не кажы: «Я адплачу за благое», але спадзявайся на СПАДАРА, і Ён паможа табе.
Агідныя Госпаду — дваякія гіры, і дваякія шалі — не дабро.
Агіда СПАДАРУ неаднолькавая вага, і ашукныя шалькі — ня добра.
Ад Госпада кіруюцца крокі чалавека; а чалавеку як зьведаць дарогу сваю?
Ад СПАДАРА ступы мужа, а чалавек як жа сьцяме дарогу сваю?
Сетка чалавеку — неадумна даваць зарок, і пасьля зароку — абдумваць.
Пасадка людзіне ў пасьпеху сказаць «пасьвячанае» і па абятніцах скумаць.
Мудры цар расьцярушыць бязбожных і паверне на іх кола.
Расьцяруша нягодных кароль мудры і аберне на іх малацьбянае кола.
Сьветач Гасподні — дух чалавека, які вывярае ўсе глыбіні сэрца.
Душа людзіны сьвечка СПАДАРОВА, — соча ўвесь нутр жывата ягонага.
Ласка і праўда ахоўваюць цара, і на ласцы ён трымае свой трон.
Міласэрдзе а праўда сьцерагуць караля, і паддзержуецца міласэрдзям пасад ягоны.
Слава юнакоў — сіла іхняя, а акраса старых — сівізна.
Пазор маладзёнаў — дужасьць іхная, і вялічча старых — сівізна.
Раны ад удараў — лечаць ад зла, і ўдары, якія пранікаюць усярэдзіну чэрава.
Сінякі вытняў — лекі ад ліха, і розкі нутру жывата.