Выслоўяў Саламонавых 24 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі:
Не завідуй благім людзём і ня зыч быць ізь імі;
бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія.
Бо сэрца іхнае думае праз уціск, і вусны іхныя размаўляюць празь ліха.
Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца,
Мудрасьцяй становяць дом і розумам яго мацуюць;
і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю.
І ведаю пакоі поўняцца ўсялякім дарагім а прыемным багацьцям.
Чалавек мудры — дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю.
Мудрая людзіна дужая, і людзіна веды дужэе.
Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў.
Дык із мудрай радаю будзеш ваяваць вайну, і помач у множасьці параднікаў.
Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх.
Высокая дурному мудрасьць; ён не адчыняе вуснаў сваіх ля брамы.
Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам.
Хто прыдумляе рабіць ліха, таго назавуць місьцюком.
Намысел неразумнага — грэх, і блюзьнер — мярзота людзям.
Замеры дурноты — грэх, і насьміханьнік — агіда людзём.
Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая.
Ты млявы ў дзень няшчасьця, сьцісьненая сіла твая.
Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой?
Ратуй узятых на сьмерць, і нягож адмовішся ад тых, што скаўзаюцца да сьмерці?
Ці скажаш: «вось, мы ня ведалі гэтага?» А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.
Калі скажаш: «Вось, мы ня знаем гэтага»; Тый, што важа сэрца, не разумее? Тый, што заховуе душу тваю, Ён знае і адплаце людзіне подле ўчынкаў ейных.
Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму:
Еж, сыну, мёд мой, бо ён смачны, і наўза салодкая паднябеньню твайму;
такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная.
Гэтак веданьне мудрасьці душы тваёй, калі ты знашоў яе: і ё будучыня, надзея твая ня будзе страчана.
Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага.
Ня цікуй, нягодніча, на дом справядлівага, ня глабай месца ягонага, ідзе ён ляжыць;
Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі.
Бо сем разоў паваліцца справядлівы і ўстане, але нягодныя спатыкнуцца аб ліха.
Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца.
Як упадзець непрыяцель твой, ня цешся; і як ён спатыкнецца, няхай не вяселіцца сэрца твае;
Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў.
Каб СПАДАР не абачыў, і будзе ліха ў ваччу Ягоным, і каб Ён не адвярнуў гневу Свайго ад яго.
Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам:
Не абурайся на ліхадзеяў і не завідуй нягодным;
бо ліхі ня мае будучыні — сьветач бязбожных патухне.
Бо ня будзе будучыні ліхому, сьвечка нягодных згасьне.
Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай,
Бойся, сыну мой, СПАДАРА й караля, ня зьвязуйся зь некажначаснымі;
бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае?
Бо неўспадзеўкі прыйдзе няшчасьце іхнае, зьніжэньне абодвых іх, хто ведае?
Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе — нядобра.
Таксама й гэта мудрым: зварачаць увагу на асобы на судзе ня добра;
Хто кажа вінаватаму: «твая праўда», таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны;
Хто кажа нягоднаму: «Справядлівы ты», таго будуць клясьці люды, тым будуць брыдзіцца народы;
а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне.
Але ўпікаючым будзе прыемна, і прыйдзе на іх добрае дабраславенства.
У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі.
У вусны цалуюць тых, хто адказуе вернымі словамі.
Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой.
Прыгатуй справу сваю вонках, сконч яе сабе на полю, а потым пастанаві дом свой.
Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі?
Ня будзь бяз прычыны сьветкаю на прыяцеля свайго ані зьвядзі вуснамі сваімі;
Не кажы: «як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных».
Не кажы: «Як ён зрабіў імне, так і я зраблю яму: адплачу людзіне подле ўчынкаў ейных».
Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага.
Праходзіў я ля поля лянога і ля вінішча людзіны, спабытае розуму;
І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся.
І, гля, усе яно зарасло церням, стрыкачка пакрыла зьверх яго, і каменная агарожа яго абурана;
І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку:
І я назіраў, разважаў у сэрцу сваім добра, глядзеў, адзяржаў навуку:
«крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш;
«Троху сну, троху дрымоты, троху шчапленьня рук да лежні»;
і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая — як чалавек узброены».
І прыйдзе, прыйдзе твая беднасьць, і нястача твая, як узброены муж.