Выслоўяў Саламонавых 15 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.
 
Лагодны адказ адхінае гнеў, а прыкрыя словы ўзрушаюць злосьць.

Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.
 
Язык мудрых, як належа, паведамляе веданьні, але вусны неразумных балбочуць дурноту.

Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.
 
На кажным месцу вочы СПАДАРОВЫ назіраюць благіх і добрых.

Лагодны язык — дрэва жыцьця, а неўтаймаваны — хвароба духу.
 
Здаровы язык — дзерва жыцьця, але крутадушнасьць у ім ломе дух.

Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме.
 
Дурны грэбуе навукаю айца свайго, але разважны ўважае на ўпікі.

У доме ў праведніка — мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага — разлад.
 
У доме справядлівага шмат скарбу, але ў прыбытках нягоднага — клопат.

Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў — не.
 
Вусны мудрага сеюць веду, але сэрца неразумных не такое.

Ахвяра бязбожных — агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы.
 
Аброк агідных — агіда СПАДАРУ, але малітва пасьцівых — зычлівасьць Ягоная.

Агіда Госпаду — шлях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.
 
Агіда СПАДАРУ дарога нягоднага, але Ён любе таго, хто йдзець за справядлівасьцю.

Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.
 
Навука прыкрая таму, хто пакідае дарогу, ненавідзячы ўпікі памрэць.

Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.
 
Шэоль а авадон перад СПАДАРОМ, пагатове сэрцы сыноў людзкіх.

Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.
 
Скалазуб ня любе таго, хто ўпікае яму, і ня пойдзе да мудрых.

Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.
 
Вясёлае сэрца прыяе віду, але ад смутку сэрца дух трышчыцца.

Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.
 
Сэрца разумнага шукае веды, але рот неразумных жывіцца дурнотаю.

Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.
 
Усі дні няшчаснага благія, а ў каго вясёлае сэрца — кажначасная чэсьць.

Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.
 
Валей малое із страхам СПАДАРОВЫМ, чымся вялікі скарб і клопат ізь ім.

Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць.
 
Валей абед із варыва і любосьць там, чымся кормны вол і ненавісьць ізь ім.

Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару.
 
Гняўко ўзрушае да нязгоды, а няборзды да гневу сьцішае нязгоду.

Дарога ў гультая — як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.
 
Дарога ленага — як церневы жываплот, а дарога справядлівага зраўнаваная.

Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю.
 
Мудры сын вяселе айца, а дурны чалавек грэбуе сваёю маткаю.

Дурнота — радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю.
 
Дурата — радасьць недасьціпному, але людзіна разумная ходзе пасьціва.

Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца.
 
Узрушаюцца замеры зь нястачы рады, але із шмат параднікамі яны здойсьняцца.

Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час!
 
Радасьць людзіны ў вадказе вуснаў ейных, і паравое слова — як добра!

Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе.
 
Дарога жыцьця ўгары мудраму, каб адхінуцца ад шэолю далавах.

Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе.
 
Дом гордых бурае СПАДАР, але азначае граніцу ўдавы.

Агіда Госпаду — намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму.
 
Агіда СПАДАРУ думкі ліхадзея, але чыстых — словы прыемнасьці.

Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць.
 
Немарасьце дом свой гальлівы карысьці, але ненавідзячы падаркі будзе жыць.

Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое.
 
Сэрца справядлівага разважае адказ, рот жа нягодных точа ліха.

Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе.
 
СПАДАР далёка ад нягодных, але чуе малітву справядлівых.

Сьветлы погляд радуе сэрца, добрая вестка мацаваць косьці.
 
Сьвятліня аччу цеша сэрца, добрая ведамка тукам поўне косьці.

Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.
 
Вуха, што слухае ўпікаў жыцьця, памеж мудрыцоў будзе начаваць.

Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум.
 
Хто адкідае навуку, грэбуе сваёю душою; але хто слухае ўпікаў, дастаець розум.

Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.
 
Боязьнь СПАДАРА — навука мудрасьці, і перад сьцёю — паніжэньне.