Ісаі 1 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Уява Ісаі, сына Амосавага, якую ён бачыў пра Юдэю і Ерусалім, у дні Азіі Ёатама, Ахаза, Эзэкіі — цароў Юдэйскіх.
 
Відзень Ісаі Амасёнка, каторую ён відзеў узглядам Юдэі а Ерузаліму, за дзён Узі, Ёфама, Агаза, Гэзэкі, каралёў Юдэйскіх.

Слухайце, нябёсы, і ўважай, зямля; бо гаворыць Гасподзь: Я выхаваў і ўзвысіў сыноў, а яны ўзбунтаваліся супраць Мяне.
 
Слухайце, нябёсы, і ўважай, зямля; бо СПАДАР казаў: «Сыноў узгадаваў Я й вывышыў, але яны зрабілі выступ супроці Мяне.

Вол ведае гаспадара свайго, і асёл ясьлі гаспадара свайго; а Ізраіль ня знае Мяне, народ Мой не разумее.
 
Вол знае собсьніка свайго, і асёл ясьлі спадара свайго; а Ізраель ня знае, люд Мой не разумее».

О, народзе грэшны, народзе пад цяжкімі беззаконьнямі, ліхадзейскае племя, сыны пагібельныя! Пакінулі Госпада, заняхаілі Сьвятога Ізраілевага, — павярнуліся назад.
 
Гора народу грэшнаму, люду ацяжаранаму бяспраўям, насеньню ліхадзеяў, сыном згубцаў: яны пакінулі СПАДАРА, пагрэбавалі сьвятым Ізраелявым, адчураліся, пайшлі назад.

Па чым вас біць яшчэ, калі далей жывяце ва ўпартасьці? Уся галава ў струпах, і ўсё сэрца струхлела.
 
Чаму вы маеце быць біты болей? Дадаіце бунт. Уся галава хворая, і ўсе сэрца замлелае;

Ад ступкоў да цемені няма на ім месца здаровага; струпы, плямы, гнойныя раны, неабмытыя і неперавязаныя, і алеем неразьмякчаныя.
 
Ад ступы нагі аж да галавы ў яго няма нічога цэлага: раны а сінякі а загноеныя болькі, ня выцісьненыя ані завязаныя, ані зьмякчаныя масьцяй.

Зямля ваша спустошана; гарады вашыя агнём спалены; палі вашыя на вашых вачах паядаюць чужынцы; усё запусьцела, быццам пасьля руйнаваньня чужынскага.
 
Край ваш пусты; месты вашыя спаленыя цяплом; зямля вашая, перад вамі жаруць чужнікі яе, — і запушчаная, як спустошаная чужнікамі.

І засталася дачка Сіёна, як намёт у вінаградніку, як будан у гародзе, як абложаны горад.
 
І засталася дачка Сыёну, як будан у вінішчу, як начулішча ў гародзе, як абляганае места.

Калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам невялікае рэшты, дык мы былі б тое самае, што Садома, прыпадобніліся б да Гаморы.
 
Калі б СПАДАР войскаў не пакінуў нам астачы, то мы сталі б траха тым жа, чым Содома, сталі б падобныя да Ґоморы.

Слухайце слова Гасподняе, князі Садомскія: уважай закону Бога нашага, народзе Гаморскі!
 
Чуйце слова СПАДАРОВА, дзяржаўцы Содомы; ўважай на права Бога нашага, людзе Ґоморы!

Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? кажа Гасподзь. Я перанасыціўся цэласпаленьнямі бараноў і тлушчам укормленага быдла; і крыві цялят, і ягнят, і казлоў не хачу.
 
«Нашто Імне множасьць аброкаў вашых?» — кажа СПАДАР. «Насычаны Я ўсепаленьнямі бараноў і тукам кормных, і крыві быкоў а баранчыкаў а казлоў не хачу.

Калі вы прыходзіце, каб зьявіцца перад аблічча Маё, хто патрабуе ад вас, каб вы тапталі падворкі Мае?
 
Як прыходзіў бачыць від Мой, то хто вымагае ад вас, каб вы тапталі панадворкі Мае?

Не насеце болей дарункаў марнотных; дым кадзільны агідны Мне; навамесяцаў і суботаў, сходаў сьвяточных трываць не магу: беззаконьне — і сьвяткаваньне!
 
Наперад ня прыносьце пустых дароў: кадзеньне агіда Імне; маладзіка а сыботы, згуканьня збораў не магу цярпець: бяспраўе і — сьвяты збор!

Навамесяцы вашыя і сьвяты вашыя ненавідзіць душа Мая; яны цяжкія Мне; Мне цяжка іх несьці.
 
Маладзікі вашы, прызначаныя поры вашы ненавідзе душа Мая: яны вялічныя Імне, Я стамаваўся насіць іх.

І калі вы працягваеце рукі вашыя, Я заплюшчваю ад вас Мае вочы; і калі памнажаеце вы малітвы свае, Я ня чую: вашыя рукі ў крыві.
 
І як вы выцягнеце рукі свае, Я хаваю ад вас вока Свае; нават як вы павялічаеце малітву, Я ня чую: рукі вашы поўныя крыві.

Абмыйцеся, ачысьціцеся; адвядзеце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх; перастаньце рабіць зло;
 
Абмыйцеся, ачысьціцеся; аддальце ліха справаў вашых ад аччу Маіх, перастаньце рабіць ліха.

навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву.
 
Наўчыцеся рабіць дабро: шукайце суду, будзьце пасьцівымі з уцісьненымі, судзіце сірату, прычыняйцеся за справу ўдавы.

Тады прыйдзеце, і рассудзім, кажа Гасподзь. Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, — як сьнег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, — як воўну адбялю.
 
Прыходзьце ж цяпер, і разважма разам, — кажа СПАДАР, — хоць грахі вашыя будуць, як шкарлат, яны зьбялеюць, як сьнег; калі яны будуць чырвоныя, як чырва, стануцца, як воўна.

Калі захочаце і паслухаецеся, дык есьцімеце даброты зямлі.
 
Калі вы будзеце зычыць гэтага і будзеце паслухняныя, то паспытаецеся дабра зямлі;

Калі ж адмовіцеся і будзеце ўпарціцца, дык меч зжарэ вас: бо вусны Гасподнія маўляюць.
 
Калі ж вы адмовіцеся й будзеце бунтоўныя, — меч зжарэць вас; бо вусны СПАДАРОВЫ вымавілі».

Як зрабілася блудадзейкаю верная сталіца, поўная правасудзьдзя! Праўда жыла ў ёй, а цяпер забойцы.
 
Як стала бязуляю сталіца верная! была поўная суду, справядлівасьць жыла ў ёй, а цяпер — убіўцы.

Срэбра тваё зрабілася шлакам, віно тваё сапсавана вадою.
 
Срэбра твае стала шумаўём, віно твае зьмешанае з вадою.

Князі твае — законаадступнікі і пасобнікі злодзеяў; усе яны любяць дарункі і ўгоньваюцца за грашыма; не бароняць сіраты, і гора ўдавы ня абыходзіць ім.
 
Князі твае ўпорлівыя й сябры зладзеяў; усі яны любяць лапаны й гоняцца за надгародамі; яны ня судзяць сіротаў ані справа ўдавы прыходзе да іх.

Таму кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф, Моцны Ізраілеў: о, Я ўсьцешу Сябе над супраціўцамі Маімі і адпомшчу ворагам Маім!
 
Затым агалашае Спадар, СПАДАР войскаў, Дужы Ізраеляў: «Бяда ім! Я пацешуся з праціўнікаў Сваіх і памшчуся варагом Сваім.

І павярну на цябе руку Маю, і, як лугам, адчышчу зь цябе дамесак, і аддзялю ад цябе ўсё сьвінцовае
 
І ўзноў абярну руку Сваю на цябе, і ачышчу жлуктаю шумаўё твае, і аддзялю ўсю цыну тваю;

і пастаўляцьму судзьдзяў табе, як раней, і радцаў, як напачатку; тады будуць казаць пра цябе: «горад праўды, сталіца веры».
 
І ўзноў пастанаўлю судзьдзяў табе, як уперад, і райцаў табе, як спачатку: просьле гэтага ты будзеш названы местам справядлівым, сталіцаю вернай».

Сіён уратуецца правасудзьдзем, і навернутыя сыны яго — справядлівасьцю.
 
Сыён выкупіцца судам і наверненыя яго — справядлівасьцяй.

А ўсім адступнікам і грэшнікам — пагібель, і тыя, што пакінулі Госпада, вынішчацца.
 
Узрушыцелі ж права й грэшнікі разам будуць патрышчаны, і пакідаючыя СПАДАРА будуць выгублены;

Яны будуць пасаромленыя за дубровы, якіх вы так прагнулі, і брыдка ім будзе за сады, якія вам так панадныя.
 
Бо яны будуць засарамочаны за дубы, каторых вы жадалі, і засаромлены за гароды, што вы абралі;

Бо вы будзеце, як дуб, зь якога лісьце апала, і як сад, у якім няма вады.
 
Бо вы будзеце, як тый дуб, у каторага лісьцё зьвяла, і як гарод, у каторым няма вады;

І моцны будзе ашмоцьцем, і дзея ягоная — іскраю; і будуць паліцца разам, — і ніхто не патушыць.
 
І дужы будзе як рызьзё, і справа ягоная скрою; і будуць гарэць абое разам, і ніхто ня згасе.