Ісаі 58 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Заклікай голасна, ня стрымлівайся; узвысь голас твой, каб быў, як труба, і пакажы народу Майму на беззаконьне яго, і дому Якаваму — на грахі ягоныя.
 
«Гукай горлам, не адзержуйся; як труба, узьнімі голас свой і абясьці люду Майму выступы ягоныя і дому Якававаму — грахі ягоныя;

Яны кожнага дня шукаюць Мяне і хочуць ведаць шляхі Мае, як народ, што робіць справядліва і не адступаецца ад законаў Бога свайго; яны пытаюцца ў Мяне пра суды праўды, хочуць наблізіцца да Бога:
 
Бо кажны дзень яны шукаюць Мяне й зычаць пазнаць дарогі Мае, бы народ, што чыніў справядлівасьць і суду Бога свайго не пакідае; яны пытаюцца ў Мяне праз загады справядлівасьці й зычаць дабліжыцца да Бога:

«чаму мы посьцім, а Ты ня бачыш? упакорваем душы свае, а Ты ня ведаеш?» — Вось, у дзень посту вашага вы выконваеце волю вашу і патрабуеце цяжкае працы ад іншых.
 
"Чаму мы постуем, а Ты ня бачыш, мучым душы свае, а Ты ня ведаеш?" Вось, у дзень посту свайго вы шукаеце сабе прыемнасьці і да ўсіх работаў сваіх стродка прыганяеце.

Вось вы посьціце дзеля свараў і разладаў, і дзеля таго, каб дзёрзкаю рукою біць іншых; вы ня посьціце ў гэты час так, каб голас ваш быў пачуты на вышыні.
 
Вось, вы постуеце, каб сьперачацца а вадзіцца і біць вашым нягодным кулаком; наперад ня постуйце, як цяпер, каб пачуты быў на вышынях голас ваш.

Ці такі той пост, які Я выбраў, — дзень, у які томіць чалавек душу сваю, калі нурыць галаву сваю, як трысьнёг, і падсьцілае пад сябе зрэб’е і попел? Ці гэта называеш постам і днём, заўгодным Госпаду?
 
Хіба такі мае быць пост, каторы Я абраў, дзень, каторага чалавек муча душу сваю, сьхінае, як трысьціну, галаву сваю, і зрэб’е а попел падсьцілае? ці гэта завеш ты постам і часам прыемным СПАДАРУ?

Вось пост, які Я выбраў: разамкні аковы няпраўды, разьвяжы путы ярма, і прыгнечаных адпусьці на волю і разарві кожнае ярмо:
 
Ці ня гэта пост, што Я абраў, каб разьвязаць вязі нягоднаеьці, разьвязаць вязі йга, і пусьціць на волю ўцісьненых, і каб ты разарваў кажнае йго?

падзяліся з галодным хлебам тваім, і бяздомных бедных увядзі ў дом; калі ўбачыш голага, адзень яго, і ад адзінакроўнага твайго не хавайся.
 
Ці ня ў тым, — каб ты адламіў галоднаму хлеба свайго, увёў у дом хадзякаў ўбогіх? калі ты абачыш голага, адзень яго й не хавайся ад свайго цела.

Тады адкрыецца, як зара, сьвятло тваё, і ацаленьне тваё хутка вырасьце, і праўда твая пойдзе перад табою, і слава Гасподняя будзе з табою.
 
Тады выбухне, як зара, сьвятло твае, і ўздараўленьне твае борзда вырасьце, і пойдзе перад табою справядлівасьць твая, чэсьць СПАДАРОВА зьбярэць цябе.

Тады ты паклічаш — і Гасподзь пачуе, залямантуеш — і Ён скажа: Вось Я! Калі ты адвядзеш з асяродзьдзя твайго ярмо, перастанеш падымаць палец і гаварыць зьняважлівае
 
Тады ты пагукаеш, і СПАДАР адкажа; будзеш гукаць, і Ён скажа: "Тут Я!" Калі ты аддаліш з пасярод сябе ўсе йго а паказаваньне палцам а гуканьне бяспраўя,

і аддасі галоднаму душу тваю і накорміш душу пакутніка, — тады сьвятло тваё ўзыдзе ў цемры, і морак твой будзе як полудзень;
 
Калі ты аддасі галоднаму душу сваю і душу гаротніка насыціш; тады зазьзяе ў цемні сьвятліня твая, і цемрадзь твая будзе як паўдня;

і будзе Гасподзь правадыром тваім заўсёды, і ў час засухі будзе насычаць душу тваю і мацаваць косьці твае, і ты будзеш як напоены вадою сад і як крыніца, воды якое ніколі не перасыхаюць.
 
І будзе вадзіць цябе СПАДАР кажначасна, і насыце ў сухменю душу тваю, і косьці твае ўмацуе, і ты будзеш як добра наводнены гарод, як жарало вады, каторага воды ніколі не высыхаюць.

І забудуюцца нашчадкамі тваімі пустыні векавечныя: ты адродзіш асновы многіх пакаленьняў, і называцьмуць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву.
 
І тыя, што зь цябе, адбудуюць вечныя разьвярненьні, поды пакаленьня а пакаленьня ты адбудуеш, і назавуць цябе папраўнікам разьвярненьняў, аднавіцелям сьцежак, жыць у іх.

Калі ты ўтрымаеш нагу тваю дзеля суботы ад выкананьня прымхаў тваіх у сьвяты дзень Мой, і будзеш называць суботу радасьцю, сьвятым днём Гасподнім, шанавальным, і ўшануеш яе тым, што ня будзеш займацца звычнымі тваімі справамі, дагаджаць тваёй прыхамаці і пустасловіць,
 
Калі ты адвернеш нагу сваю ў сыботу, каб ня дойсьніць зычаньняў сваіх сьвятога дня Майго, і назавеш сыботу любатою, пасьвячанаю СПАДАРУ, пачэсьліваю, і ўсьціш яе, ня дойсьнячы дарогаў сваіх, і не знаходзячы сабе прыемнасьць і ня гукаючы пустых словаў;

дык мецьмеш радасьць у Госпадзе, і Я ўзьвяду цябе на вышыні зямныя і дам скаштаваць табе спадчыну Якава, бацькі твайго: вусны Гасподнія прамовілі гэта.
 
Тады будзеш мець любату ў СПАДАРУ, і Я прычыню, што ты будзеш ехаць на вышыні зямлі, і буду жывіць ця спадкам Якава, айца твайго; бо вусны СПАДАРОВЫ казалі гэта».