Ісаі 5 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары.
 
Запяю Любоваму свайму песьню Любовага свайго празь вінішча Ягонае. Вінішча было Любовага майго на версе вельма ўродлівае гары;

І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады.
 
І агарадзіў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім выборныя вінныя розкі, і пастанавіў вежу сярод яго, і таўчэльню вычасаў у ім, і ждаў, пакуль яно дасьць сьпелыя вінныя ягады; але яно дало дзікое віно.

І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім.
 
І цяпер, жыхары Ерузаліму й мужы юдэйскія, рассудзіце Мяне зь вінішчам Маім.

Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады?
 
Што можна было яшчэ зрабіць вінішчу Майму, чаго Я не зрабіў яму? чаму, як я ждаў, што яно дасьць сьпелыя вінныя ягады, яно дало дзікое віно?

Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць.
 
Цяпер-жа Я паведамлю вам праз тое, што Я зраблю вінішчу Свайму: адыймецца ад яго жываплот, і яно будзе спалена; абурыцца агарожа, і яно будзе стаптана;

І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом.
 
Пакіну яго спустошаным; ня будуць яго абразаць ані ўрабляць; і ўзыйдуць на ім бадзючыя расьліны а цернь, і раскажу булаком ня ліць на яго дажджу;

Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды — любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось — праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось — лямант.
 
Бо вінішча СПАДАРА войскаў — дом Ізраеляў, і мужы юдэйскія — прыемныя саджэнікі Ягоныя; і Ён ждаў суду, але, вось — уціск; — справядлівасьці, але, вось — галашэньне.

Гора вам, хто дадае дом да дома, далучае поле да поля, так што іншым не застаецца месца, нібыта вы адны паселены на зямлі.
 
Гора вам, прылучаючыя дом да дому, бліжачыя поле да поля, аж няма месца, каб вам адным жыць на зямлі.

У вушы мае сказаў Гасподзь Саваоф: шматлікія дамы гэтыя будуць пустыя, вялікія і прыгожыя — зьбязьлюдзеюць;
 
У вушы імне сказаў СПАДАР войскаў: «Шмат якія дамы будуць спустошаны, вялікія а добрыя — бяз жыхара;

дзесяць дзялянак у вінаградніку дадуць адзін бат, і хомэр пасеянага зерня ўродзіць заледзьве эфу.
 
Бо дзесяць дзялёнак вінішча дадуць адзін бат, і гомер насеньня дасьць ефу».

Гора таму, хто з раньняй раніцы шукае сікеру і да позьняга вечара разагравае сябе віном;
 
Гора тым, што ўстаюць рана нараніцы, каб гнацца за хмельным напіткам, застаюцца да познага вечара, пакуль віно распале іх.

і цытра і лютня, тымпан і жалейка, і віно на банкетах іхніх; а на дзеі Госпада не зважаюць яны, і пра чыны рук Ягоных ня думаюць.
 
І была гарпа а гусьлі, тымпан а дудка, і віно на чэсьцях іхных; але на справу СПАДАРОВУ не глядзяць і дзейнасьці рук Ягоных ня бачылі.

За тое народ мой пойдзе ў палон непрадбачана, і заможнікі яго загаладаюць, і багацеі ягоныя спрагнуцца смагаю.
 
Затым люд Мой быў палонены з прычыны няведаньня, і шчасьлівыя іхныя памруць із голаду, і множасьць іх ссохне ад смагі.

За тое пашырылася апраметная, і над меру разьзявіла пашчу сваю; і сыдзе туды слава іхняя, і багацьце іхняе, і шум іхні, і ўсё, што разьвесяляе іх.
 
За тое пашырыў шэоль душу сваю і надзвычайна рашчыніў ляпу сваю; і зыйдуць да яго слава іхная, і груд іхны, і гом іхны, і тый, што цешыцца зь яго.

І схіліцца чалавек, і ўпакорыцца мужчына, і вочы гардзеяў панікнуць;
 
І чалавек загбаецца, і людзіна паніжыцца, і вочы пыхатых будуць паніжаны;

А Гасподзь Саваоф узьнясецца высока ў судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праўдзе.
 
І будзе ўзьвялічаны на судзе СПАДАР войскаў, і БОГ сьвяты ўсьвяціцца ў справядлівасьці.

І будуць пасьвіцца авечкі па сваёй волі, і чужыя будуць карміцца пакінутымі тлустымі пашамі багацеяў.
 
Тады ягняты будуць пасьціцца подле звычаю, і пустыя месцы ўродлівае зямлі будуць есьці чужнікі.

Гора тым, якія цягнуць на сябе беззаконьне вяроўкамі марнасьці і грэх — як бы ляйчынамі калясьнічнымі;
 
Гора тым, што прыцягаюць бяспраўе паварозамі марнасьці і грэх бы цялежкавымі паварозамі,

якія кажуць: «Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзею Сваю, каб мы бачылі, і хай наблізіцца і выканаецца парада Сьвятога Ізраілевага, каб мы даведаліся!»
 
Каторыя кажуць: «Хай Ён пабарзьдзіць, прысьпяшыць справу Сваю, каб мы бачылі, і хай дабліжыцца, і хай прыйдзе рада Сьвятога Ізраелявага, і пазнаем».

Гора тым, якія зло называюць дабром, і дабро — злом, цемру лічаць сьвятлом, і сьвятло — цемраю, горкае лічаць салодкім, і салодкае — горкім!
 
Гора тым, што завуць ліха дабром і дабро ліхам, што маюць цямноту за сьвятліню і сьвятліню за цямноту, маюць гаркое за салодкае і салодкае за гаркое.

Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і разумныя перад самімі сабою!
 
Гора мудрым у вачох сваіх і разумным перад самымі сабою.

Гора тым, якія багатыры піць віно і моцныя гатаваць моцны напой,
 
Гора тым, што дужыя піць віно і моцныя мяшаць хмельны напітак,

якія за хабар апраўдваюць вінаватага і праведных пазбаўляюць законнага!
 
Каторыя праўдзяць нягоднага за лапан і ў справядлівых адбіраюць справядлівасьць.

Як агонь пажырае салому, і полымя зьнішчае сена, так спарахнее корань іхні і цьвет іх разьвеецца пылам; бо заняхаілі яны закон Госпада Саваофа і заняхаілі слова Сьвятога Ізраілевага.
 
Затым, як цяпло жарэць жнеўнік, і поламя нішча ўмецьце, так карэнь іхны будзе, як гнільлё, і квет іхны, як пыл, падыймецца; бо яны адкінулі Права СПАДАРА войскаў і пагрэбавалі словам Сьвятога Ізраелявага.

За тое загарыцца гнеў Госпада на народ Ягоны, і працягне Ён руку Сваю на яго і ўразіць яго, аж здрыгануцца горы, і трупы іх будуць, як памёт на вуліцах. І пры ўсім гэтым гнеў Яго не адступіцца, і рука Яго яшчэ будзе працягнутая.
 
І затым загарэўся гневам СПАДАР на люд Свой, і выцягнуў руку Сваю на яго, і зразіў яго; і здрыгануліся горы, і трупы іх сталі як нечысьць сярод вуліцаў; пры ўсім тым гнеў Ягоны яшчэ ня сьціх і рука Ягоная яшчэ выцягнена.

І падыме сьцяг народам далёкім і дасьць знак таму, хто жыве на краі зямлі, — і вось, ён лёгка і скора прыйдзе;
 
І падыйме сьцяг народам здалеку, і сьвісьне яму ад краю зямлі, і вось, ён борзда а лёгка стане.

і ня будзе ў яго ні стомленага, ні зьнямоглага; ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня здымецца пояс са сьцёгнаў ягоных, і не парвецца рэмень на абутку ягоным;
 
Ня будзе ў ім стомленага ані таго, што спатыкаецца; ён ня будзе дрымаць і ня будзе спаць; пояс ня здыймецца ізь сьцёгнаў ягоных, і рэмень не адарвецца ад чаравікаў ягоных;

стрэлы ў яго навостраныя, і ўсе лукі ў яго напятыя; капыты коней ягоных падобныя да крэменю, і колы яго, як віхура;
 
Стрэлы ягоныя зайстраны, і ўсі лукі ягоныя напяты; капыты коні ягоных, як крэмень уважаць будуць, і цялежкі — як віхор;

рык ягоны, як рык ільвіцы; ён рыкае як ільвяня, і зарыкае і схопіць здабычу, і панясе, і ніхто не адбярэ.
 
Равеньне іхнае, як лявінае; яны будуць раўсьці, як левяняты; але, яны будуць выць, і схопяць здабытак, і ўцячэць, і ніхто ня вывальне.

І зарыкае на яго ў той дзень быццам рыкам разьятранага мора; і гляне ён на зямлю, і вось — цемра, гора, і сьвятло патухла ў аблоках.
 
І будуць выць на яго таго дня, як вык мора; і як гляне на зямлю, во цямнота, уціск, і сьвятліня сьцямнела на булакох яе.