Ісаі 5 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары.
І буду я сьпяваць Любаму майму сьпеў пра вінаграднік Ягоны. Любы мой меў вінаграднік на ўзгорку ўрадлівым.
І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады.
Ён абкапаў яго і ачысьціў яго ад камянёў, і пасадзіў у ім найлепшую лазу вінаградную, і пабудаваў вежу на сярэдзіне яго, і паставіў у ім тоўчню, і спадзяваўся, што вырасьце вінаград, але вырасьлі дзікія ягады.
І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім.
І цяпер, жыхары Ерусаліму і мужы Юды, рассудзіце паміж Мною і вінаграднікам Маім.
Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады?
Што мусіў Я яшчэ зрабіць для вінаградніку Майго, а не зрабіў? Чаму, калі чакаў, што ўродзіць вінаград, ён урадзіў дзікія ягады?
Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць.
І цяпер Я паведамлю вам, што Я зраблю з вінаграднікам Маім: прыбяру жываплот ягоны, і ён будзе на зьнішчэньне, развалю агароджу ягоную, і будзе ён на патаптаньне,
І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом.
і аддам яго на спусташэньне; ня будзе ён абцінаны і абкопваны, і зарасьце цернем і асотам, і хмарам Я забараню даваць дождж яму.
Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды — любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось — праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось — лямант.
Бо вінаграднік ГОСПАДА Магуцьцяў — гэта дом Ізраіля, а мужы Юды — парастак выбраны Яго. І Я спадзяваўся, [што будзе] суд, а вось, праліцьцё крыві, [чакаў] праведнасьці, а вось крыкі [пагрозаў].
Гора вам, хто дадае дом да дома, далучае поле да поля, так што іншым не застаецца месца, нібыта вы адны паселены на зямлі.
Гора тым, якія далучаюць дом да дому, а поле дадаюць да поля, ажно [іншым] не застаецца месца, быццам вы адны толькі жывіцё на зямлі.
У вушы мае сказаў Гасподзь Саваоф: шматлікія дамы гэтыя будуць пустыя, вялікія і прыгожыя — зьбязьлюдзеюць;
У вушы мае [сказаў] ГОСПАД Магуцьцяў: «Сапраўды, шмат дамоў будзе зруйнавана, вялікіх і прыгожых, і будуць яны без жыхароў.
дзесяць дзялянак у вінаградніку дадуць адзін бат, і хомэр пасеянага зерня ўродзіць заледзьве эфу.
Бо дзесяць моргаў вінаградніку дадуць адзін бат, а насеньне з гомару дасьць эфу.
Гора таму, хто з раньняй раніцы шукае сікеру і да позьняга вечара разагравае сябе віном;
Гора тым, якія, устаўшы рана, шукаюць сікеру, якія п’юць аж да вечара, каб віно разагравала іх.
і цытра і лютня, тымпан і жалейка, і віно на банкетах іхніх; а на дзеі Госпада не зважаюць яны, і пра чыны рук Ягоных ня думаюць.
Гусьлі і ліры, бубны і жалейкі, і віно на баляваньнях іхніх, а пра справы ГОСПАДА яны ня дбаюць, і твораў рук Ягоных ня бачаць.
За тое народ мой пойдзе ў палон непрадбачана, і заможнікі яго загаладаюць, і багацеі ягоныя спрагнуцца смагаю.
Дзеля таго пойдзе ў няволю народ Мой, бо ён ня мае разуменьня, і магнаты ягоныя будуць галадаваць, а мноства ягонае пасохне ад смагі.
За тое пашырылася апраметная, і над меру разьзявіла пашчу сваю; і сыдзе туды слава іхняя, і багацьце іхняе, і шум іхні, і ўсё, што разьвесяляе іх.
Таму адхлань пашырыла горла сваё і разьзявіла бяз меры пашчу сваю, і зыйдзе туды велічнасьць яго, і мноства яго, і гоман яго, і тыя, што весяляцца ў ім.
І схіліцца чалавек, і ўпакорыцца мужчына, і вочы гардзеяў панікнуць;
І будзе паніжаны чалавек, і будзе ўпакораны муж, і вочы фанабэрыстых будуць скораныя.
А Гасподзь Саваоф узьнясецца высока ў судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праўдзе.
І ўзвысіцца ГОСПАД Магуцьцяў у судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праведнасьці.
І будуць пасьвіцца авечкі па сваёй волі, і чужыя будуць карміцца пакінутымі тлустымі пашамі багацеяў.
І будуць пасьвіцца авечкі як на пашы сваёй, і казьляняты будуць есьці траву сярод руінаў.
Гора тым, якія цягнуць на сябе беззаконьне вяроўкамі марнасьці і грэх — як бы ляйчынамі калясьнічнымі;
Гора тым, якія на пастронках марнасьці валакуць беззаконьне, і грахі — на вяроўках возу,
якія кажуць: «Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзею Сваю, каб мы бачылі, і хай наблізіцца і выканаецца парада Сьвятога Ізраілевага, каб мы даведаліся!»
і кажуць: “Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзеяньні Свае, каб мы ўбачылі, і няхай зьдзейсьніцца намер Сьвятога Ізраіля, каб мы даведаліся!”
Гора тым, якія зло называюць дабром, і дабро — злом, цемру лічаць сьвятлом, і сьвятло — цемраю, горкае лічаць салодкім, і салодкае — горкім!
Гора тым, якія зло называюць дабром, а дабро — злом, якія лічаць цемру сьвятлом, а сьвятло — цемраю, горкае лічаць салодкім, а салодкае — горкім.
Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і разумныя перад самімі сабою!
Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і якія разумныя перад самімі сабою.
Гора тым, якія багатыры піць віно і моцныя гатаваць моцны напой,
Гора тым, якія адважныя, каб піць віно, і мужныя, каб мяшаць сікеру,
якія за хабар апраўдваюць вінаватага і праведных пазбаўляюць законнага!
якія за хабар апраўдваюць вінаватага, а праведнасьць праведніка адсоўваюць ад яго.
Як агонь пажырае салому, і полымя зьнішчае сена, так спарахнее корань іхні і цьвет іх разьвеецца пылам; бо заняхаілі яны закон Госпада Саваофа і заняхаілі слова Сьвятога Ізраілевага.
Таму як салому зьядае язык вогненны, а сена зьнікае ў полымі, так корань іхні станецца гнільлём, і краса іхняя разьляціцца, як пыл, бо яны адкінулі Закон ГОСПАДА Магуцьцяў, і словамі Сьвятога Ізраіля пагардзілі.
За тое загарыцца гнеў Госпада на народ Ягоны, і працягне Ён руку Сваю на яго і ўразіць яго, аж здрыгануцца горы, і трупы іх будуць, як памёт на вуліцах. І пры ўсім гэтым гнеў Яго не адступіцца, і рука Яго яшчэ будзе працягнутая.
Таму ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і Ён выцягнуў руку Сваю супраць яго, каб пакараць яго, і задрыжэлі горы, і трупы іхнія [сталіся] як сьмецьце сярод вуліцы. Але на гэтым усім не спыніўся гнеў Ягоны, і рука Ягоная яшчэ выцягнута.
І падыме сьцяг народам далёкім і дасьць знак таму, хто жыве на краі зямлі, — і вось, ён лёгка і скора прыйдзе;
І Ён падыме сьцяг да народу далёкага, і засьвішча яму з канца зямлі, і ён прыйдзе хутка і лёгка;
і ня будзе ў яго ні стомленага, ні зьнямоглага; ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня здымецца пояс са сьцёгнаў ягоных, і не парвецца рэмень на абутку ягоным;
ня будзе стомленых у ім і ніхто не спатыкнецца, ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня будзе зьняты пояс з паясьніцы ягонай, і ня лопне рамень сандалаў ягоных.
стрэлы ў яго навостраныя, і ўсе лукі ў яго напятыя; капыты коней ягоных падобныя да крэменю, і колы яго, як віхура;
Стрэлы ягоныя вострыя і ўсе лукі ягоныя напятыя; капыты коней ягоных — як крэмень, колы [калясьніцаў] ягоных — як віхор.
рык ягоны, як рык ільвіцы; ён рыкае як ільвяня, і зарыкае і схопіць здабычу, і панясе, і ніхто не адбярэ.
Рык ягоны — як рык ільвіцы; і рыкаючы, рыкае ён як львяняты, і раве, і хапае здабычу, і нясе, і ніхто ня выратуе.
І зарыкае на яго ў той дзень быццам рыкам разьятранага мора; і гляне ён на зямлю, і вось — цемра, гора, і сьвятло патухла ў аблоках.
І ён зараве над [здабычай] у той дзень як раве мора; і ён гляне на зямлю, і вось, цемра і прыгнёт, і сьвятло схавалася ў хмарах».