Ісаі 28 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Гора вянку ганарыстасьці п’яных Яфрэмлянаў, завялай кветцы прыгожага ўбранства ягонага, якая на версе ўрадлівай даліны пераможаных віном!
Гора кароне пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма, зьвялай кветцы слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, ап’янеўшы ад віна!
Вось моцны і дужы ў Госпада, як залева з градам і пагібельная віхура, як разьлітая паводка бурлівых водаў, зь сілаю кідае яго на зямлю.
Вось, ад ГОСПАДА [прыходзіць] дужы і магутны, як бура з градам, як ураган зьнішчальны, як паводка залеўная, і кіне [яго] на зямлю рукою [сваёй].
Нагамі топчацца вянок ганарыстасьці п’яных Яфрэмлянаў.
Нагамі будзе патаптана карона пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма.
І з завялаю кветкаю прыгожага ўбранства ягонага, якая на версе ўрадлівай даліны, робіцца тое самае, што бывае з заўчасна дасьпелаю смокваю, якую, як толькі хто ўбачыць, адразу бярэ ў руку і праглыне яе.
І станецца, што зьвялая кветка слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, будзе як рана [сасьпелая] фіга перад жнівом, якую, калі нехта ўбачыць, зрывае далоняй сваёй і зьядае яе.
Таго дня Гасподзь Саваоф будзе цудоўным вянком і слаўнаю дыядэмаю рэшце люду Свайго,
У той дзень ГОСПАД Магуцьцяў будзе каронай славы і велічнай дыядэмай для рэшты народу Свайго,
і духам правасудзьдзя таму, хто сядзіць у судзілішчы, і мужнасьцю тым, што адбіваюць няпрыяцеля да брамы.
і духам правасудзьдзя для таго, хто сядзіць у судзе, і мужнасьцю для тых, хто адкідае [ворага] ў бітве пры браме.
Але і гэтыя хістаюцца ад віна і блукаюць ад сікеры; сьвятар і прарок спатыкаюцца ад моцных напояў; пераможаныя віном, звар’яцелі ад сікеры, у бачаньні памыляюцца, у разважаньнях спатыкаюцца.
А гэтыя блукаюць ад віна, і ад сікеры хістаюцца, сьвятар і прарок блукаюць ад сікеры, напіліся віна, хістаюцца ад сікеры, блукаюць у відзежы, спатыкаюцца ў пастановах [сваіх].
Бо ўсе сталы напоўнены агіднаю блявоцінаю, чыстага месца няма.
Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і запэцканыя, што няма месца [чыстага].
А кажуць: «каго хоча вучыць ён веданьню? і каго наводзіць на розум пропаведзьдзю? аднятых ад груднога малака, адлучаных ад саскоў?
Каго такі будзе вучыць веданьню? І каму будзе тлумачыць вучэньне? Дзецям, аднятым ад малака? Немаўлятам, аднятым ад грудзей?
Бо ўсё запаведзь да запаведзі, запаведзь да запаведзі, правіла да правіла, правіла да правіла, тут крыху і там крыху».
Бо прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху.
Затое лепятлівымі вуснамі і чужой моваю прамаўляцьмуць да гэтага люду.
Бо незразумелымі вуснамі і языком чужым будзе прамаўляць да народу гэтага
Ім казалі: «вось — спакой, дайце спакою струджанаму, і вось — супакаеньне». Але слухаць яны не хацелі.
Той, Які сказаў ім: «Вось супачынак! Дайце супачыць змучанаму! Вось адпачынак!» Але яны не хацелі слухаць.
І зрабілася ў іх словам Госпада: запаведзь да запаведзі, запаведзь да запаведзі, правіла да правіла, правіла да правіла, тут крыху, там крыху, — так што яны пойдуць, і ўпадуць наўзнакі і разаб’юцца, і пападуцца ў сетку і будуць злоўленыя.
І было да іх слова ГОСПАДА: «Прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху», каб яны пайшлі і ўпалі на сьпіну, і разьбіліся, і каб ублыталіся, і каб былі схопленыя.
Дык вось, слухайце слова Гасподняе, агуднікі, упраўцы народу гэтага, Ерусалімскага.
Дзеля гэтага паслухайце слова ГОСПАДА, людзі блюзьнерчыя, якія пануеце над народам гэтым, які [жыве] ў Ерусаліме.
Як што вы кажаце: «мы заключылі саюз са сьмерцю і з апраметнаю згоду ўчынілі: калі карны біч будзе праходзіць, ён не застане нас, — бо падман мы зрабілі прытулкам сабе, падманам прыкрыем сябе».
Вы кажаце: «Мы заключылі запавет са сьмерцю і з адхланьню зрабілі дамову. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], ён ня дойдзе да нас, бо хлусьню мы зрабілі прыстанішчам нашым, і ў ашуканстве мы схаваліся».
Пасьля гэтага так кажа Гасподзь Бог: вось, Я закладаю на Сіёне камень, — камень выпрабаваньняў, вуглавы, каштоўны, моцны спод: хто верыць у яго, не пасаромеецца.
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я кладу на Сыёне камень, камень выпрабаваны, вуглавы, каштоўны, моцна ўгрунтаваны. Хто верыць у Яго, ня будзе ўцякаць.
І пастаўлю суд мераю і праўду вагамі; і градам вынішчыцца прытулак падману, і воды затопяць месца схаваньня.
І Я пастаўлю суд як мерку і праведнасьць як грунтвагу, і град зьнішчыць прыстанішча хлусьні, і схоў ейны воды затопяць.
І саюз ваш са сьмерцю парушыцца, і згода вашая з апраметнай ня выстаіць. Калі пойдзе карны біч, вы будзеце патаптаныя.
І будзе разарваны запавет ваш са сьмерцю, і дамова вашая з адхланьню не ўтрымаецца. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], будзеце імі стаптаныя.
Як толькі ён пойдзе, — схопіць вас; а халадзіць будзе кожнае раніцы, дзень і ноч, і адна чутка пра яго будзе сеяць жуду.
Колькі разоў пойдзе [навала], схопіць вас, бо будзе яна праходзіць кожную раніцу, і ўдзень, і ўначы, і будзеце з жахам чуць вестку [гэтую].
Закароткі будзе ложак, каб выцягнуцца; завузкая і коўдра, каб загарнуцца ў яе.
Бо надта кароткім будзе ложак, каб [на ім] выцягнуцца, і вузкім накрыцьцё, каб [ім] накрыцца.
Бо паўстане Гасподзь, як на гары Парацыме; разгневаецца, як у даліне Гаваонскай, каб зрабіць дзею Сваю, незвычайную дзею, і ўчыніць дзеяньне Сваё, дзівоснае Сваё дзеяньне.
Бо паўстане ГОСПАД, як на гары Перацым, як у даліне ў Гібэоне, будзе Ён гневацца, каб учыніць справу Сваю, дзіўную справу Сваю, каб выканаць работу Сваю, незвычайную работу Сваю.
Дык вось, ня блюзьнерце, каб путы вашыя не памацнелі; бо я чуў ад Госпада, Бога Саваофа, што зьнішчэньне вызначана ўсёй вашай зямлі.
І цяпер не насьміхайцеся, каб не заціснуліся кайданы вашыя; бо я чуў ад Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, што прызначана зьнішчэньне для ўсёй зямлі.
Прыхілеце вуха, і паслухайце майго голасу; будзьце ўважлівыя, і паслухайце слова маё.
Прыхіліце вуха і паслухайце голас Мой, будзьце ўважлівыя і паслухайце словы Мае!
Ці ж заўсёды ратай арэ дзеля сяўбы, барозьніць і скародзіць зямлю сваю?
Ці кожны дзень араты арэ для сяўбы, барануе і абрабляе ральлю сваю?
Не; калі выраўняе паверхню яе, ён сее чарнушку, альбо рассыпае кмен, альбо раскідае пшаніцу радамі, і ячмень у пэўным месцы, і жыта побач зь ім.
Ці ж ён, калі выраўняе аблічча ейнае, ня сее чарнуху і не рассыпае кмен? Ці ня сее ён пшаніцу і ячмень на выбраным месцы, і жыта ў межах яе?
І такому парадку вучыць яго Бог ягоны; Ён настаўляе яго.
І навучае яго пра такі парадак Бог ягоны, і вучыць яго.
Бо не малоцяць чарнушку катком зубчатым, і колаў малацільных не качаюць па кмене; а кіем выбіваюць чарнушку, і кмен — кіем.
Бо не малоцяць чарнухі зубцамі [жалезнымі], [колам ад возу] не качаюць па кмене, але цэпам выбіваецца чарнуха, а кмен — палкаю.
Збажыну вымалочваюць, але не разьбіваюць яе; і водзяць па ёй малацільныя колы з конямі іхнімі, але не расьціраюць яе.
Ці таўкуць збожжа? Не бясконца малоціць яго малацьбіт, ён цягае па ім кола возу свайго, але коні ягоныя не таўкуць яго.
І гэта робіцца ад Госпада Саваофа: дзівосны лёс у Яго, вялікая мудрасьць Ягоная!
Гэта таксама выйшла ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Ён даў цудоўную раду, і вялікая мудрасьць Ягоная.