Ісаі 64 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

О, калі б Ты разадраў нябёсы і сышоў! горы расталі б ад аблічча Твайго,
 
О, каб Ты разьдзёр неба і зыйшоў! Перад абліччам Тваім растапіліся б горы!

як ад палючага агню, як ад таго, што кіпяціць ваду, каб імя Тваё зрабіць вядомым ворагам Тваім; ад аблічча Твайго здрыгануліся б народы.
 
Як агонь паліць гальлё, і як кіпіць вада на агні, так дай пазнаць імя Тваё ворагам Тваім. Перад абліччам Тваім будуць дрыжаць народы.

Калі Ты ўчыняў страшэнныя дзеі, якіх мы не чакалі, і сыходзіў, — горы ратавалі ад аблічча Твайго.
 
Калі Ты чыніш страшныя рэчы, якіх мы не чакалі, Ты зыходзіш, і перад абліччам Тваім топяцца горы!

Бо адвеку ня чулі, ня слухалі вухам, і ніякае вока ня бачыла іншага бога, акрамя Цябе, каб столькі зрабіў тым, што спадзяюцца на яго.
 
Ад вякоў не было чуваць, і да вуха не даходзіла, і вока ня бачыла Бога, акрамя Цябе, Які б зрабіў [гэта] тым, якія Яго чакаюць.

Ты літасьціва сустракаў таго, хто радуецца і робіць праўду, спамінае Цябе на шляхах Тваіх. Але вось, Ты згневаўся, бо мы здавён грашылі; і як жа мы будзем выратаваны?
 
Ты выходзіш насустрач таму, хто з радасьцю чыніць праведнасьць, [насустрач] тым, якія на шляхах Тваіх памятаюць пра Цябе. Вось, Ты загневаўся, бо мы грашылі здаўна. І як [нам] быць збаўленымі?

Усе мы зрабіліся — як нячысты, і ўся праведнасьць наша — як запэцканая вопратка; і ўсе мы пабляклі, як ліст, і беззаконьні нашыя, як вецер, нясуць нас.
 
І ўсе мы сталіся як нячысты, і ўся праведнасьць наша як заплямленая [месячнымі] адзежа, і мы ўсе вянем, як лісьце, і беззаконьні нашыя панесьлі нас як вецер.

І няма каму заклікаць імя Тваё, хто пастанавіў бы моцна трымацца за Цябе: таму Ты схаваў ад нас аблічча Тваё і пакінуў нас гінуць ад беззаконьняў нашых.
 
І няма нікога, хто клікаў бы імя Тваё, хто б абудзіўся, каб трымацца моцна Цябе, бо Ты адвярнуў аблічча Тваё ад нас і аддаў нас у рукі беззаконьняў нашых.

Але сёньня, Госпадзе, Ты — Айцец наш; мы — гліна, а Ты — стваральнік наш, і ўсе мы — творы рукі Тваёй.
 
І цяпер Ты, ГОСПАДЗЕ — Айцец наш, а мы — гліна; Ты — Той, Які лепіш нас, а мы ўсе — творы рук Тваіх!

Ня гневайся, Госпадзе, бязь меры, і ня вечна памятай беззаконьне. Паглядзі ж: мы ўсе народ Твой.
 
Ня гневайся, ГОСПАДЗЕ, так моцна і ня памятай заўсёды беззаконьне [нашае]. Вось, паглядзі, мы ўсе — народ Твой!

Гарады сьвятыні Тваёй зрабіліся пусткаю; пусткаю стаўся Сіён, Ерусалім спустошаны.
 
Гарады сьвятыя Твае сталіся пустыняй, Сыён стаўся пустыняй, і Ерусалім стаўся пусткаю.

Дом асьвячэньня нашага і славы нашай, дзе бацькі нашы праслаўлялі Цябе, спалены агнём, і ўсе каштоўнасьці нашыя зрабаваныя.
 
Дом сьвятасьці нашай і велічы нашай, у якім славілі Цябе бацькі нашыя, спалены агнём, і ўсё, што мы любілі, сталася руінай.

Пасьля гэтага ці ж будзеш яшчэ стрымлівацца, Госпадзе, ці будзеш маўчаць і караць нас бязь меры?
 
Ці ж на ўсё гэта Ты можаш быць абыякавы, ГОСПАДЗЕ? [Ці] Ты будзеш маўчаць і караць нас так моцна?