Ісаі 19 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Прароцтва пра Егіпет. — Вось, Гасподзь сядзіць на воблаку лёгкім і прыбывае ў Егіпет. І затрымцяць ад аблічча Яго ідалы Егіпецкія, і сэрца Егіпта растане ў ім.
 
Цяжар адносна Эгіпту. Вось, ГОСПАД нясецца на лёгкім воблаку і ўваходзіць у Эгіпет. І задрыжаць ідалы Эгіпецкія перад абліччам Ягоным, і сэрца Эгіпту растопіцца ў грудзях ягоных.

Я ўзбуру Егіпцянаў і будуць ваяваць брат супроць брата і сябар супроць сябра, горад з горадам, царства з царствам.
 
І падымуцца Эгіпцяне супраць Эгіпцянаў; і будзе ваяваць кожны супраць брата свайго, і кожны супраць бліжняга свайго, горад супраць гораду, валадарства супраць валадарства.

І дух Егіпта зьняможацца ў ім, і заблытаю раду яго, — і пойдуць яны да ідалаў і да чарадзеяў, і да закліначоў мёртвых і да варажбітоў.
 
І заломіцца дух Эгіпту ў ім самім. І Я заблытаю раду ягоную, яны будуць радзіцца з ідаламі, з духамі памёршых, з чараўнікамі і з варажбітамі.

І аддам Егіпцянаў у рукі валадара жорсткага, і люты цар запануе над імі, кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
 
І Я аддам Эгіпет у рукі гаспадара жорсткага, і валадар люты будзе панаваць над імі, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў.

І скончыцца вада ў моры і рака зьвядзецца і высахне;
 
І зьнікне вада ў моры, і рака будзе сохнуць і высахне.

і звузяцца рэкі, і каналы Егіпецкія сплытчэюць і высахнуць; павянуць чарот і трысьнёг.
 
І засьмярдзяць рэкі, і ручаі ў Эгіпце зьмялеюць і высахнуць, а трысьнёг і чарот зьвянуць.

Лугі над ракою, па берагах ракі, і ўсё, пасеянае каля ракі, засохне, разьвеецца і счэзьне.
 
Палі пры рацэ, на берагах ракі, і ўсё пасеянае пры рацэ высахне, будзе разьвеянае і прападзе.

І заплачуць рыбакі, і загалосяць усе, хто закідвае вуды ў раку, і хто ставіць мярэжы ў вадзе, западуць у роспач;
 
І будуць засмучаныя ўсе рыбакі, і будуць плакаць тыя, якія закідваюць вуду ў раку, а тыя, якія ставяць нерат на абліччы вады, страцяць надзею.

і будуць зьбянтэжаны тыя, што апрацоўваюць лён, і ткачы белых палотнаў;
 
І асаромяцца тыя, якія працуюць пры чэсаным лёне, і ткачы палотнаў зьбялеюць.

і будуць панішчаны мярэжы, і ўсе, хто трымае садкі пад жывую рыбу, занепадуць духам.
 
І будуць парваныя асновы [Эгіпту], і тыя, што працуюць за плату, будуць зьбянтэжаныя ў душы [сваёй].

Так! страцілі розум князі Цаанскія; рада мудрых дарадцаў фараонавых страціла глузд. Як скажаце вы фараону: «я сын мудрацоў, сын цароў старажытных?»
 
О, як здурнелі князі Цаану! Мудрыя даюць фараону раду недарэчную. Як вы [можаце] казаць фараону: «Я — сын мудрацоў, сын валадароў старадаўніх»?

Дзе яны? дзе твае мудрацы? хай яны скажуць табе; хай даведаюцца, што Гасподзь Саваоф вызначыў пра Егіпет?
 
Дзе цяпер мудрацы твае? Няхай яны пакажуць табе і няхай дадуць ведаць, што вырашыў ГОСПАД Магуцьцяў адносна Эгіпту.

Звар’яцелі князі Цаанскія; ашукаліся князі Мэмфіскія, і збочыў Егіпет з дарогі галавы плямёнаў ягоных.
 
Здурнелі князі Цаану, падманутыя князі Нофу, ашукалі Эгіпет старшыні плямёнаў ягоных.

Гасподзь уліў у яго дух чмуру, — і яны ўвялі Егіпет у аблуду ва ўсіх чынах ягоных, падобна на тое, як ходзіць п’яны па ванітах сваіх.
 
ГОСПАД даў яму дух ап’яненьня, каб Эгіпет блукаў у-ва ўсіх справах сваіх, як блукае п’яніца ў ванітах сваіх.

І ня будзе ў Егіпце такое дзеі, якую ўчыніць умелі б галава і хвост, пальма і трысьціна.
 
Няма ў Эгіпце такой справы, якую [могуць] зрабіць галава і хвост, пальма і чарот.

У той дзень Егіпцяне будуць падобныя да жанчын і затрымцяць і забаяцца руху рукі Госпада Саваофа, якую Ён падыме на іх.
 
У той дзень станецца Эгіпет нібы жанчыны, будзе дрыжэць і будзе палохацца ад выгляду ўзьнятай рукі ГОСПАДА Магуцьцяў, якую Ён падыме супраць іх.

Зямля Юдава зробіцца жудасьцю Егіпту; хто ўзгадае пра яе, той затрымціць ад вызначэньня Госпада Саваофа, якое Ён пастанавіў пра яго.
 
І станецца зямля Юды жахам для Эгіпту. Кожны, хто ўзгадае пра яе, напалохаецца перад абліччам намеру ГОСПАДА Магуцьцяў, які Ён пастанавіў супраць яго.

У той дзень пяць гарадоў у зямлі Егіпецкай загавораць моваю Ханаанскай і будуць бажыцца Госпадам Саваофам; адзін назавецца горадам сонца.
 
У той дзень будзе пяць гарадоў у зямлі Эгіпецкай, якія будуць гаварыць моваю ханаанскаю і прысягаць на ГОСПАДА Магуцьцяў. Адзін з іх будзе звацца Ір-Гахерэс.

У той дзень ахвярнік Госпаду будзе пасярод зямлі Егіпецкай, і помнік Госпаду — каля межаў яе.
 
У той дзень будзе ахвярнік для ГОСПАДА пасярод зямлі Эгіпецкай, а слуп для [ўшанаваньня] ГОСПАДА — на мяжы ейнай.

І будзе ён азнакаю і сьведчаньнем пра Госпада Саваофа ў зямлі Егіпецкай, бо яны заклічуць да Госпада ад прыгнятальнікаў, і Ён пашле ім выратавальніка і заступніка, і выбавіць іх.
 
І будзе ён на знак і на сьведчаньне для ГОСПАДА Магуцьцяў у зямлі Эгіпецкай. Бо калі яны будуць клікаць да ГОСПАДА перад абліччам прыгнятальнікаў, Ён пашле ім збаўцу, і абароніць, і выратуе.

Гасподзь явіць Сябе ў Егіпце; і Егіпцяне ў той дзень спазнаюць Госпада і прынясуць ахвяры і дарункі, і дадуць абяцаньні Госпаду, і выканаюць.
 
І ГОСПАД дасьць ведаць Сябе Эгіпту, і Эгіпет пазнае ГОСПАДА ў той дзень, і будуць служыць [Яму] ахвярамі крывавымі і ахвярамі хлебнымі, і будуць складаць абяцаньні ГОСПАДУ, і спаўняць іх.

І паб’е Гасподзь Егіпет, — паб’е і ацаліць: яны зьвернуцца да Госпада — і Ён пачуе іх і ацаліць іх.
 
І ўдарыць ГОСПАД Эгіпет плягаю, і аздаровіць; і яны навернуцца да ГОСПАДА, і Ён выслухае іх, і вылекуе іх.

У той дзень зь Егіпта ў Асірыю будзе вялікая дарога, і будзе прыходзіць Асур у Егіпет, і Егіпцяне — у Асірыю; і Егіпцяне разам з Асірыйцамі служыцьмуць Госпаду.
 
У той дзень будзе бітая дарога з Эгіпту ў Асірыю. І прыйдзе Асірыя ў Эгіпет, а Эгіпет — у Асірыю, і будуць служыць [Госпаду] Эгіпет і Асірыя.

У той дзень Ізраіль будзе трэці зь Егіптам і Асірыяй; дабраславеньне будзе на зямлі,
 
У той дзень Ізраіль будзе трэцім з Эгіптам і Асірыяй, дабраславеньнем пасярод зямлі,

якую дабраславіць Гасподзь Саваоф, кажучы: дабраславёны народ Мой, Егіпцяне, і дзея рук Маіх — Асірыяне, і спадчына Мая — Ізраіль.
 
бо ГОСПАД Магуцьцяў дабраславіць іх, кажучы: «Няхай будзе дабраслаўлёны народ Мой, Эгіпет, і твор рук Маіх, Асірыя, і спадчына Мая, Ізраіль».