Ісаі 37 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Калі пачуў гэта цар Эзэкія, дык разадраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтаю, і пайшоў у дом Гасподні;
І сталася, калі пачуў [гэта] валадар Эзэкія, разьдзёр шаты свае, апрануўся ў зрэбніцу і пайшоў у Дом ГОСПАДА.
і паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісара, і старэйшых сьвятароў, накрытых вярэтаю, да прарока Ісаі, сына Амосавага.
І паслаў ён Эліякіма, які быў [загадчык] палацу, і Шэўну, пісара, і старэйшых сьвятароў, апранутых у зрэбніцу, да прарока Ісаі, сына Амоса,
І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень скрухі і кары і паганьбеньня — дзень гэты, бо дзеці прыйшлі нарадзіцца з улоньня матчынага, а сілы няма нарадзіць.
і яны сказалі яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Дзень гэты — дзень гора, і кары, і ганьбы, бо прыйшлі сыны, каб нарадзіцца, але няма сілы, каб нарадзіць.
Можа, пачуе Гасподзь Бог твой словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, ганіць Бога жывога і бэсьціць словамі, якія чуў Гасподзь Бог твой; узьнясі ж малітву за тых, што засталіся, якія жывыя яшчэ.
Можа, ГОСПАД, Бог твой, пачуе словы Рабсака, якога паслаў валадар Асірыі, гаспадар ягоны, каб зьневажаць Бога Жывога, і ГОСПАД, Бог твой, пакарае яго за словы, якія чуў? А ты ўзьнясі малітву за рэшту, якая яшчэ засталася”».
І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі.
І прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі.
І сказаў ім Ісая: дык скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі бэсьцілі Мяне слугі цара Асірыйскага.
І сказаў ім Ісая: «Гэта скажыце гаспадару вашаму: “Так кажа ГОСПАД. Ня бойся словаў, якія ты чуў, якімі слугі валадара Асірыі зьневажалі Мяне.
Вось, Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку і вернецца ў зямлю сваю, і Я заб’ю яго мечам у зямлі ягонай.
Вось, Я спашлю на яго духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я ўдару яго мячом у зямлі ягонай”».
І вярнуўся Рабсак і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны; бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.
І вярнуўся Рабсак, і знайшоў валадара Асірыі, які здабываў Лібну, бо пачуў, што ён адыйшоў з-пад Ляхішу.
І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. Пачуўшы гэта, ён паслаў да Эзэкіі, сказаўшы:
І пачуў [валадар], што сказалі пра Тыргака, валадара Кушу: «Ён выйшаў ваяваць супраць цябе». І ён пачуў гэта, і паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы:
так скажэце Эзэкіі, цару Юдэйскаму: хай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.
«Гэта скажыце Эзэкіі, валадару Юды: “Няхай ня зводзіць цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: “Ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі валадара Асірыі”.
Вось, ты чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, паклаўшы на іх закляцьце; ці ты ацалееш?
Вось, ты чуў, што зрабілі валадары Асірыі з усімі землямі, прызначаючы іх на загубу, а ты ці зможаш захавацца?
Багі народаў, якіх зруйнавалі бацькі мае, ці ж уратавалі іх, ці ўратавалі Гозан і Харан, і Рэцэф і сыноў Элена, што ў Таласары?
Ці выратавалі богі тых народаў, якія зьнішчылі бацькі мае, Газан, Харан, Рэцэф і сыноў Эдэну, якія ў Тэлясары?
Дзе — цар Эмата і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?
Дзе валадар Хамату і валадар Арпаду, і валадар гарадоў Сэфарваіму, Гэны і Іввы?”»
І ўзяў Эзэкія ліст з рукі пасланцаў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні і разгарнуў яго Эзэкія перад абліччам Гасподнім;
І ўзяў Эзэкія ліст гэты з рук пасланцоў, і прачытаў яго, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА, і разгарнуў яго перад абліччам ГОСПАДА.
і маліўся Эзэкія перад абліччам Гасподнім і казаў:
І маліўся Эзэкія да ГОСПАДА, кажучы:
Госпадзе Саваофе, Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін — Бог усіх царстваў зямлі; Ты стварыў неба і зямлю.
«ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, Які сядзіш на херувімах! Ты — адзіны Бог над усімі валадарствамі зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.
Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; адамкні, Госпадзе, вочы Твае і зірні, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў бэсьціць Цябе, Бога жывога.
Нахілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё і пачуй; адкрый, ГОСПАДЗЕ, вочы Твае і пабач! І выслухай усе словы Санхерыва, якія ён паслаў, каб зьневажаць Бога Жывога!
Праўда, о Госпадзе! цары Асірыйскія спустошылі ўсе краіны і землі іхнія,
Праўда, ГОСПАДЗЕ, што валадары Асірыі зьнішчылі ўсе народы і землі іхнія.
і пакідалі багоў іхніх у агонь; але гэта былі не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, таму і вынішчылі іх.
У агонь яны кінулі багоў іхніх, бо яны не былі багамі, але творамі рук чалавечых, дрэвам і камянём, і зьнішчылі іх.
І сёньня, Госпадзе Божа наш, уратуй нас ад рукі ягонай; і ўведаюць усе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.
А цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, збаў нас ад рукі ягонай, і няхай ведаюць усе валадары зямлі, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — адзіны Бог!»
І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: за што ты молішся супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага,
І паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “[Я пачуў тое], пра што ты маліўся да Мяне адносна Санхерыва, валадара Асірыі”.
вось слова, якое Гасподзь прамовіў пра яго: пагрэбуе табою, пасьмяецца зь цябе дзевая дачка Сіёна, пахітае ўсьлед табе галавою дачка Ерусаліма.
Вось слова, якое прамовіў ГОСПАД пра яго: “Насьміхаецца з цябе, пагарджае табою дзяўчына, дачка Сыёну. За табою ківае галавой дачка Ерусаліму.
Каго ты ганіў і бэсьціў? і на каго ўзвысіў голас, і падняў так высока вочы твае? на Сьвятога Ізраілевага.
Каго зьневажаў ты і на Каго блюзьніў? Супраць Каго падняў ты голас і ўверх узьняў вочы твае? Супраць Сьвятога Ізраілева!
Праз рабоў тваіх ты ганіў Госпада і сказаў: «з мноствам калясьніц маіх я ўзышоў на вышыню гор, на хрыбты Лівана, і сьсек гонкія кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйшоў на самую вяршыню яго, у гай саду яго;
Праз рукі слугаў тваіх ты зьневажаў Госпада і казаў: “З мноствам калясьніцаў маіх я ўзыйшоў на горы высокія, на схілы Лібану, і выразаў гонкія кедры ягоныя, і найпрыгажэйшыя кіпарысы ягоныя, і дайшоў аж да вяршыняў ягоных, у нетры садоў ягоных.
і адкопваў я і піў ваду; і асушу ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія».
Я капаю [студню] і п’ю ваду, і высушваю стопамі ног маіх усе рэкі Эгіпецкія”.
Хіба ня чуў ты, што Я даўно зрабіў гэта, у старадаўнія дні наперад вызначыў гэта, а цяпер зьдзейсьніў праз тое, што ты спусташаеш моцныя гарады, ператвараючы іх у груды руінаў?
Хіба ты ня чуў, што даўно Я зрабіў гэта, у дні старадаўнія Я прызначыў гэта, а цяпер зьдзяйсняю, што ты нішчыш гарады ўмацаваныя, ператвараючы іх у купу друзу.
І жыхары іх зрабіліся нясілыя, трымцяць і застаюцца ў ганьбе; яны зрабіліся як трава на полі і пяшчотная зеляніна, як парасьліна на дахах і апаленая рунь, перш чым выкаласіцца.
Жыхары іхнія [маюць] рукі слабыя, [яны] стрывожаныя і зьбянтэжаныя; і сталіся як сена ў полі, як зеляніна маладая і як трава на даху, спаленая перш, чым сасьпела.
Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, а ці ўвойдзеш, Я ведаю ўсё, ведаю і дзёрзкасьць тваю супроць Мяне.
Ці ты сядзіш, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю, і [ведаю] злоснасьць тваю адносна Мяне.
За тваю дзёрзкасьць супроць Мяне і за тое, што пыхлівасьць твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае — у рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою ты прыйшоў.
За тое, што ты злуешся на Мяне і што пыха твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўкладу кальцо Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў”.
І вось, табе, Эзэкія, азнака: ежце сёлета, што вырасла ад апалага насеньня, і налета — самасейнае; а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады, і ежце плады іх.
А для цябе, [Эзэкія], такі знак: “Ешце ў гэтым годзе тое, што засталося ад сабранага [зерня], а ў другі год — тое, што само вырасьце, а ў трэці год сейце і зьбірайце, садзіце вінаграднікі і ешце плады іхнія.
І ацалелыя ў доме Юдавым рэшта пусьціць зноў корань унізе і прынясе плод угары,
І тое, што застанецца з дому Юды, пусьціць корань у глыб і дасьць плод угару.
бо зь Ерусаліма пойдзе рэшта, а выратаваньне — ад гары Сіёна. Руплівасьць Госпада Саваофа ўчыніць гэта.
Бо з Ерусаліму выйдзе рэшта, і збаўленыя — з гары Сыён. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта”.
Пасьля гэтага так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: «ня ўвойдзе ён у гэты горад і ня кіне туды стрэлаў, і не падступіцца да яго з шчытом і не насыпле супроць яго вала:
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра валадара Асірыі: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня выпусьціць ён туды стралы; і не наставіць супраць яго шчыт, і не насыпле кругом яго валу.
па той самай дарозе, па якой прыйшоў, — вернецца, а ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.
Шляхам, якім ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа ГОСПАД.
Я буду бараніць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго».
Я абараню горад гэты і выратую яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».
І выйшаў анёл Гасподні і забіў у лагеры Асірыйскім сто восемдзесят пяць тысяч чалавек. І ўсталі раніцай, і вось, усе — целы мёртвыя.
І выйшаў анёл ГОСПАДА, і забіў у табары Асірыйцаў сто восемдзясят пяць тысячаў [чалавек]. І ўсталі раніцаю, і вось, усе яны мёртвыя.
І адступіў, і пайшоў і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.
І Санхерыў, валадар Асірыі, сабраў [табар] і адыйшоў, і вярнуўся, і затрымаўся ў Нініве.
І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Арамэлэх і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын ягоны, замест яго.
І сталася, калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Адрамэлех і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мячом і ўцяклі ў зямлю Арарат. І сын ягоны Эсар-Хадон заваладарыў пасьля яго.