Ісаі 48 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Слухайце гэта, доме Якава, які называецца імем Ізраіля, і паходжанцы ад крыніцы Юдавай, што прысягаюць імем Госпада і вызнаюць Бога Ізраілевага, хоць не паводле ісьціны і не паводле праўды.
Слухайце гэта, дом Якуба, якія называецеся імем Ізраіля і якія выйшлі з водаў Юды, якія прысягаеце ў імя ГОСПАДА і Бога Ізраіля ўзгадваеце, [хоць] ня ў праўдзе і ня ў праведнасьці.
Бо яны называюць сябе паходжанцамі ад сьвятога горада і апіраюцца на Бога Ізраілевага; Гасподзь Саваоф — імя Яму.
Бо вы ад горада сьвятога называецеся і абапіраецеся на Бога Ізраіля, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
Ранейшае Я загадзя абвяшчаў; з Маіх вуснаў выходзіць яно, і Я абвяшчаў гэта і зьнянацку рабіў, — і ўсё збывалася.
Пра мінулае Я здаўна паведаміў вам, з вуснаў Маіх яно выйшла, і Я абвяшчаў пра яго, і раптам зрабіў гэта, і яно сталася.
Я ведаў, што ты ўпарты, і што ў шыі тваёй жылы жалезныя, і лоб твой — медны;
Я ведаў, што ты ўпарты, і што карак твой жалезны, а лоб твой — мядзяны.
таму і абвяшчаў табе загадзя, раней чым гэта здарылася, і перадаваў табе, каб ты не сказаў: «ідал мой зрабіў гэта, і балван мой і выліты мой загадаў гэтаму быць».
І Я прадказваў табе даўно, перш чым споўнілася гэта, расказаў табе, каб ты не сказаў: «Ідал мой зрабіў гэта, і адліты ідал мой і рэзьблены ідал мой загадалі гэта».
Ты чуў — паглядзі на ўсё гэта! І няўжо вы не прызнаеце гэтага? А сёньня Я абвяшчаю табе новае, і ты ня ведаў гэтага.
Ты чуў і бачыў усё гэта, хіба цяпер не прызнаеш [гэта]? А цяпер Я абвяшчаю табе новае і таемнае, чаго ты ня ведаеш.
Яно сталася сёньня, а не даўно і не за дзень, і ты ня чуў пра тое, каб ты не сказаў: «вось! я ведаў гэта».
Цяпер яно створана, а не здаўна і не за дзень, і ты ня чуў пра гэта, каб ты не сказаў: «Вось, я ведаў гэта».
Ты і ня чуў, і ня ведаў пра гэта, і вуха тваё ня было раней адкрытае; бо Я ведаў, што ты ўчыніш вераломна, і ад самага ўлоньня матчынага ты празваны адступнікам.
Ты нічога ня чуў, і нічога ня ведаў, і здаўна не адкрылася [гэта] для вуха твайго, бо Я ведаў, што ты здраднікам і бунтаўніком называешся ад улоньня [маці].
Дзеля імя Майго адкладваў гнеў Мой, і дзеля славы Маёй стрымліваў Сябе ад зьнішчэньня цябе.
Дзеля імя Майго Я стрымаю гнеў Мой і дзеля хвалы Маёй стрымаю Сябе, каб ня зьнішчыць цябе.
Вось, Я растапіў цябе, але не як срэбра; выпрабаваў цябе ў гарніле пакуты.
Вось, Я ператапіў цябе, але ня як срэбра, Я выспрабаваў цябе ў печы нядолі.
Дзеля Сябе, дзеля Сябе Самога раблю гэта, — бо якое было б нараканьне на імя Маё! славы Маёй ня дам іншаму.
Дзеля Сябе, дзеля Сябе Самога Я раблю [гэта], каб не было зьняважана [імя Маё]. І славы Маёй Я не аддам другому.
Паслухай Мяне, Якаве і Ізраіле, пакліканы Мой: Я той самы, Я першы і Я апошні.
Слухай Мяне, Якуб, і Ізраіль, якога Я паклікаў. Гэта Я, Я — першы, і Я — апошні.
Мая рука паклала зямлю, і Мая правіца расхінула нябёсы; паклічу іх, — і яны стануць разам.
Рука Мая заснавала зямлю, і правіца Мая расьцягнула неба. Я клічу іх, і яны становяцца разам.
Зьбярэцеся ўсе, і слухайце: хто спаміж іх прадказаў гэта? Гасподзь палюбіў яго, і ён выканае волю Яго над Вавілонам і пакажа сілу Яго над Халдэямі.
Зьбярыцеся ўсе і слухайце. Хто з вас распавёў пра гэта? ГОСПАД любіць [яго], і ён выканае волю Ягоную ў Бабілоне, і рамяно Ягонае — на Халдэйцах.
Я, Я сказаў, і паклікаў яго; Я прывёў яго, і шлях ягоны будзе пасьпяховы.
Я, Я прамовіў [гэта] і паклікаў яго, прывёў яго і даў посьпех шляху ягонаму.
Падыдзеце да Мяне, слухайце гэта: Я і спачатку гаварыў не таемна; з таго часу, як гэта адбываецца, Я быў там; і сёньня паслаў Мяне Гасподзь Бог і Дух Ягоны.
Наблізьцеся да Мяне і паслухайце гэта. Спрадвеку Я не гаварыў патаемна. Ад часу, калі гэта дзеялася, Я быў там. І цяпер Госпад ГОСПАД паслаў Мяне і Дух Ягоны.
Так кажа Гасподзь, Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў: Я Гасподзь Бог твой, вучу цябе карыснаму, вяду цябе па той дарозе, па якой табе трэба ісьці.
Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель твой, Сьвяты Ізраіля: «Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вучыць цябе карыснаму, Які вядзе цябе на шляху, па якім ідзеш.
О, калі б ты слухаў запаведзі Мае! Тады мір твой быў бы, як рака, і праўда твая — як хвалі марскія.
Калі б ты зважаў на прыказаньні Мае, стаўся б супакой твой, як рака, і праведнасьць твая — як хвалі марскія.
І насеньне тваё было б, як пясок, і паходжанцы ад нутра твайго — як пясчынкі: ня згладзілася б імя ягонае перад Мною.
І было б насеньне тваё, як пясок, а нашчадкі ўлоньня твайго — як зярняткі пяску, і не было б зьнішчанае і сьцёртае імя тваё перад абліччам Маім!»
Выходзьце з Вавілона, бяжэце ад Халдэяў, з голасам радасьці абвяшчайце і прапаведуйце гэта, пашырайце гэтую вестку да краю зямлі; кажэце: Гасподзь адкупіў раба Свайго Якава».
Выходзьце з Бабілону, уцякайце ад Халдэйцаў! З гоманам радасьці абвяшчайце, няхай чуюць гэта, разьнясіце гэта аж да краю зямлі, кажыце: «ГОСПАД адкупіў слугу Свайго Якуба».
І ня сьмягнуць яны ў пустынях, празь якія Ён вядзе іх: Ён крынічыць ім ваду з каменя; расьсякае скалу, — і ліюцца воды.
Ня смагнулі яны, калі Ён вёў іх праз пустыні. Ён вывеў ім ваду са скалы, рашчапіў скалу, і пацякла вада.
А бязбожным няма спакою, кажа Гасподзь.
Няма супакою для бязбожнікаў, кажа ГОСПАД.