Ісаі 59 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Вось, рука Госпада не пакарацела, каб ратаваць, і вуха Яго не ацяжэла, каб чуць.
 
Вось, рука ГОСПАДА не скарацілася, каб не магла дапамагчы, і вуха Ягонае ня стала цяжкім, каб ня чуць.

А беззаконьні вашыя зрабілі падзел паміж вамі і Богам вашым, і грахі вашыя адварочваюць аблічча Яго ад вас, каб ня чуць.
 
Бо беззаконьні вашыя аддзялілі вас ад Бога вашага, і грахі вашыя схавалі аблічча Ягонае ад вас, каб Ён [вас] ня чуў.

Бо рукі вашыя апаганены крывёю і пальцы вашыя — беззаконьнем; вусны вашыя кажуць ману, язык ваш вымаўляе няпраўду.
 
Бо далоні вашыя заплямленыя крывёю, а пальцы вашыя — беззаконьнем, вусны вашыя прамаўляюць хлусьню, язык ваш мармыча ліхое.

Ніхто не падае голасу за праўду, і ніхто не заступаецца за ісьціну: спадзяюцца на пустое і хлусяць, зачынаюць ліха і спараджаюць ліхадзейства;
 
Няма [нікога], хто кліча пра праведнасьць, няма [нікога], хто судзіць справядліва. Спадзяюцца на пустое і гавораць марнае, зачынаюць гора і нараджаюць злачынства.

выседжваюць зьмяіныя яйкі і ткуць павуціну: хто паесьць яек іх, — памрэ, а калі раздушыць, — выпаўзе яхідна.
 
Выседжваюць яйкі гадзючыя і ткуць павуціньне; хто зьесьць яйкі іхнія, памірае, а з разьбітага [яйка] вылазіць гадзіна.

Павуціньне іхняе на вопратку няпрыдатнае, і яны не накрыюцца сваім творам; учынкі іхнія — учынкі няправедныя, і насільле ў руках у іх.
 
Павуціньне іхняе не прыдасцца на адзеньне, і нельга апрануцца ў вырабы іхнія; учынкі іхнія — учынкі злачынныя, і справа гвалту ў далонях іхніх.

Ногі іхнія бягуць ад ліха, і яны сьпяшаюцца праліваць нявінную кроў; думкі іхнія — думкі бязбожныя; спусташэньне і пагібель на сьцежках іхніх.
 
Ногі іхнія бягуць да ліхоты і сьпяшаюцца, каб праліць кроў нявінную; думкі іхнія — думкі злачынныя, спусташэньне і загуба на дарогах іхніх.

Шляху спакойнага яны ня ведаюць, і няма суду на сьцежках іхніх; шляхі іхнія скрыўленыя, і ніхто, калі ідзе па іх, ня ведае спакою.
 
Ня ведаюць яны шляху супакою, няма суду на сьцежках іхніх, яны скрывілі шляхі свае; кожны, хто ходзіць па іх, ня ведае супакою.

Таму і далёкі ад нас суд, і правасудзьдзе не дастае нас: чакаем сьвятла, і вось цемра, — азарэньня, і ходзім у змроку.
 
Дзеля гэтага суд аддаліўся ад нас, і не даходзіць да нас праведнасьць; чакаем сьвятла, а вось, цемра, і [чакаем] яснасьці, а ходзім у змроку.

Адчуваем, як сьляпыя сьцяну, і, як без вачэй, ходзім навобмацак; спатыкаемся аполудні, як упоцемках, сярод жывых — як мёртвыя.
 
Як сьляпыя, мацаем сьцены, і як без вачэй, навобмацак ходзім, спатыкаемся апоўдні, быццам у поцемках, поўныя сілаў, а быццам мёртвыя.

Усе мы равем, як мядзьведзі, і вуркочам, як галубы; чакаем суду, і няма яго, — ратунку, але ён далёкі ад нас.
 
Усе мы рыкаем, быццам мядзьведзі, і як галубы стогнем. Чакаем суду, а яго няма, і збаўленьня, але яно далёка ад нас.

Бо злачынствы нашыя шматлікія перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супроць нас; бо злачынствы нашыя з намі і беззаконьні нашыя мы ведаем.
 
Бо памножыліся правіны нашыя перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супраць нас; бо правіны нашыя з намі, і беззаконьні нашыя мы ведаем.

Мы здрадзілі і зманілі перад Госпадам, і адступіліся ад Бога нашага; гаварылі паклёп і здраду, зачыналі і нараджалі з сэрца ілжывыя словы.
 
Мы бунтуемся і хлусім супраць ГОСПАДА, і адступіліся ад Бога нашага; гаворым пра прыгнёт і здраду, падманваем і нараджаем у сэрцы словы фальшывыя,

І суд адступіў назад, і праўда стала здалёку, бо ісьціна спатыкнулася на плошчы, і сумленнасьць ня можа ўвайсьці.
 
І адступіўся назад суд, і праведнасьць стаіць здалёк, спатыкнулася праўда на плошчы, і справядлівасьць ня можа ўвайсьці.

І ня стала ісьціны, і той, хто бяжыць ад ліха, падпадае пад зьнявагу. І Гасподзь убачыў гэта, і агідна было вачам Яго, што няма суду,
 
І сталася, што праўда зьнікла, і той, хто ўцякае ад ліхоты, абрабаваны. І ўбачыў [гэта] ГОСПАД, і ліхім [было] ў вачах Ягоных, што няма суду.

і бачыў, што няма чалавека, і зьдзіўляўся, што няма заступніка; і памагла Яму сіла Яго, і праўда Ягоная падтрымала Яго.
 
І бачыў Ён, што няма чалавека, і дзівіўся, што няма заступніка. І рамяно Ягонае дапамагло Яму, і праведнасьць Ягоная падтрымала Яго.

І Ён усклаў на Сябе праўду, як браню, і шлем ратунку — галаву Сваю; і апрануўся ў шату мсьцівасьці, як у вопратку, і пакрыў Сябе руплівасьцю, як плашчом.
 
Ён апрануў праведнасьць, як панцыр, і шалом збаўленьня на галаве Ягонай, Ён апрануў шаты помсты, і руплівасьць, быццам плашч, накінуў.

Па меры адпомсты, паводле гэтай меры Ён дасьць праціўнікам Сваім — лютасьць, ворагам Сваім — помстаю, выспам аддасьць мусовую плату.
 
Паводле ўчынкаў Ён адплоціць супраціўнікам Сваім гневам, ворагам Сваім — помстай, і адплоціць помстай астравам.

І збаяцца імені Госпада на захадзе і славы Яго — на ўсходзе сонца. Калі вораг прыйдзе як рака, — подых Госпада прагоніць яго.
 
І будуць баяцца імя ГОСПАДА на захадзе, і славы Ягонай — на ўсходзе сонца, бо Ён прыйдзе, як рака бурлівая, якую вецер ГОСПАДА гоніць.

І прыйдзе Адкупнік Сіёна і сыноў Якава, што адвярнуліся ад бязбожнасьці, кажа Гасподзь.
 
І прыйдзе Адкупіцель на Сыён і да [сыноў] Якуба, якія адвярнуліся ад злачынстваў [сваіх], кажа ГОСПАД.

І вось, запавет Мой зь імі, кажа Гасподзь: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія ўклаў Я ў вусны твае, не адступяць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў нашчадкаў тваіх, кажа Гасподзь, ад сёньня і давеку.
 
І вось запавет Мой з імі, кажа ГОСПАД: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія Я ўклаў у вусны твае, не адыйдуць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў насеньня твайго, і ад вуснаў насеньня насеньня твайго, кажа ГОСПАД, ад цяпер і на вякі.