Ісаі 57 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Праведнік памірае, і ніхто не бярэ гэтага да сэрца; і мужоў пабожных забіраюць зь зямлі, і ніхто не падумае, што праведніка забіраюць ад ліха.
Праведны гіне, і няма чалавека, які бярэ [гэта] да сэрца; людзі міласэрныя забіраюцца, і няма [нікога], хто б зразумеў, што ад аблічча зла забіраецца праведнік.
Ён адыходзіць да спакою; тыя, што ходзяць простаю дарогаю, будуць пакоіцца на ложках сваіх.
Ён адыходзіць у супакоі; супачываюць на ложках сваіх тыя, якія ходзяць [шляхам] простым.
Але падыдзеце сюды, вы, сыны чарадзейкі, семя пералюбніка і распусьніцы.
Наблізьцеся сюды вы, сыны вядзьмаркі, насеньне чужаложніцы і распусьніцы.
З каго вы глум чыніце? супроць каго разьзяўляеце рот, высалопваеце язык? ці ня дзеці вы злачынства, семя падману?
З каго вы зьдзекуецеся? На каго раскрываеце рот і высоўваеце язык? Ці ж вы ня дзеці бунту, насеньне хлусьні?
распаляныя пажадаю да ідалаў пад кожным галінастым дрэвам, гартавальнікі дзяцей каля ручаёў, у расколінах скал?
Вы распаляецеся [юрлівасьцю] да ідалаў пад кожным дрэвам зялёным, забіваеце [ў ахвяру] дзяцей у ярах і ў шчылінах скалаў.
У гладкіх камянях ручаёў доля твая; яны, яны — доля твая; ім ты робіш паліваньні і прыносіш ахвяры: ці ж магу Я быць задаволены гэтым?
Гладкія [камяні] ў ярах — частка твая, яны, яны — жэрабя тваё. Для іх ты вылівала ахвяру вадкую, складала ахвяру хлебную. Ці ж гэтым Я маю быць усьцешаны?
На высокай і выноснай гары ты ставіш ложак твой і туды ўзыходзіш прыносіць ахвяру.
На гары вялікай і высокай ты паставіла ложак свой, і туды ўзыйшла, каб ахвяроўваць ахвяры.
За дзьвярыма і за вушакамі ставіш помнікі твае, бо: адвярнуўшыся ад Мяне, ты агаляешся і ўзыходзіш; расхінаеш ложак твой і дамаўляешся з тымі зь іх, зь якімі любіш ляжаць, — вышукваеш месца.
І за дзьвярыма і за вушакамі [дзьвярэй] ты паставіла памятку тваю, бо ты [далёка] ад Мяне, і распраналася, і ўзыходзіла, і пашырала ложак свой, і заключыла дамову з тымі, з кім любіш ляжаць, дзе месца нагледзіш.
Ты хадзіла таксама да цара з пахучаю масьцю і памнажала масьці твае, і далёка пасылала паслоў тваіх і прыніжалася да апраметнай.
І пайшла ты да валадара з алеем, і павялічыла масьці свае, і паслала далёка пасланцоў сваіх, і зыходзіла аж да адхлані.
Ад доўгай дарогі тваёй стамлялася, але не казала «надзея страчана!», усё яшчэ знаходзіла жывасьць у руцэ тваёй і таму не адчувала паслабкі.
Ты змучылася на шматлікіх шляхах тваіх, [але] не сказала: «Надарма!», і ты знаходзіла бадзёрасьць для рукі тваёй, таму не саслабела.
Каго ж ты спалохалася і збаялася, што зрабілася нявернаю і Мяне перастала памятаць і захоўваць у тваім сэрцы? ці не таму, што Я маўчаў, і пры тым доўга, ты перастала баяцца Мяне?
Каго ж ты спалохалася і збаялася, што падманвала і ня ўзгадвала пра Мяне, і не зьмясьціла [Мяне] ў сэрцы тваім? Ці ж не таму, што Я доўгі час маўчаў, ты не баішся Мяне?
Я пакажу праўду тваю і ўчынкі твае, — і яны будуць не на карысьць табе.
Я выяўлю праведнасьць тваю і ўчынкі твае, і яны ня будуць на карысьць табе.
Калі ты будзеш галасіць, ці ўратуе цябе зборня твая? — усіх іх зьнясе вецер, разьнясе подых; і хто спадзяецца на Мяне, той успадкуе зямлю, і будзе валодаць сьвятою гарою Маёю.
Калі будзеш клікаць, не абароніць цябе зграмаджэньне [ідалаў] тваіх, але ўсіх іх разьвее вецер і падхопіць бура. А хто спадзяецца на Мяне, возьме ў спадчыну зямлю і паселіцца на гары Маёй сьвятой.
І сказаў: падымайце, падымайце, раўняйце дарогу, прымайце перашкоды са шляху народа Майго.
І скажуць: «Прастуйце, прастуйце [дарогу], рыхтуйце шлях, прыбярыце перашкоды са шляху народу Майго».
Бо так кажа Высокі і Ўзьнесены, вечна Жывы, — Сьвяты імя Яго: Я жыву на вышыні нябёсаў і ў сьвяцілішчы, і гэтак сама з уціснутымі і ўпакоранымі духам, каб ажыўляць дух упакораных і ажыўляць сэрцы ўціснутых.
Бо гэта кажа Высокі і Узьнесены, Які жыве вечна, і Сьвятое імя Ягонае: «Я жыву на вышынях і ў сьвятасьці, і [Я жыву] з тым, хто зламаны і спакораны духам, каб ажывіць дух пакорных і ажывіць сэрца прыгнечаных.
Бо ня вечна буду Я весьці цяжбіну і не да канца гневацца; інакш зьняможацца перада Мною дух і ўсякае дыханьне, Мною створанае.
Бо Я ня буду вечна спрачацца і ня буду заўсёды гневацца, бо тады [ўсякі] дух зьнікне перад абліччам Маім і [ўсякае] дыханьне, якое Я зрабіў.
За грэх карысталюбнасьці яго Я гневаўся і пабіваў яго, хаваў твар і абураўся; але ён адвярнуўшыся пайшоў па дарозе свайго сэрца.
Я загневаўся і ўдарыў яго за беззаконьне хцівасьці ягонай, адвярнуўся і загневаўся; але ён, узбунтаваны, пайшоў па шляху сэрца свайго.
Я бачыў шляхі яго і ацалю яго, і буду вадзіць яго і суцяшаць яго і гаротнікаў ягоных.
Я бачыў шляхі ягоныя, і Я аздараўлю яго, і павяду яго, і дам пацяшэньне яму і тым, якія сумуюць дзеля яго.
Я стрымаю слова: спакой, спакой далёкаму і блізкаму, кажа Гасподзь, і ацалю яго.
І Я ствару плод вуснаў. Супакой, супакой далёкім і блізкім, кажа ГОСПАД. І Я аздараўлю яго».
А бязбожныя — як мора ўсхваляванае, якое ня можа супакоіцца, і воды якога выкідаюць глей і бруд.
А бязбожнік — як мора ўзбуранае, якое ня можа супакоіцца, і воды ягоныя выкідаюць балота і бруд.
Няма спакою бязбожным, кажа Бог мой.
Няма супакою для бязбожных, кажа Бог мой.