Ісаі 21 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Прароцтва пра пустыню прыморскую. — Як буры на поўдні носяцца, ідзе ён з пустыні, зь зямлі страшнай.
 
Цяжар адносна пустыні прыморскай. Як буры налятаюць на Нэгеў, так [вораг] прыходзіць з пустыні, з зямлі страшнай.

Грозныя відзежы яўлены мне: рабаўнік рабуе, спусташальнік спусташае; выходзь, Эламе, аблажы, Мідзе! усім стогнам я канец пакладу.
 
Відзеж грозны зьяўлены мне. Ліхадзей ліхадзейнічае, спусташальнік пустошыць. Элям, выходзь! Мадай, бяры ў аблогу! Усім стагнаньням Я пакладу канец.

Ад гэтага сьцёгны мае трасуцца; боль сьцяў мяне, як боль парадзіху. Я ўсхваляваны тым, што чую; я зьбянтэжаны тым, што бачу.
 
Дзеля гэтага дрыжаньнем напоўніліся сьцёгны мае, ахапілі мяне болі, як болі той, што нараджае. Я агаломшаны ад таго, што чую, і ў трымценьні ад таго, што бачу.

Сэрца маё трымціць; дрыготка калоціць мяне; радасная ноч мая абярнулася жудасьцю мне.
 
Трымціць сэрца маё, трывога ахапіла мяне, прыцемкі, жаданыя мною, сталіся жудасьцю для мяне.

Рыхтуюць стол, расьсьцілаюць абрусы, — ядуць, п’юць. «Уставайце, князі, мажце шчыты!»
 
Накрываюць стол, засьцілаюць абрусам, ядуць, п’юць. «Падыміцеся, князі! Памажце шчыт!»

Бо так сказаў мне Гасподзь: ідзі, пастаў вартаўніка; хай ён скажа, што ўбачыць.
 
Бо гэтак сказаў мне Госпад: «Ідзі, пастаў вартаўніка, каб паведаміў, што ўбачыць.

І ўбачыў ён верхаўцоў на конях, якія ішлі парамі, верхаўцоў на аслах, верхаўцоў на вярблюдах; і ўслухоўваўся ён пільна, зь вялікай увагаю, —
 
Калі ўбачыць ён калясьніцы, вершнікаў па два, аслоў з вазамі, вярблюдаў з вазамі, няхай сочыць з увагай, з вялікай увагай!»

і закрычаў, як леў: гаспадару мой! я на варце стаяў увесь дзень, і на месцы маім заставаўся цэлыя ночы:
 
І ён закрычаў, [як] леў: «На вежы, Госпадзе мой, я стаю заўжды ўдзень, на варце маёй я стаю кожную ноч.

і вось, едуць людзі, верхаўцы конныя парамі. Потым усклікнуў ён і сказаў: загінуў, загінуў Вавілон, і ўсе ідалы божышчаў Ягоных ляжаць на зямлі разьбітыя.
 
І вось, едуць калясьніцы, вершнікі на конях па два. І адказаў [адзін], і сказаў: “Упаў, упаў Бабілон, і ўсе выявы багоў ягоных [ляжаць] на зямлі пабітыя”».

О, памалочаны мой і сыне току майго! Што чуў я ад Госпада Саваофа, Бога Ізраілевага, тое і вам абвясьціў.
 
[Народзе] мой, вымалачаны, сын току майго! Тое, што я пачуў ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога Ізраіля, я паведаміў вам!

Прароцтва пра Думу. — Крычаць мне з Сэіра: варта! якая пара ночы? варта! якая пара ночы?
 
Цяжар адносна Думы. Да мяне крычаць з Сэіру: «Вартаўнік, якая [гадзіна] ночы? Вартаўнік, якая [гадзіна] ночы?»

Адказвае вартаўнік: набліжаецца раніца, але яшчэ ноч. Калі вы дапытваецеся, дык павярнецеся і прыходзьце.
 
Сказаў вартаўнік: «Прыходзіць раніца, але яшчэ ноч. Калі вы хочаце спытацца, пытайцеся, вяртайцеся, прыходзьце!»

Прароцтва пра Аравію. — У лесе Аравійскім пачуйце, караваны Дэданскія!
 
Цяжар адносна Арабіі. У лесе ў Арабіі начуйце, караваны Дэданцаў.

Жыхары зямлі Тэмайскай! нясеце вады насустрач сасьмяглым; з хлебам сустракайце ўцекачоў;
 
Насустрач спрагнёным выносьце ваду, жыхары зямлі Тэман, з хлебам сустракайце ўцекачоў!

бо яны ад мечаў уцякаюць, ад меча аголенага і ад лука напятага і ад лютай вайны.
 
Бо яны ад аблічча мячоў уцяклі, ад аблічча мяча аголенага, ад аблічча лука напятага, ад аблічча цяжкай вайны.

Бо так сказаў мне Гасподзь: яшчэ год, роўны год найміцкаму, — і ўся слава Кідарава зьнікне,
 
Бо так сказаў мне Госпад: «Яшчэ год, як год найміта, і скончыцца ўся слава Кедару.

і лукаў і адважных сыноў Кідара няшмат: так сказаў Гасподзь Бог Ізраілеў.
 
А рэшта ліку лучнікаў, волатаў сыноў Кедару, будзе малая, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, прамовіў!»