Ісаі 8 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сказаў мне Гасподзь: вазьмі сабе вялікі сувой і накрэсьлі на ім чалавечымі пісьмёнамі: магер-шэлал-хаш-баз.
 
І сказаў ГОСПАД да мяне: «Вазьмі сабе табліцу вялікую і напішы на ёй літарамі чалавечымі: “Магер-Шалал-Хаш-Баз”».

І я ўзяў сабе верных сьведкаў: Урыю сьвятара і Захарыю, сына Варахіінавага,
 
І ўзяў я для сябе сьведкаў верных — Урыю сьвятара і Захарыю, сына Евэрэхіі.

і наблізіўся я да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Гасподзь: назаві яго імем: магер-шэлал-хаш-баз;
 
І я наблізіўся да прарочыцы, і яна зачала, і нарадзіла сына. І сказаў ГОСПАД мне: «Назаві імя ягонае Магер-Шалал-Хаш-Баз,

бо перш, чым дзіця навучыцца вымаўляць: «бацька мой», «маці мая», багацьці Дамаска і здабычы Самарыйскія панясуць перад царом Асірыйскім.
 
бо перш, чым хлопец навучыцца клікаць “тата мой” і “мама мая”, занясуць багацьці Дамаску і здабычу Самарыі перад аблічча валадара Асірыйскага».

І гаварыў далей Гасподзь да мяне і сказаў яшчэ:
 
І працягнуў ГОСПАД прамаўляць да мяне яшчэ, кажучы:

за тое, што гэты народ пагарджае водамі Сілаама, што плывуць ціха, і захапляецца Рэцынам і сынам Рэмалііным,
 
«За тое, што народ гэты адкідае воды Шыляаху, якія цякуць паволі, а захапляецца Рэцынам і сынам Рэмаліі,

навядзе на яго Гасподзь воды бурлівыя і вялікія — цара Асірыйскага з усёю славаю ягонай; і падымецца яна ва ўсіх пратоках сваіх і выйдзе з усіх берагоў сваіх;
 
таму вось, Госпад узьніме на іх воды ракі, магутныя і шматлікія — валадара Асірыйскага і ўсю славу ягоную, і ўзьнімецца [рака] па-над усе рэчышчы свае, і выльецца з усіх берагоў сваіх;

і пойдзе па Юдэі, і затопіць яе, і высока падымецца — дастане да шыі; і размах крылаў яе будзе на ўсю шырыню зямлі Тваёй, Эмануіле!
 
і разальецца ў Юдзе, і затопіць [яго], і падымецца высока аж да шыі, і крылы ейныя будуць раскінутыя на ўсю шырыню зямлі тваёй, Іммануэль!»

Варагуйце, народы, але дрыжэце, і слухайце, усе далёкія землі! Узбройвайцеся, але дрыжэце; узбройвайцеся, але дрыжэце!
 
«Рабіце ліхоту, народы, і будзеце напалоханыя, і прыхіліце вуха, усе землі далёкія! Падперажыцеся, і будзеце напалоханыя. Падперажыцеся, і будзеце напалоханыя!

Намышляйце намыслы, але яны задарэмняцца; кажэце слова, але яно ня спраўдзіцца: бо з намі Бог!
 
Радзьце раду, [што рабіць], і яна ня зьдзейсьніцца. Прамаўляйце слова, і ня станецца [паводле яго], бо з намі Бог».

Бо так казаў мне Гасподзь, трымаючы на мне моцную руку і асьцерагаючы мяне не хадзіць дарогаю гэтага народа, і сказаў:
 
Бо гэта сказаў мне ГОСПАД, калі схапіў [мяне] рукою і перасьцярог мяне, каб я не хадзіў шляхам народу гэтага, кажучы:

«не называйце змоваю ўсяго таго, што народ гэты называе змоваю; і ня бойцеся таго, чаго ён баіцца, і ня дрыжэце.
 
«Не называйце змовай тое, што народ гэты заве змовай, і таго, чаго ён баіцца, ня бойцеся і не палохайцеся.

Госпада Саваофа — Яго шануйце сьвята, і Ён — страх ваш, і Ён — дрыжаньне вашае!
 
ГОСПАДА Магуцьцяў, Яго сьвяціце, Ён — страх ваш, і Ён [няхай] палохае вас.

І будзе Ён сьвятыняю і каменем спатыканьня, і скалою спакусы абодвум дамам Ізраіля, пасткай і сеткай жыхарам Ерусаліма.
 
І Ён будзе сьвятыняй, камянём спатыкненьня і скалой спакусы для абодвух дамоў Ізраіля, пасткай і сілом для жыхароў Ерусаліму.

І многія зь іх спатыкнуцца і ўпадуць і разаб’юцца, і заблытаюцца ў сетцы і будуць злоўленыя.
 
І спатыкнуцца аб іх шматлікія, і ўпадуць, і разаб’юцца, патрапяць у сіло і будуць злоўленыя».

Завяжы сьведчаньне, і запячатай навуку пры вучнях маіх».
 
Завяжы сьведчаньне, запячатай Закон [унутры] вучняў Маіх.

Дык вось я спадзяюся на Госпада, Які схаваў аблічча Сваё ад дома Якаўлевага, і спадзяюся на Яго.
 
І я буду чакаць ГОСПАДА, Які хавае аблічча Сваё ад дому Якуба, і буду спадзявацца на Яго.

Вось я і дзеці, якіх даў мне Гасподзь, мы як азнакі і папярэджаньні ў Ізраілі ад Госпада Саваофа, Які жыве на гары Сіён.
 
Вось я і дзеці, якіх даў мне ГОСПАД. Мы — на знак і на перасьцярогу ў Ізраілі ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Які жыве на гары Сыён.

І калі скажуць вам: зьвярнецеся да заклінальнікаў духаў памерлых і да чарадзеяў, да шаптуноў і нутрамоўцаў, — тады адказвайце: ці не павінен народ зьвяртацца да свайго Бога? ці пытаюцца ў мёртвых пра жывых?
 
І калі скажуць вам: «Спытайцеся ў тых, якія выклікаюць духаў памерлых і ў варажбітоў, якія цьвіркочуць і мармычуць», [адкажыце]: «Ці ж народ ня мусіць зьвяртацца да Бога свайго? Ці ж у памёршых [пытацца] пра жывых?»

Зьвяртайцеся да закона і сьведчаньня. Калі яны не гавораць, як гэтае слова, дык няма ў ім сьвятла.
 
[Зьвяртайцеся] да Закону і да сьведчаньня! Калі яны ня будуць казаць паводле слова гэтага, няма для іх [сьвятла] зараніцы.

І будуць яны бадзяцца па зямлі, жорстка ўцісканыя і галодныя; і ў часы голаду будуць злавацца, клясьці цара свайго і Бога.
 
І будзе ён бадзяцца па [зямлі] ўцісканы і галодны. І станецца, калі ён згаладнее, будзе гневацца і будзе праклінаць валадара свайго і Бога свайго, і гляне ўгару,

І паглядзяць угору, і паглядзяць на зямлю; і вось — гора і змрок, густая цемра, і будуць укінуты ў цемру. Але не заўсёды будзе змрок там, дзе цяпер ён згусьціўся.
 
і паглядзіць на зямлю, і вось, гора і цемра, і цемрадзь уціску, і змрок непраглядны. Але ня будзе цемрадзь [назаўсёды] для таго, хто ўцісканы.