Ісаі 8 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І сказаў мне Гасподзь: вазьмі сабе вялікі сувой і накрэсьлі на ім чалавечымі пісьмёнамі: магер-шэлал-хаш-баз.
І сказаў мне Госпад: «Вазьмі сабе вялікую таблічку і напішы на ёй звычайнымі прыладамі: “Магер Салал Гас Бас”».
І я ўзяў сабе верных сьведкаў: Урыю сьвятара і Захарыю, сына Варахіінавага,
І я ўзяў сабе верных сведкаў: святара Урыю і Захарыю, сына Барахіі,
і наблізіўся я да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Гасподзь: назаві яго імем: магер-шэлал-хаш-баз;
і прыступіўся я да прарочыцы. Яна пачала і нарадзіла сына. Дык сказаў Госпад мне: «Назаві яго імем Магер Салал Гас Бас,
бо перш, чым дзіця навучыцца вымаўляць: «бацька мой», «маці мая», багацьці Дамаска і здабычы Самарыйскія панясуць перад царом Асірыйскім.
бо, перш чым юнак навучыцца выгаворваць “тата” і “мама”, занясуць багацці Дамаска і даніну Самарыі цару асірыйцаў».
І гаварыў далей Гасподзь да мяне і сказаў яшчэ:
Зноў Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы:
за тое, што гэты народ пагарджае водамі Сілаама, што плывуць ціха, і захапляецца Рэцынам і сынам Рэмалііным,
«Таму што народ гэты пагардзіў водамі Сіло, якія цякуць спакойна, а падае духам перад Разінам і сынам Рамэліі,
навядзе на яго Гасподзь воды бурлівыя і вялікія — цара Асірыйскага з усёю славаю ягонай; і падымецца яна ва ўсіх пратоках сваіх і выйдзе з усіх берагоў сваіх;
таму вось: Госпад навядзе на іх магутныя і шматлікія воды ракі — цара асірыйцаў і ўсю яго славу; і разальецца на ўсе рэчышчы свае, і выльецца з усіх берагоў сваіх,
і пойдзе па Юдэі, і затопіць яе, і высока падымецца — дастане да шыі; і размах крылаў яе будзе на ўсю шырыню зямлі Тваёй, Эмануіле!
і пацячэ праз Юдэю, перапаўняючыся і разліваючыся, і дасягне аж шыі. І будзе прасцяг крылаў яе на ўсю шырыню зямлі тваёй, о Імануэлю!»
Варагуйце, народы, але дрыжэце, і слухайце, усе далёкія землі! Узбройвайцеся, але дрыжэце; узбройвайцеся, але дрыжэце!
Падыміце крык, народы, устрывожцеся і слухайце, усе далёкія землі: узбройвайцеся і трымціце, узбройвайцеся і трымціце!
Намышляйце намыслы, але яны задарэмняцца; кажэце слова, але яно ня спраўдзіцца: бо з намі Бог!
Зрабіце нараду, і яна рассыплецца, скажыце слова, і яно не споўніцца, бо Бог з намі.
Бо так казаў мне Гасподзь, трымаючы на мне моцную руку і асьцерагаючы мяне не хадзіць дарогаю гэтага народа, і сказаў:
Гэта вось сказаў Госпад мне, калі схапіў мяне рукою і перасцярог, каб не ішоў дарогаю гэтага народа, кажучы:
«не называйце змоваю ўсяго таго, што народ гэты называе змоваю; і ня бойцеся таго, чаго ён баіцца, і ня дрыжэце.
«Не называйце змовай усяго таго, што народ гэты называе змовай, і пагроз яго не палохайцеся і не трывожцеся.
Госпада Саваофа — Яго шануйце сьвята, і Ён — страх ваш, і Ён — дрыжаньне вашае!
Госпада Магуццяў адзінага ўсвячайце, Ён — ваш страх, і Ён — ваша трымценне.
І будзе Ён сьвятыняю і каменем спатыканьня, і скалою спакусы абодвум дамам Ізраіля, пасткай і сеткай жыхарам Ерусаліма.
Ён будзе на святасць, каменем спатыкнення і скалой згаршэння абодвум дамам Ізраэля, пасткай і сілом для жыхароў Ерузаліма.
І многія зь іх спатыкнуцца і ўпадуць і разаб’юцца, і заблытаюцца ў сетцы і будуць злоўленыя.
Многія з іх спатыкнуцца, упадуць і разаб’юцца, трапяць у сіло ды будуць зняволены.
Завяжы сьведчаньне, і запячатай навуку пры вучнях маіх».
Замацуй сведчанне, запячаткуй закон сярод вучняў маіх».
Дык вось я спадзяюся на Госпада, Які схаваў аблічча Сваё ад дома Якаўлевага, і спадзяюся на Яго.
І буду чакаць Госпада, Які хавае аблічча Сваё ад дому Якуба, я буду спадзявацца на Яго.
Вось я і дзеці, якіх даў мне Гасподзь, мы як азнакі і папярэджаньні ў Ізраілі ад Госпада Саваофа, Які жыве на гары Сіён.
Вось, я і дзеці, якіх даў мне Бог на знак і на прадказанне Ізраэлю ад Госпада Магуццяў, Які пражывае на гары Сіён.
І калі скажуць вам: зьвярнецеся да заклінальнікаў духаў памерлых і да чарадзеяў, да шаптуноў і нутрамоўцаў, — тады адказвайце: ці не павінен народ зьвяртацца да свайго Бога? ці пытаюцца ў мёртвых пра жывых?
А калі вам скажуць: «Пытайцеся ў вешчуноў і варажбітоў, якія свішчуць і мармычуць», — ці ж народ не даведваецца ад Бога свайго? Хіба ад памерлых пра жывых?
Зьвяртайцеся да закона і сьведчаньня. Калі яны не гавораць, як гэтае слова, дык няма ў ім сьвятла.
Да закону [звяртайцеся] і да сведчання! А калі не будуць казаць паводле слова гэтага, не будзе для іх святла зараніцы.
І будуць яны бадзяцца па зямлі, жорстка ўцісканыя і галодныя; і ў часы голаду будуць злавацца, клясьці цара свайго і Бога.
А будзе ён бадзяцца па зямлі ў здзеку і галодны: а калі спазнае голад, будзе злавацца, пачне праклінаць цара свайго і Бога свайго.
І паглядзяць угору, і паглядзяць на зямлю; і вось — гора і змрок, густая цемра, і будуць укінуты ў цемру. Але не заўсёды будзе змрок там, дзе цяпер ён згусьціўся.
І спагляне ўгару, а потым паглядзіць на зямлю: і вось, тут бяда і змрок, туман прыгнятаючы і цемра непраглядная. Аднак не будзе болей туману там, дзе быў прыгнёт.