Ісаі 33 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Гора табе, спакушальніку, якога не спакушалі, і рабаўніку, якога не рабавалі! Калі скончыш спусташаць, будзеш спустошаны й ты; калі спыніш рабаваць, зрабуюць і цябе.
 
Гора табе, разбойнік, якога ніхто не абрабаваў; і табе, грабежнік, бо цябе ніхто не аграбіў! Калі скончыш спусташаць, тады цябе аграбяць, калі скончыш рабаваць, тады цябе абрабуюць.

Госпадзе, памілуй нас, на Цябе спадзяёмся мы; будзь нашаю сілаю з раньняга рана і ратункам нашым у час уціску.
 
Госпадзе, злітуйся над намі, у Табе бо маем надзею: будзь жа нашым плячом ад рання і збаўленнем нашым у час бяды.

Ад грознага голасу Твайго пабягуць народы; калі паўстанеш, расьсеюцца плямёны,
 
Ад голасу пагрозы ўцякаюць народы, ад Твайго ўзвышэння рассыпаюцца народы.

і будуць зьбіраць здабычу вашую, як зьбірае вусень; кінуцца на яе, як кідаецца саранча.
 
І будуць збіраць здабычу, як збіраецца вусень, як разбягаецца саранча, так на яе збягаюцца.

Высокі Гасподзь, Які жыве ў вышынях; Ён напоўніў Сіён судом і праўдаю.
 
Госпад над усімі, бо пражывае на вышынях, запоўніць Сіён законам і справядлівасцю.

І настануць бясьпечныя часіны твае, надмернасьць ратунку, мудрасьці і веданьня; страх Гасподні будзе скарбам тваім.
 
І будзе трываласць у тваіх часах; багацце збаўлення — мудрасць і веды. Страх Божы ёсць найбольшы скарб Яго.

Вось, моцныя іхнія крычаць на вуліцах; пасланцы на згоду горасна плачуць.
 
Вось жа, вестуны закрычаць з надворку, анёлы супакою заплачуць горка;

Апусьцелі дарогі; ня стала падарожнікаў; ён парушыў дагавор, зруйнаваў гарады, — ані ў што ня ставіць людзей.
 
апусцелі дарогі, не стала вандроўнага на сцяжыне, сарваў пагадненне, адкінуў сведкаў, не лічыцца з людзьмі.

Зямля бядуе, сохне; Ліван пасаромлены, завяў; Сарон падобны стаў на пустыню, і аголены ад лісьця свайго Васан і Карміл.
 
Сумуе зямля, вяне, Лібан збянтэжаны змарнеў, Сарон стаўся, як пустыня, а Басан і Кармэль павысыхалі.

Цяпер Я паўстану, кажа Гасподзь, цяпер падымуся, цяпер узьнясуся.
 
«Цяпер паўстану, — кажа Госпад, — цяпер узнясуся, цяпер падымуся.

Вы цяжарныя сенам, разродзіцеся саломаю; дыханьне ваша — агонь, які зжарэ вас.
 
Зацяжарыце вы сенам, народзіце салому; дух Мой, як агонь, паглыне вас.

І будуць народы, як палкая вапна, як сьсечаны ядловец, будуць спаленыя ў агні.
 
І стануцца народы выпаленай вапнай, як зжатыя церні пагараць у агні.

Слухайце, далёкія, што зраблю Я, і вы, блізкія, уведайце магутнасьць Маю.
 
Паслухайце, найдалейшыя, што Я зрабіў, ды пазнайце, найбліжэйшыя, Маю моц!»

Збаяліся грэшнікі на Сіёне; затрымцелі бязбожнікі: «хто з нас можа жыць пры агні пажыральным? хто з нас можа жыць пры вечным полымі?»
 
Грэшнікі на Сіёне спалохаліся, ахапіў жах бязбожнікаў. Хто з вас зможа вытрываць пры пажыраючым агні? Хто з вас вытрымае ў вечным полымі?

Той, хто ходзіць у праўдзе і кажа ісьціну; хто пагарджае карысьлівасьцю ад уціску, стрымлівае рукі свае ад хабару, затыкае вушы свае, каб ня чуць пра кравапусты, і заплюшчвае вочы свае, каб ня бачыць ліха;
 
Той, хто робіць па справядлівасці і гаворыць сумленна, хто адкідае здабыткі з рабавання, хто атрасае рукі свае ад прыняцця хабару, хто затыкае вушы свае, каб не чуць крыві, і заплюшчвае вочы, каб не бачыць ліхоцця,

той будзе жыць на вышынях: прытулак яго — няпрыступныя скалы; хлеб яму дадзены будзе; вада ў яго ня высахне.
 
той будзе жыць на вышынях, умацаванні на скалах — сховішча яго, будзе задаволены хлебам, і вады яму хопіць.

Вочы твае ўбачаць Цара ў красе Ягонай, угледзяць зямлю далёкую;
 
Вочы твае ўбачаць цара ў яго аздобе, убачаць краіну вельмі абшырную.

сэрца тваё будзе толькі згадваць пра жахі: «дзе той, што рабіў перапіс? дзе той, што важыў даніну? дзе той, што аглядае вежы»?
 
Сэрца тваё са страхам будзе пытацца: «Дзе той, што пісаў? Дзе той, што важыў? Дзе той, што лічыў крэпасці?»

Ня ўбачыш больш народу лютага, народу з глухою, неўразумелаю гаворкаю, з моваю дзіўнаю, не зразумелаю.
 
Не ўбачыш ужо народа бессаромнага, народа патаемных невытлумачальных слоў, мовы дзікуноў незразумелай.

Зірні на Сіён, горад сьвяточных сходаў нашых; вочы твае ўбачаць Ерусалім, селішча мірнае, непахісную скінію; слупы яе ніколі ня вырвуцца, і ніводная вяроўка яе не парвецца.
 
Глянь на Сіён, горад нашых святаў! Вочы твае аглядаць будуць Ерузалім, пасяленне бяспечнае, палатку, якую ніхто не зможа перанесці, яе слупы не будуць вынуты вечна, і ўсе вяроўкі яе не парвуцца.

Таму ў вас вялікі Гасподзь будзе замест рэк, замест шырокіх каналаў; туды ня ўвойдзе ніводнае вясельнае судна, і ня пройдзе вялікі карабель.
 
Бо там Магутны Госпад стаіць за нас замест рэк і ручаёў, шырока раскінутых, не даплыве туды карабель веславаны, ані вялізны карабель не пройдзе праз яго.

Бо Гасподзь — судзьдзя наш: Гасподзь — заканадавец наш, Гасподзь — цар наш. Ён уратуе нас.
 
Бо Госпад наш суддзя. Госпад заканадаўца наш, Госпад валадар наш; Ён збавіць нас.

Аслаблі вяроўкі твае, ня могуць утрымаць мачты і напяць ветразі. Тады будзе вялікі падзел здабычы, так што і кульгавыя пойдуць на рабунак.
 
Расцягнуліся вяроўкі твае, не вытрымаюць зла свайго, каб расшырыць ветразі не маглі; тады

І ніводзін жыхар ня скажа: «я хворы»; народу, які там жыве, будуць дараваны грахі.
 
Ніводзін жыхар не скажа: «Я хворы». Народ, які жыве ў ім, атрымае дараванне правін сваіх.