Ісаі 54 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Разьвесяліся, няплодная, неўрадлівая; усклікні і голасам скажы ты, якая ня мучылася родамі; бо ў пакінутай намнога болей дзяцей, чым у замужняе, кажа Гасподзь.
«Узвесяліся, няплодная, якая не нарадзіла, усклікай і крычы, якая не пакутуеш родамі, бо ў кінутай многа дзяцей, больш, чым у той, якая мае мужа, — кажа Госпад. —
Расхіні месца намёту твайго, пашыры покрывы жытлішчаў тваіх; не саромейся, — адпусьці даўжэй шнуры твае і ўцьвердзі калкі твае;
Расшыр прасторы шатра свайго, расцягні сцены сваіх палатак, не шкадуй; папусці даўжэй шнуры свае і калы свае ўмацуй.
бо ты пашырышся направа і налева, і нашчадкі твае завалодаюць народамі і заселяць спустошаныя гарады.
Бо пашырышся ты направа і налева, і патомства тваё возьме ў спадчыну народы, якія абжывуць пакінутыя гарады.
Ня бойся, бо ня будзеш пасаромленая; не бянтэжся, бо ня будзеш у паганьбеньні: ты забудзеш ганьбу маладосьці тваёй і ня будзеш болей згадваць пра няслаўе ўдоўства твайго.
Не бойся, бо не зазнаеш сораму і не пачырванееш, бо не будзе цябе сароміць. Бо забудзешся пра ганьбу маладосці тваёй ды не будзеш больш памятаць пра ганьбу ўдаўства твайго.
Бо твой Творца ёсьць муж твой; Гасподзь Саваоф — імя Яго, і Адкупнік твой — Сьвяты Ізраілеў: Богам усёй зямлі назавецца Ён.
Бо Хто стварыў цябе, будзе жаніхом тваім, імя Яго — Госпад Магуццяў, Адкупіцель твой — Святы Ізраэлеў! Называюць Яго Богам усяе зямлі.
Бо як жонку, пакінутую і скрушлівую духам, заклікае цябе Гасподзь, і як жонку маладосьці, якая была адкінутая, кажа Бог твой.
Бо вось, як жанчыну, кінутую і прыніжаную духам, паклікаў цябе Госпад, ды як да жонкі, у маладосці адпіхнутай, прамаўляе Бог твой.
На кароткі час Я пакінуў цябе, але зь вялікаю літасьцю прыму цябе.
На хвіліну пакінуў Я цябе, ды з вялікай ласкавасцю прытулю цябе.
У гарачцы гневу Я схаваў ад цябе аблічча Маё на час, але вечнаю літасьцю памілую цябе, кажа Адкупнік твой Гасподзь.
У момант гневу адвярнуў Я на хвіліну аблічча Сваё ад цябе, але ў адвечнай міласэрнасці Сваёй пашкадаваў цябе, — кажа Адкупіцель твой, Госпад. —
Бо гэта Мне, як воды Ноя: як Я пакляўся, што воды Ноя ня прыйдуць больш на зямлю, як пакляўся ня гневацца на цябе і не дакараць цябе.
Гэта ў Мяне, як у дні Ноя, якому Я пакляўся, што не ўспушчу больш водаў Ноя на зямлю; так прысягаю, што не буду гневацца на цябе і сварыцца на цябе.
Горы скрануцца і пагоркі пахіснуцца, — а літасьць Мая не адступіць ад цябе, і запавет міру Майго не пахісьнецца, кажа Гасподзь, Які спагадае табе.
Горы бо адступяцца ды ўзгоркі трэсціся будуць, але міласэрнасць Мая не адступіцца ад цябе і не захістаецца прымірэнне Маё, — кажа Госпад, Літасцівец твой. —
Бедная, кіданая бураю, няўцешная! Вось, Я пакладу камяні твае на рубін і зраблю аснову тваю з сапфіраў;
О няшчасны, бурамі кіданы і без аніякай пацехі! Вось, Я пакладу каменні твае на карбункулах; пакладу падмуркі твае на сапфірах;
і зраблю вокны твае з рубінаў і браму тваю — з жамчужын, і ўсю агароджу тваю — з каштоўных камянёў.
зраблю ўмацаванні твае з рубінаў, а брамы твае — з каштоўных камянёў, а ўсю агароджу тваю — з самацветаў.
І ўсе сыны твае будуць навучаны Госпадам, і вялікі спакой будзе ў сыноў тваіх.
Твае дзеці будуць усе вучнямі Госпада, і вялікая згода будзе ў дзяцей тваіх;
Ты ўмацуешся праўдаю; будзеш далёкая ад уціску, бо табе баяцца няма чаго, і ад жудасьці, бо ён не наблізіцца да цябе.
у справядлівасці будзеш угрунтаваны. Будзеш ухаваны ад здзеку, бо не будзеш баяцца, і ад жаху, бо ён не наблізіцца да цябе.
Вось, будуць узбройвацца супроць цябе, але не ад Мяне; хто б ні ўзброіўся супроць цябе, — загіне.
Вось, калі адбудзецца напад, не будзе гэта ад Мяне; хто на цябе нападзе, упадзе насупраць цябе.
Вось, Я стварыў каваля, які разьдзімае жар у агні і робіць прыладу для сваёй працы, — і Я ствараю згубцу на вынішчэньне.
Вось жа, Я стварыў каваля, які раздувае вуглі ў агні ды выцягвае прыладу для сваёй работы; і Я стварыў таксама нішчыцеля на знішчэнне.
Ніякая зброя, зробленая на цябе, ня дасьць посьпеху; і кожны язык, які будзе спаборнічаць з табою на судзе, — ты зьвінаваціш. Гэта спадчына рабоў Госпада, апраўданьне іх ад Мяне, кажа Гасподзь.
Любая прылада, якая выліта супраць цябе, не будзе карыснай. І кожны язык, які спрачаецца з табою, асудзіш: такая спадчына слугаў Госпада і справядлівасць іх ад Мяне», — кажа Госпад.