Ёва 1 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Быў чалавек у зямлі Уц, імя ягонае Ёў; і быў чалавек гэты беззаганны, справядлівы і богабаязны і ўхіляўся ад зла.
У зямлі Уц жыў чалавек на імя Ёў, і быў гэты чалавек шчыры і праўдзівы, які шанаваў Бога і пазбягаў зла.
І нарадзіліся ў яго сем сыноў і тры дачкі.
І нарадзілася ў яго сем сыноў і тры дачкі.
Маёмасьці ў яго было: сем тысяч дробнага быдла, тры тысячы вярблюдаў, пяцьсот пар валоў і пяцьсот асьліц і даволі многа прыслугі; і быў чалавек гэты знакаміты больш за ўсіх сыноў Усходу.
Маёмасць яго была: сем тысяч авечак і тры тысячы вярблюдаў, а таксама пяцьсот пар валоў, і пяцьсот асліц, і шматлікая паслуга; быў ён славуты сярод усіх жыхароў Усходу.
Сыны яго сыходзіліся, ладзілі гасьціны кожны ў сваім доме, у свой дзень, і пасылалі і запрашалі трох сясьцёр сваіх есьці і піць зь імі.
І сыны яго збіраліся і банкетавалі ў дамах — кожны з іх у свой дзень, і пасылалі паклікаць трох сваіх сясцёр, каб яны елі і пілі разам з імі.
Калі ўсчыналася кола бяседных дзён, Ёў пасылаў па іх і асьвячаў іх і, устаючы рана раніцай, прыносіў цэласпаленьне па ліку ўсіх іх. Бо казаў Ёў: можа быць, сыны мае зграшылі і зганілі Бога ў сэрцы сваім. Так рабіў Ёў ва ўсе такія дні.
Калі ж замыкалася кола дзён балявання, пасылаў да іх Ёў і асвячаў іх; і, устаўшы рана, прыносіў цэласпаленні за кожнага з іх. І казаў: «Каб толькі не зграшылі сыны мае і не зняважылі Бога ў сэрцах сваіх». Так чыніў Ёў ва ўсе дні.
І быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць прад Госпадам; сярод іх прыйшоў і сатана.
Але пэўнага дня, калі прыйшлі сыны Божыя, каб стаць перад Богам, быў паміж іх і шатан.
І сказаў Гасподзь сатане: адкуль ты прыйшоў? і адказаў сатана Госпаду і сказаў: я хадзіў па зямлі і абышоў яе.
Спытаў яго Госпад: «Адкуль ты ідзеш?» Той прамовіў у адказ: «Абышоў я кругом зямлю і прайшоў яе скрозь».
І сказаў Гасподзь сатане: ці зьвярнуў ты ўвагу сваю на раба Майго Ёва? бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла.
І сказаў Госпад яму: «А ці звярнуў ты ўвагу на слугу Майго, Ёва, што няма на зямлі падобнага да яго, — [такі] ён шчыры і справядлівы чалавек, які шануе Бога і пазбягае зла».
І адказаў сатана Госпаду і сказаў: хіба задарам богабаязны Ёў?
Прамовіў шатан Яму ў адказ: «Хіба Ёў проста так шануе Бога?
ці ня Ты вакол асланіў яго і дом ягоны і ўсё, што ў яго? Дзеі рук ягоных Ты дабраславіў, і статкі ягоныя шырацца па зямлі;
Ці не абгарадзіў Ты наўкола яго, і дом яго, і ўсю маёмасць яго, ці не дабраславіў працу рук яго, і ці не павялічваецца яго набытак на зямлі?
але працягні руку Тваю і дакраніся да ўсяго, што ў яго, — ці дабраславіць ён Цябе?
Але ўздымі крыху руку Сваю і дакраніся да ўсяго, што ў яго ёсць, — напэўна, будзе зневажаць Цябе перад абліччам [Тваім]».
І сказаў Гасподзь сатане: вось, усё, што ў яго, у руцэ тваёй; толькі на самога не прасьцірай рукі тваёй. І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга.
Тады сказаў Госпад шатану: «Вось усё, што ён мае, — у руце тваёй; толькі на яго не ўздымай рукі тваёй». І адышоў шатан ад аблічча Госпада.
І быў дзень, калі сыны ягоныя і дочкі ягоныя елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго.
І калі аднаго дня сыны і дочкі яго елі і пілі віно ў доме свайго першароднага брата,
І вось, прыходзіць весьнік да Ёва і кажа:
прыбыў пасланец да Ёва, які паведаміў: «Валы аралі, а асліцы пасвіліся паблізу іх,
валы аралі, і асьліцы пасьвіліся каля іх, як напалі Савэяне і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
і [раптам] напалі сабэйцы і пазабіралі іх, а паслугачоў пазабівалі мечам, і ацалеў толькі я адзін, каб паведаміць табе».
Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: агонь Божы ўпаў зь неба і абпаліў авечак і хлопчыкаў і зжэр іх; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
І, калі ён яшчэ гаварыў, прыбыў іншы і сказаў: «Агонь Божы сышоў з неба і папаліў авечак і паслугачоў, і я адзін ацалеў, каб паведаміць табе».
Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: Халдэі сталі трыма атрадамі і кінуліся на вярблюдаў і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
Але калі і гэты яшчэ гаварыў, прыбыў іншы і сказаў: «Халдэі сабралі тры дружыны і напалі на вярблюдаў і пазабіралі іх, а паслугачоў пазабівалі мечам, і я адзін уцёк, каб паведаміць табе».
Яшчэ гэты гаварыў, прыходзіць другі і кажа: сыны твае і дочкі твае елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго;
Яшчэ гаварыў той, — а вось, іншы ўвайшоў і сказаў: «Калі твае сыны і дочкі елі і пілі віно ў доме першароднага брата свайго,
і вось, вялікі вецер прыйшоў з пустыні і ахапіў чатыры вуглы дома, і дом упаў на хлопчыкаў, і яны памерлі; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
раптам паднялася страшэнная бура з боку пустыні і зрушыла чатыры вуглы дома; упаўшы, ён задушыў дзяцей тваіх, і яны памерлі, і ўцёк я адзін, каб паведаміць табе».
Тады Ёў устаў і падраў вопратку на сабе, пастрыг галаву сваю і ўпаў на зямлю і пакланіўся
Тады Ёў устаў, і раздзёр адзенне сваё, і, агаліўшы галаву і ўпаўшы на зямлю, пакланіўся
і сказаў: голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
і сказаў: «Голы выйшаў я з улоння маці маёй і голы туды вярнуся. Госпад даў, Госпад забраў; як Госпаду падабалася, так і сталася: хай будзе імя Госпада дабраславёным».
Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў і не вымавіў нічога неразумнага пра Бога.
І ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі, і нічога неразважнага супраць Бога не прамовіў.