Ёва 34 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І гаварыў далей Эліуй і сказаў:
 
І, працягваючы далей, сказаў Элію таксама наступнае:

выслухайце, мудрыя, слова маё, і прыхілеце да мяне вуха, разважлівыя!
 
«Мудрыя, выслухайце словы мае і, адукаваныя, прыхіліце вушы,

Бо вуха разьбірае словы, як гартань адрозьнівае смак у ежы.
 
бо вуха выпрабоўвае словы, як горла страву на смак распазнае.

Пастановім паміж сабою развагу і распазнаем, што добра.
 
Разбяромся для сябе, што справядлівае, і разгледзім паміж сабою, што лепшае.

Вось, Ёў сказаў: «праўда мая, але Бог пазбавіў мяне суду.
 
Ёў вось сказаў: “Я справядлівы, а Бог пазбавіў мяне суда.

Ці павінен я маніць на праўду маю? Мая рана нявылечная бязь віны».
 
У судзе ж маім — падман. Вялікая рана мая, а я без ніякага граху”.

Ці ёсьць такі чалавек, як Ёў, які п’е глум, як ваду,
 
Хто такі чалавек, як Ёў, які п’е знявагу, як ваду,

уступае ў супольнасьць з тымі, якія чыняць беззаконьне, і ходзіць зь людзьмі бязбожнымі?
 
які крочыць разам з тымі, што чыняць несправядлівасць, і ходзіць нават з людзьмі бязбожнымі?

Бо ён сказаў: няма карысьці чалавеку ў добрым дагодніцтве Богу.
 
Бо ён сказаў: “Няма карысці чалавеку, калі ён чыніць прыязнае Богу”.

Дык вось паслухайце мяне, мужы мудрыя. Ня можа быць у Бога няпраўды, альбо ва Ўсеўладнага неправасуддзя,
 
Дык паслухайце мяне, людзі разумныя! Будзь далёкі ад Бога, о грэх, і беззаконне — ад Усемагутнага.

бо Ён паводле ўчынкаў чалавека робіць зь ім і паводле шляхоў мужа адплачвае яму.
 
Бо за справу чалавека Ён аддасць яму, і паводле шляхоў кожнага верне назад яму.

Праўда, Бог ня робіць няпраўды, і Ўсеўладны не перакручвае суд.
 
Сапраўды, Бог не чыніць ліха і Усемагутны не парушыць суд.

Хто апрача Яго думае пра зямлю? І хто кіруе ўсім сусьветам?
 
Хто даручыў яму зямлю сваю, або хто заснаваў увесь сусвет?

Калі б Ён павярнуў сэрца Сваё да Сябе і ўзяў да Сябе дух яе і дыханьне яе, —
 
Калі б Ён накіраваў да Сябе сэрца яго ды ўзяў да Сябе дух яго і дыханне,

раптам загінула б усякая плоць, і чалавек вярнуўся б у пыл.
 
то прапала б адразу кожнае цела, і чалавек перамяніўся б у парахно.

Дык вось, калі ты маеш розум, дык слухай гэта і ўважай словам маім.
 
Дык калі маеш ты розум, чуў гэта і ўслухаўся ў голас слоў маіх.

Той, хто ненавідзіць праўду, ці можа валадарыць? І ці можаш ты зьвінаваціць Найсправядлівейшага?
 
Няўжо той, хто не любіць праўды, будзе мець уладу? Ці асудзіш ты Найсправядлівейшага,

Ці можна сказаць цару: ты — бязбожнік, і князям: вы — беззаконьнікі?
 
Які скажа цару: “Нягоднік!”, Які можа назваць князёў: “Бязбожныя!”,

Але ён не зважае на асобы князёў і не выдзяляе багатага ад беднага, бо ўсе яны дзея рук Ягоных.
 
Які не глядзіць на асобы князёў і не зважае на багатага, калі ён судзіцца з бедным? Бо ўсе яны — справа рук Яго.

Нечакана яны паміраюць; сярод ночы народ узбурыцца, і яны зьнікаюць; і моцных выганяюць ня сілаю.
 
Неспадзявана паміраюць яны; і сярод ночы ўзрушацца народы, і яны пройдуць, і моцнага выганяць без цяжкасці.

Бо вочы Ягоныя над шляхамі чалавека, і Ён бачыць увесь поступ яго.
 
Бо вочы Яго — над дарогамі людзей, і Ён бачыць усе крокі іх.

Няма цемры, ні ценю сьмяротнага, дзе маглі б схавацца беззаконьнікі.
 
Няма цемры, ані ценю смерці, каб там маглі схавацца тыя, што чыняць несправядлівасць.

Таму Ён ужо не патрабуе ад чалавека, каб ішоў на суд з Богам.
 
Не вызначае Ён больш для чалавека часу, каб той ішоў да Бога на суд.

Ён ламае дужых не разьбіраючы, і пастаўляе іншых на іх месцы,
 
Ён сатрэ магутных без даследавання і замест іх паставіць іншых.

бо ён робіць вядомымі дзеі іхнія і скідае іх уначы, і яны зьнішчаюцца.
 
Паколькі ведае Ён учынкі іх, то прывядзе ноч, — і быць ім знішчанымі.

Ён пабівае іх, як беззаконных людзей, на вачах у іншых,
 
Ён паражае іх, як бязбожнікаў, перад вачамі іншых,

за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не зразумелі ўсіх шляхоў Ягоных,
 
тых, якія быццам бы знарок адвярнуліся ад Яго і не захацелі разумець усіх шляхоў Яго,

так што дайшоў да Яго лямант бедных, і Ён пачуў стогны прыгнечаных.
 
бо ўспрыняў Ён крык няшчаснага і пачуў голас бедных.

Ці даруе ён цішыню, хто можа парушыць? ці хавае Ён аблічча Сваё, хто можа ўбачыць Яго? Ці будзе гэта для народу, альбо для аднаго чалавека,
 
Бо калі Ён будзе ў супакоі, хто асудзіць; а калі Ён схавае аблічча Сваё, хто можа Яго ўбачыць? Будзе гэта для народа і для аднаго чалавека;

каб не цараваў крывадушнік на спакусу народу.
 
хай не валадарыць чалавек бязбожны і не будзе ён пасткай для народа.

Богу трэба гаварыць: «я пацярпеў, больш ня буду грашыць.
 
Калі хто кажа Богу: “Я змушаны быў учыняць, не буду больш грашыць.

А чаго я ня ведаю, Ты навучыш мяне; і калі я ўчыніў беззаконьне, больш ня буду».
 
Пакуль мне бачыць, Ты вучы мяне; калі я зрабіў злачынства, болей не буду”.

Ці паводле тваёй развагі Ён павінен даваць? І што ты адкідаеш, тое табе належыць выбіраць, а ня мне; кажы, што ведаеш.
 
Няўжо табе не будзе адплачана за тое, што ты пагарджаў Ім? Ты ж выбіраць будзеш, а не я; і, калі ты ведаеш штосьці — гавары.

Людзі разумныя скажуць мне, і муж мудры, які слухае мяне:
 
Людзі разумныя скажуць мне, і мудры чалавек, які паслухае мяне:

Ёў неразумна гаворыць, і словы ягоныя бяз сэнсу.
 
“А Ёў неразумна кажа, і словы яго не выяўляюць разважнасці”.

Я хацеў бы, каб Ёў быў выпрабаваны, паводле адказаў ягоных, уласьцівых людзям бязбожным.
 
Ва ўсякім разе, хай будзе Ёў правераны да канца, паводле адказаў людзей няцноты.

Інакш ён да грэху свайго дадасьць адступленьне, будзе пляскаць у ладкі сярод нас і яшчэ болей нагаворыць супроць Бога.
 
Бо ён дадае да грахоў сваіх злачынства, сярод нас пляскае ў далоні, ды яшчэ больш павялічвае свае прамовы супраць Бога».