Ёва 2 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць прад Госпадам; сярод іх прыйшоў і сатана стаць прад Госпадам.
 
І сталася, калі аднаго дня прыбылі сыны Божыя, каб стаць перад Госпадам, між іх прыбыў і шатан, каб стаць перад абліччам Яго.

І сказаў Гасподзь сатане: адкуль ты прыйшоў? І адказаў сатана Госпаду і сказаў: я хадзіў па зямлі і абышоў яе.
 
Спытаў Госпад шатана: «Адкуль ты ідзеш?» Ён у адказ прамовіў: «Абышоў я кругам зямлю і прайшоў яе скрозь».

І сказаў Гасподзь сатане: ці зьвярнуў ты ўвагу тваю на раба Майго Ёва? бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла, і дагэтуль цьвёрды ў сваёй беззаганнасьці, а ты цьвяліў Мяне супроць яго, каб загубіць яго бязьвінна.
 
І сказаў Госпад шатану: «А ці звярнуў ты ўвагу на паслугача Майго, Ёва, што на зямлі няма падобнага да яго. Чалавек ён шчыры і праўдзівы, шануе Бога і пазбягае зла, і да таго ж захоўвае бязгрэшнасць сваю. А ты Мяне намаўляў супраць яго, каб пакараў Я яго ні за што».

І адказаў сатана Госпаду і сказаў: скуру за скуру, а за жыцьцё сваё аддасьць чалавек усё, што ёсьць у яго;
 
Шатан у адказ сказаў Яму: «Скуру за скуру, а за душу сваю аддасць чалавек усё, што мае.

але працягні руку Тваю і дакраніся да косткі ягонай і плоці ягонай, — ці дабраславіць ён Цябе?
 
Накіруй толькі руку Сваю і дакраніся да касцей яго і цела, і тады пабачыш, ці не будзе ён зневажаць Цябе перад абліччам Тваім».

І сказаў Гасподзь сатане: вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу ягоную ашчадзі.
 
І сказаў Госпад шатану: «Вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу яго захавай».

І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга і пабіў Ёва праказаю лютаю ад падэшвы нагі ягонай па самае цемя ягонае.
 
Адышоў тады шатан ад аблічча Госпада, паразіў Ёва самай цяжкай хваробай ад падэшвы нагі аж да цемені яго.

І ўзяў ён сабе чарапічыну, каб скабліць сябе ёю, і сеў у попел.
 
Ён зломкам цэглы саскрабаў сукравіцу, седзячы ў гнаі.

І сказала яму жонка ягоная: ты ўсё яшчэ цьвёрды ў беззаганнасьці тваёй! згань Бога і памры.
 
І сказала яму жонка яго: «Дагэтуль ты трываеш у шчырасці сваёй? Зняваж Бога і памры».

Але ён сказаў ёй: ты гаворыш, як неразумная. Няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а благога ня будзем прымаць? Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі.
 
Той адказаў ёй: «Ты гаварыла, як адна з неразумных жанчын. Калі мы прынялі добрае з рукі Бога, то як жа нам не прыняць злога?» Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі.

І пачулі трое сяброў Ёва пра ўсе гэтыя нягоды, што спасьціглі яго, і пайшлі кожны з свайго месца: Эліфаз Фэманіцянін, Вілдад Савхэянін і Сафар Нааміцянін, і сышліся, каб ісьці разам бедаваць зь ім і суцяшаць яго.
 
Тады трое сяброў Ёва, пачуўшы пра ўсё ліха, што напаткала яго, прыйшлі, кожны са сваёй мясцовасці: Эліфаз Тэманіт, і Балдад Сугіт, і Зафар Нааматыт. І дамовіліся яны, каб разам прыйсці, наведаць яго і суцешыць.

І падняўшы вочы свае здалёку, яны не пазналі яго; і ўзвысілі голас свой і загаласілі; і падраў кожны вопратку на сабе, і кідалі пыл над галовамі сваімі пад неба.
 
І, калі здалёку паднялі яны вочы свае, не пазналі яго, і, ускрыкнуўшы, плакалі, і, раздзёршы адзенне, кідалі парахно над галавою сваёй у неба.

І сядзелі зь ім на зямлі сем дзён і сем ночаў; і ніхто не казаў яму ні слова, бо бачылі, што пакута яго вельмі вялікая.
 
І сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем начэй, і ніхто не гаварыў яму ні слова; бо бачылі, што пакуты яго вельмі вялікія.